8 ліпеня набыў сілу ўказ прэзыдэнта РФ, які часова забараняе расейскім авіякампаніям выконваць палёты ў Грузію. Як пазьней удакладніў Мінтранс Расеі, забарона на авіязносіны наўпрост паміж дзьвюма краінамі распаўсюджваецца і на грузінскія авіякампаніі.
Апошні прамы рэйс вылецеў з Масквы ў Тбілісі ўвечары 7 ліпеня.
Да забароны рэгулярныя рэйсы паміж РФ і Грузіяй па розных маршрутах ажыцьцяўлялі «Аэрофлот» і яго даччыная кампанія «Победа», а таксама расейскія авіякампаніі S7 Airlines, «Уральские авиалинии», Smartavia (новы брэнд «Нордавиа»), Red Wings і «ЮТэйр» . Акрамя таго, у Расею лёталі грузінскія авіякампаніі Georgian Airways і MyWay Airlines.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Грузіі вачыма беларускі: З расейскіх санкцый сьмяюцца21 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб часовай забароне расейскім авіякампаніям выконваць з 8 ліпеня прамыя рэйсы паміж РФ і Грузіяй. Указ стаў рэакцыяй на антырасейскія пратэсты ў Тбілісі, выкліканыя візытам у Грузію дэлегацыі расейскіх дэпутатаў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што забарона будзе адмененая, калі сытуацыя ў Грузіі нармалізуецца і зьнікнуць «любыя пагрозы для бясьпекі нашых грамадзян».
Расейскі Мінтранс ацаніў страты авіякампаній ад забаронаў на палёты ў Грузію ў тры мільярды расейскіх рублёў (каля 47 мільёнаў даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі прапанавалі арганізаваць бясплатныя аўтобусы для расейцаў з аэрапортаў Баку і Ерэвану ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшая сетка кінатэатраў Грузіі перастала паказваць фільмы па-расейску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Зурабішвілі заклікала расейскіх турыстаў працягваць прыяжджаць у Грузію