Беларусь разьвітваецца з самым маштабным спартыўным форумам у сваёй гісторыі. Увечары 30 чэрвеня на стадыёне «Дынама» пройдзе цырымонія закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў. Свабода паспрабавала сабраць тое, што беларусам пасьля іх застанецца.
Дзірка ў бюджэце
ІІ Эўрапейскія гульні Беларусі дасталіся праз тое, што ад іх правядзеньня адмовіліся Нідэрлянды (па фінансавых прычынах), а ў Расеі мерапрыемства забралі праз допінгавыя скандалы (Эўрагульні маглі прайсьці ў Казані).
Напачатку кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зьбіраўся правесьці іх усяго за 50 мільёнаў даляраў. Аднак потым сума пачала расьці.
Спачатку ў бюджэце на 2019 год заклалі 140 мільёнаў рублёў, потым агучваліся сумы ў 200 і 240 мільёнаў. У выніку міністар фінансаў Беларусі расказаў, што на Эўрагульні пайшло 540 мільёнаў. Палова з гэтых грошай бюджэтныя, іншая палова — сродкі ад продажу квіткоў і крэдыты. Пакуль незразумела, колькі ў выніку правядзеньне гульняў будзе каштаваць краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альтэрнатыўная рэальнасьць Эўрапейскіх гульняўІнтэрнэт у мэтро
Да правядзеньня ІІ Эўрапейскіх гульняў у Беларусі доўга рыхтаваліся. На чыгуначным вакзале адрамантавалі прыбіральні і павесілі новыя электронныя інфармацыйныя табло. Менскі гарвыканкам набыў сотню новых аўтобусаў з кандыцыянэрамі для гарадзкіх маршрутаў. Таксама абнавілі аўтобусы, якія возяць людзей у Нацыянальны аэрапорт. У сталічным мэтро зьявіўся ўстойлівы інтэрнэт, цяпер сувязь не зьнікае падчас паездкі ў тунэлі.
Усё гэта, верагодна, застанецца і будзе працаваць і пасьля завяршэньня Эўрагульняў. Як і новыя перасоўныя тэлевізійныя станцыі для Белтэлерадыёкампаніі. Верагодна, іх працягнуць выкарыстоўваць для арганізацыі трансьляцыі нацыянальных спартыўных турніраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь патраціла на Эўрагульні ў 5 разоў больш, чым абяцаў ЛукашэнкаСпрэчкі
ІІ Эўрапейскія гульні ў Менску выклікалі дыскусію ў грамадзтве задоўга да іх правядзеньня. Не спыняліся дыскусіі і падчас саміх гульняў, у тым ліку праз непразрыстасьць бюджэту і колькасьці замежных турыстаў. Дыскусійным таксама застаецца ўзровень спартоўцаў, якія наведалі форум.
Відавочна, што размовы пра ІІ Эўрапейскія гульні не спыняцца і пасьля іх завяршэньня. Напрыклад, незразумела на якіх умовах былі атрыманыя крэдытныя сродкі на правядзеньне гульняў. Таксама можна чакаць новых фактаў пра іх арганізацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На недахоп турыстаў не наракаем». Кракаў можа адмовіцца ад Эўрагульняў-2023Палепшаны імідж краіны?
Гэта, бадай, самае дыскусійнае пытаньне. Мэту паказаць сябе Эўропе і сьвету прыхільнікі гульняў агучвалі амаль як самую важную. Але аб’ектыўна ацаніць эфэкт мерапрыемства будзе вельмі цяжка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі падлічылі, колькі іншаземцаў прыехалі ў Беларусь па бязьвізе на Эўрапейскія гульніПакуль толькі зразумела, што замест анансаваных 30 ці нават 40 тысяч замежных заўзятараў у Беларусь прыехала добра калі 10 тысяч. Відавочна таксама, што цікавасьць да форуму з боку замежных спартыўных і не толькі СМІ аказалася абмежаванай. А некаторыя публікацыі адкрыта называлі мерапрыемства прапагандысцкім.