Беларусь і Расея не плянуюць уносіць праўкі ў дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», перадае БелТА заяву міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея.
«Яшчэ ідзе працэс распрацоўкі прапановаў па далейшым паглыбленьні інтэграцыі, — сказаў Макей. — Ніякіх паправак не прадугледжваецца».
Паводле міністра, гаворка ідзе толькі пра выкананьне таго, што ўжо прадугледжана дамовай, але не было выканана з розных прычынаў — ідзе аналіз нерэалізаваных палажэньняў і прапановаў іх рэалізацыі.
Аналітыкі адзначаюць, што ўжо больш як тры месяцы афіцыйныя Менск і Масква ў глыбокай сакрэтнасьці абменьваюцца дакумэнтамі аб пэрспэктывах двухбаковых дачыненьняў. Але іх зьмест зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай, абодва бакі ўсяляк хаваюць іх ад грамадзкасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэканомікі і Нацбанк распавялі, калі могуць увесьці адзіную валюту «Саюзнай дзяржавы»Рэалізацыя дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году, у тым ліку агульныя валюта, суд і мытня – менавіта тое, што ў канцы мінулага году прапаноўваў расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў. Той шэраг прапановаў стаў вядомы як «ультыматум Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка жорстка адмовіў: казаў, «шантажаваць марна», а такога, каб Беларусь «падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею», ніколі ня будзе.
БелТА адзначае, што Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным на цырымоніі закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў — там яны зьбіраюцца абмеркаваць «разьвіцьцё двухбаковых адносінаў, у тым ліку пытаньне паглыбленьня інтэграцыі між краінамі».