Палата прадстаўнікоў 28 чэрвеня прыняла адразу ў першым і другім чытаньні законапраект аб амністыі ў 2019 годзе са 104 галасамі «за» і ніводным голасам «супраць», перадае карэспандэнт Свабоды.
Цяпер законапраект мае разглядаць верхняя палата — Савет Рэспублікі. Калі ўхваліць і яна, дакумэнт пойдзе на подпіс Аляксандру Лукашэнку, на даручэньне якога і распрацоўваўся праект.
Паводле міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, на волю праз амністыю выйдуць каля 6 тысяч чалавек, зь якіх 685 — з установаў адкрытага тыпу.
Паведамляецца, што амністыя закране так званыя льготныя катэгорыі грамадзян:
- непаўналетніх,
- цяжарных жанчын,
- бацькоў-адзіночак, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў,
- інвалідаў і невылечна хворых.
Таксама на амністыю могуць разьлічваць тыя, у каго ёсьць заслугі перад краінай:
- вайскоўцы, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях,
- ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
А вось асуджаным за наркотыкі чакаць істотнай амністыі не выпадае. Адказваючы 19 красавіка на пытаньні дэпутатаў пасьля звароту з пасланьнем Лукашэнка заявіў, што ніякай амністыі ня будзе ні для вытворцаў, ні для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. Амністыі для асуджаных паводле наркатычных артыкулаў патрабуе рух «Маці 328». У выніку ў праекце закону прадугледжанае зьніжэньне на 1 год для асуджаных па 1, 2 і 3 частках артыкула 328 (для непаўналетніх — на два гады).
Таксама амністыя ня будзе тычыцца асуджаных за карупцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура: Перагляду спраў па артыкуле 328 ня будзе, чакаецца амністыя на 1 год