Сьледчы камітэт раніцай 4 ліпеня паведаміў у Telegram новыя зьвесткі пра колькасьць пацярпелых ад салюту 3 ліпеня ў Менску: адна загінулая, сама меней 10 параненых аскепкамі.
Паводле СК, выбухаў было чатыры, салютныя ўстаноўкі разбураныя. Крымінальная справа распачатая паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі павышанай небясьпекі»). Вэрсіі здарэньня такія:
- няспраўнасьць салютных установак;
- няспраўнасьць фаервэрачных вырабаў;
- няправільнае зараджаньне салютных установак;
- няправільная эксплюатацыя салютных установак.
Пазьней СК і Мінабароны назвалі асноўнай вэрсію пра няякасныя снарады.
Праца на месцах здарэньняў працягваецца, вымаецца тэхнічная дакумэнтацыя салютных установак і фаервэркаў, дапытваюцца сьведкі і вайскоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркіАдразу пасьля здарэньня сьведкі і экспэрты агучвалі розныя вэрсіі здарэньня.
- Telegram-канал Nexta прывёў камэнтар ананімнага экспэрта, які сказаў, што аскепкі на фота зь месца здарэньня — частка мартыры, а не зараду, таму падобна, што выбух адбыўся ўсярэдзіне салютнай устаноўкі, што магчыма празь кепскую якасьць пораху або няправільна завальцаванае века трубы мартыры. Паводле яго, беларускія вайскоўцы нібыта закупалі кітайскія зарады ў расейскай кампаніі «Пиро-Росс».
- Telegram-канал «Хромой бес» прыводзіць камэнтар чытача, які сьцьвярджае, што «бедныя прапаршчыкі самі цярпелі некалькі разоў» ад тых салютных установак — «казалі, што сырыя», а «талковай дакумэнтацыі не было, ня ведалі, як абслугоўваць».
- Ананімны піратэхнік расказаў Onliner.by, што правілы бясьпекі ў вайскоўцаў, якія запускалі салют, не такія строгія, як у цывільных спэцыялістаў. На ягоную думку, прычынай здарэньня магла быць няправільная загрузка мартыры.
Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Як разьвіваліся падзеі
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.