«Абітурыенты» Свабоды схадзілі на цэнтралізаванае тэставаньне па некалькіх прадметах і паспрабавалі здаць тэст нават больш простым спосабам за «мэтад тыку». Падвяла мова: каб не яна, можна было б паступаць.
Тэст складаецца па-ранейшаму зь дзьвюх частак: частка А — пытаньні зь пяцьцю варыянтамі адказаў, частка В — пытаньні без гатовых варыянтаў адказаў. У 2019 годзе правілы ЦТ крыху зьмянілі, выніковы бал цяпер залежыць ад таго, наколькі складаным аказалася кожнае пытаньне для ўсіх абітурыентаў.
Мы ставілі паўсюль у частцы А аднолькавы адказ («1» у беларускай мове і фізыцы, «3» у гісторыі Беларусі), частку В не запаўнялі зусім.
Беларуская мова (5 балаў)
Сярэдні бал усіх абітурыентаў — 51,41
У адрозьненьне ад іншых тэстаў, у частцы А заданьняў па расейскай і беларускай мовах магло быць (і было ў значнай частцы пытаньняў) больш за адзін правільны варыянт адказаў. Напрыклад, калі ў шэрагу словаў тры прыметнікі, назоўнік і дзеяслоў, а заданьне — знайсьці прыметнікі, то і крыжыкі трэба было ставіць у трох адказах.
Падобна, гэта сапраўды можа «адсеяць» тых, хто здае ЦТ праз выстаўленьне адказаў у адзін радок: аніводнага пытаньня, дзе варыянт «1» быў бы цалкам правільным адказам, не было, і толькі ў пяці пытаньнях гэта быў часткова правільны адказ. А мінімальны дапушчальны бал у мовах — 10, а значыць, з 5 баламі нікуды не паступіш нават бяз конкурсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтаваўся год — здаў ЦТ на 84 балы, нічога не рабіў — на 50!»Пэўна, тыя 10 балаў можна набраць «на інтуіцыі» або наўздагад — сярод пытаньняў ёсьць нескладаныя. Ды значная частка іх тычыцца ня самых лягічных момантаў афіцыйнага правапісу, выключэньняў з правілаў. Інтуіцыя не дапаможа, напрыклад, са словам «мэнэджар», якое афіцыйным правапісам пісалася то «менеджэр», то «менеджар».
Палітызаваных пытаньняў у тэсьце ня трапілася. Але нават на блянку тэсту па беларускай мове, які трэба запаўняць па-беларуску, на зваротным боку інструкцыя па-расейску, якую па-расейску і зачытваюць абітурыентам.
На самім ЦТ нібы наўмысна падтрымліваецца даволі напружаная атмасфэра. Выкладчыкі паводзяць сябе надзвычай строга. Літаральна пужаюць тым, што нельга, напрыклад, праносіць тэлефоны (як паказала практыка, смарт-гадзіньнікі не заўважаюць), што «абавязкова знойдзецца хтосьці ня з чорным чарнілам у асадцы», што «калі раздамо заданьні, іх трэба пакласьці на край стала,і нельга пачынаць чытаць, пакуль усе не запоўняць шапку блянку адказаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэдні бал на ЦТ па беларускай мове вырас з 36 да 51Атмасфэра напружаньня пагаршалася сьпёкай, кепскай вэнтыляцыяй і чаканьнем: тэст фактычна пачынаецца каля 11.10, а абітурыентаў заклікаюць прыходзіць аж а палове на дзясятую.
Гісторыя Беларусі (16 балаў)
Сярэдні бал усіх абітурыентаў — 50,82
У аўдыторыі ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, якая б лёгка зьмясьціла 250 чалавек, усяго 16 абітурыентаў. Гэтулькі тут вырашылі здаваць гісторыю Беларусі па-беларуску.
Пакуль чакаем пачатку іспыту, экзамэнатары пытаюцца: «Чаму здаяце менавіта па-беларуску?» Самы распаўсюджаны адказ — вучылі па-беларуску ў школе ці з рэпэтытарам. Ва аўдыторыі даволі душна. Вады няма — толькі тая, што абітурыенты ўзялі з сабой.
Па мэтодыцы праверкі сёлетняга ЦТ, якую мы для сябе выбралі, трэба паставіць крыжыкі наўздагад у адно поле ў лінейку і праверыць, колькі ўдасца набраць такім чынам. Тую частку пытаньняў, дзе трэба запоўніць поле адказаў, не чапаем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У наступным годзе мінімальныя прахадныя балы на ЦТ падвысяцьКалі блянкі раздаюць, запаўняем, а ўжо пасьля чытаем пытаньні. Палова тэсту — пытаньні з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Адно заданьне з мапай: трэба вызначыць, якія землі далучыў да княства Гедымін.
Пасьля ВКЛ ідуць пытаньні з Рэчы Паспалітай; далей частка, прысьвечаная пэрыяду ў складзе Расейскай імпэрыі, савецкаму часу і сучаснасьці.
Ёсьць пытаньне пра год абвяшчэньня БНР, нават ня трэба ведаць дзень і месяц. Пытаньні на храналёгію падзеяў. У гісторыі найноўшага часу трапілася пытаньне пра беларуска-расейскі супэркампутар «Скіф», распрацаваны ў пачатку 2000-х.
Падчас здачы блянкаў арганізатараў ЦТ зьдзіўляе, што карэспандэнт Свабоды так хутка справіўся з заданьнем. Праз два тыдні маем вынік — удалося набраць 16 балаў са 100. Гэтага ня хопіць, каб паступіць на гістарычны факультэт, але дастаткова на любую іншую спэцыяльнасьць, дзе для паступленьня патрэбна гісторыя Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалавек здаў ЦТ па кітайскай мове, якой ня ведае, на 34 балыФізыка (28 балаў)
Сярэдні бал усіх абітурыентаў — 51,08
Беларускамоўныя (1 чалавек) здавалі фізыку ў адной аўдыторыі з астатнімі, хто здаваў па-расейску. На таго, хто здае па-беларуску, рэагуюць фразай «А мы вас запомнілі». Атмасфэра ўжо не такая напружаная, як на першых тэстах, але ўсё адно адчуваецца, як над абітурыентам «дамінуюць».
У тэсьце ёсьць заданьні на лёгіку, прычым першае ж — пра тое, якую хуткасьць (яе тут называюць «скорасьцю») паказвае стрэлка на сьпідомэтры электрамабіля.
Але ёсьць і заданьні на веданьне формулаў, некаторыя зь іх даволі экзатычныя, напрыклад работа выхаду электрона з чырвонай мяжы фотаэфэкту (нічога складанага, але ў школе ўжываецца зусім ня часта). Урэшце, быў і своеасаблівы гумар: заданьне пра котку, якая скача на сьвяцільнік («ваганьні коткі і сьвяцільніка не лічыць гарманічнымі»).
На фізыку і хімію дазваляюць прыносіць калькулятары, хоць асабліва складаных вылічэньняў у заданьнях няма. Ды інструкцыі напісаныя так, што пры жаданьні можна было і забараніць калькулятары: нельга праносіць апараты прыёму, перадачы і захоўваньня інфармацыі, а ці ня ўсе сучасныя калькулятары маюць апошнюю функцыю ў шэрагу кнопак «М». Не забаранялі.
Атрыманыя ў выніку выстаўленьня адказаў «1» у радок 28 балаў дастаткова, нават каб паспрабаваць паступіць туды, дзе фізыка — гэта першы профільны прадмет.
Каб толькі можна было здаваць кітайскую замест беларускай... Бо кажуць, што з адказамі «1» у радок па кітайскай мове можна было атрымаць 44 балы. Галоўнае ж — ня ставіць «5» у адзін радок, бо сёлета, здаецца на тэстах па ўсіх замежных мовах сёлета не было ніводнага правільнага адказу «5».