Хакеры, якія працавалі на «заходнія спэцслужбы», у 2018 годзе рабілі спробу ўзлому сэрвісаў расейскай кампаніі «Яндэкс», піша Reuters са спасылкай на чатыры неназваныя крыніцы.
У сеткі кампаніі ўсталявалі праграму Regin, з дапамогай якой можна было сачыць за ўліковымі запісамі карыстальнікаў. Гэтая праграма выкарыстоўваецца альянсам спэцслужбаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і Канады, сьцьвярджаюць крыніцы. Аб праграме расказваў у 2014 годзе былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдвард Сноўдэн.
Афіцыйны прадстаўнік «Яндэксу» пацьвердзіў факт атакі, але адмовіўся раскрыць падрабязнасьці — толькі заявіў, што атаку выкрылі «на вельмі раньняй стадыі», праграма была нэўтралізаваная перад тым, як пасьпела нанесьці шкоду і атрымаць доступ да зьвестак карыстальнікаў. Крыніцы ж Reuters кажуць, што хакеры мелі доступ да сеткі кампаніі прынамсі некалькі тыдняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФСБ патрабуе ад «Яндэксу» ключы шыфраваньня перапіскі карыстальнікаўПаводле крыніц Reuters, хакеры маглі «паляваць» на тэхнічную інфармацыю пра тое, як «Яндэкс» ідэнтыфікуе карыстальнікаў, каб пасьля ствараць фіктыўных карыстальнікаў і атрымліваць доступ да перапіскі рэальных людзей.
Выведкі ўсіх краінаў, згаданых Reuters, адмовіліся камэнтаваць гэтыя зьвесткі. Таксама адмовіліся ад камэнтароў у «Лябараторыі Касьперскага» — яна, паводле крыніц, дапамагала «Яндэксу» разабрацца з атакай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яндэкс» зноў выдаў прыватную інфармацыю — цяпер з расейскіх банкаў і транспартных кампаніяў