Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў спрэчкі вакол «закона аб адтэрміноўцы» на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Незалежнасьці.
Паводле Лукашэнкі, «Радзіму, Айчыну павінны абараняць усе, асабліва мужыкі».
«Мы знахабіліся да такой ступені, што на жанчын пачалі перакладаць і гэтую праблему. У Беларусі гэтага быць не павінна! Жанчына павінна адказваць за сваё, а мы павінны забясьпечваць сям’ю і абараняць радзіму, сваю сям’ю і сваю жанчыну», — цытуе кіраўніка Беларусі БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект аб адтэрміноўках ад прызыву ў войска прынялі ў другім чытаньні. Што зьменіцца
«Бедны міністар абароны Раўкоў: яго стапталі ўжо ўздоўж і папярок»
Паводле Лукашэнкі, у інтэрнэце бурна абмяркоўваюцца некалькі тэмаў, у тым ліку папраўкі ў законы, якія тычацца службы ў войску.
«Бедны міністар абароны Раўкоў: яго стапталі ўжо ўздоўж і папярок — ня тое прапанаваў, ня тое вайскоўцы ўнесьлі на разгляд парлямэнту, а тыя нешта там прынялі, а заўтра будзе катастрофа. Так супакойцеся. Прэзыдэнт не паставіў подпіс ні на адным дакумэнце, дзе вы думаеце пра катастрофу».
Праціўнікі новага закона, адзначыў Лукашэнка, у сваіх камэнтарах у інтэрнэце прапануюць падзяліць грамадзтва на нейкія клясы: адны, простыя грамадзяне, будуць абараняць краіну, а іншыя — працаваць, атрымліваць адукацыю, жыць за мяжой, але не ваяваць за Радзіму.
«Я як прэзыдэнт, абдумваючы падкінутую тэму, пачынаю разважаць, мне ж закон падпісваць: а якія ёсьць варыянты, акрамя тых, якія прапісаныя ці будуць прапісаныя ў законе?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога страшнага, закон як закон». Юрыста не пусьцілі ў Канстытуцыйны суд на разгляд закону аб адтэрміноўкахВарыянты ад Лукашэнкі
Паводле Лукашэнкі, ёсьць некалькі магчымых варыянтаў вырашэньня сытуацыі. Адзін зь іх — зьвярнуцца па абарону ў NATO.
«Калі мы моцна папросім, яны нам паабяцаюць. І тыя, якія папісваюць у інтэрнэце, з задавальненьнем бы гэта прынялі. Вы хочаце гэтага варыянту? Я — не».
Іншы магчымы варыянт тычыцца ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі.
«Мы можам папрасіць, каб яны нас абаранялі, — ядзерны парасон, гіпэргукавая зброя і іншае. Ці можам папрасіць і дамовіцца. Я думаю, прынамсі, па першым часе, для нашага пакаленьня хопіць, добра там дзеці — самі няхай разьбіраюцца потым, — саркастычна заўважыў Лукашэнка. — Вы хочаце ў склад Расеі, каб яна нас абараніла? Не. І я не хачу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці было б Беларусі бясьпечней у NATO? Адказы двух экспэртаўЛукашэнка падкрэсьліў, што для беларусаў застаецца трэці варыянт: самім абараняць сябе.
«І тыя, хто папісваюць, так і разважаюць, толькі думаюць, што не яны будуць са стрэльбай хадзіць ад Берасьця да Смаленска, не яны будуць на бронетэхніцы, у самалётах лётаць, абараняючы нашу краіну, а тыя, хто ня можа нікуды паступіць і гэтак далей. Вы хочаце, каб было так? Я — не. Пасьля мяне — калі ласка».
28 чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў папраўкі ў заканадаўства, якія вызначаюць новы парадак даваньня адтэрміновак ад службы ў войску. Законапраект прадугледжвае, сярод іншага, што адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз. Тым жа, хто ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу і ня возьмуць іх на дзяржслужбу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сам не служыў, але ўхваляю. Афіцыёзныя ідэолягі пра «закон аб адтэрміноўцы»