Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Рада не Палата? У парлямэнт Украіны балятуюцца трое выхадцаў зь Беларусі


Ва Ўкраіне ў разгары кампанія выбараў у Вярхоўную Раду, якая мае зьмяніць і парлямэнт, і ўрад. Такім чынам завершыцца транзыт улады пасьля абраньня прэзыдэнтам Уладзіміра Зяленскага. Расказваем, як гэта адбываецца і чым адрозьніваецца ад Беларусі.

Датэрміновыя выбары ў парлямэнт Украіны пройдуць 21 ліпеня. Як і па выніках мінулых выбараў, якія пазачаргова адбыліся ў 2014 годзе, сёлета ў Вярхоўнай Радзе застануцца вакансіі — замест вызначаных заканадаўствам 450 дэпутатаў будуць выбраныя 424 — пасьля анэксіі Расеяй Крыму і акупацыі часткі Данбасу дэпутаты ад гэтых рэгіёнаў у парлямэнт не выбіраюцца.

Але, як засьведчыла практыка, скарочаны склад Вярхоўнай Рады асабліва не паўплываў на эфэктыўнасьць яе дзейнасьці — фракцыі пасьпяхова стварылі ўрадавую кааліцыю і ўхвалілі тэрміновыя законы.

Чым ўкраінская Рада адрозьніваецца ад беларускай Палаты

У адрозьненьне ад Беларусі, ва Ўкраіне парлямэнт аднапалатны. Ён фармуецца на падставе зьмяшанай выбарчай сыстэмы — палова ягонага складу (225 дэпутатаў) выбіраецца паводле партыйных сьпісаў, а другая — паводле вынікаў галасаваньня ў мажарытарных акругах (на іх, апроч самавылучэнцаў, могуць балятавацца і прадстаўнікі палітычных партый, якія ня трапілі ў партыйны сьпіс). Пры гэтым палітычныя сілы актыўна выкарыстоўваюць мажарытарны складнік, каб у выніку праходжаньня партыі ў парлямэнт за кошт мажарытарнікаў павялічыць колькасны склад сваёй фракцыі.

Партыі, якія набяруць мінімум 5 адсоткаў галасоў выбарнікаў, праходзяць у парлямэнт і фармуюць у Вярхоўнай Радзе свае фракцыі, а тыя, у сваю чаргу, ствараюць урадавую кааліцыю. У яе мусяць уваходзіць ня менш як 226 дэпутатаў.

Пасьля міжфракцыйных перамоў менавіта парлямэнцкая кааліцыя вылучае кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра і накіроўвае адпаведную прапанову прэзыдэнту — кіраўнік дзяржавы мусіць узгадніць гэтую кандыдатуру і ўнесьці яе на зацьвярджэньне ў Вярхоўную Раду. Прэзыдэнт ня можа адхіліць прапанову кааліцыі. Звальняе кіраўніка ўраду таксама парлямэнт.

У далейшым менавіта прэм’ер-міністар фармуе ўвесь склад ураду і ўносіць для зацьвярджэньня ў парлямэнт кандыдатуры на пасады міністраў. У той жа час і ў прэзыдэнта краіны ёсьць дзьве квоты — ён прапануе кіраўнікоў Міністэрства абароны і Міністэрства замежных спраў.

Фармальна кіраўнік дзяржавы не ўплывае на пэрсанальны склад ураду і наступныя ягоныя рашэньні, але гэта магчыма, як сьведчыць практыка, у выпадках, калі ягоная палітычная сіла мае найбольшую колькасьць галасоў у кааліцыі.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, Кабінэт міністраў Украіны (урад) — найвышэйшы орган у сыстэме выканаўчай улады, які кантралюецца і падпарадкоўваецца Вярхоўнай Радзе.

У Беларусі ўрад прызначаецца і звальняецца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам са згоды Палаты прадстаўнікоў, але часта кіраўнік дзяржавы нават і не пытаецца такой згоды, а ставіць дэпутатаў перад фактам.

Каб атрымаць мандат, трэба заплаціць заклад

Вярхоўная Рада Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота
Вярхоўная Рада Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота

​Ва Ўкраіне для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах прэтэндэнты на дэпутацкі мандат мусіць сплаціць грашовы заклад. Для партыяў ён складае 4,173 мільёна грыўняў (прыблізна 160 тысяч даляраў у эквіваленце), а для мажарытарнікаў — 41,73 тысяча грыўняў (1 605 даляраў у эквіваленце). Заклад вяртаецца толькі пераможцам выбараў.

30 чэрвеня будуць абнародаваныя канчатковыя сьпісы кандыдатаў у дэпутаты і традыцыйна за дзень да галасаваньня прыпыніцца агітацыйная кампанія. Згодна з заканадаўствам, Цэнтральная выбарчая камісія павінна абвясьціць вынікі да 5 жніўня, а да 9 верасьня новы склад парлямэнту мае сабрацца на першую сэсію.

На адно месца ў Радзе прэтэндуюць 13 чалавек

Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны дапусьціла да ўдзелу ў выбарах 21 партыю. За бортам засталіся Камуністычная партыя (судовы працэс аб яе забароне цягнецца ўжо некалькі гадоў) і палітычная сіла Міхэіла Саакашвілі «Рух новых сілаў». У той жа час старшыня ЦВК Тацяна Сьліпачук ня выключыла, што пытаньне аб рэгістрацыі кандыдатаў ад «Руху новых сілаў» можа быць разгледжана паўторна на падставе судовага рашэньня.

На 424 дэпутацкія мандаты прэтэндуюць 5 тысяч 845 кандытатаў, у тым ліку 2 тысячы 674 асобы паводле партыйных сьпісаў і 3 тысячы 171 — мажарытарнікі.

Паводле сацыёлягаў, у новы склад парлямэнту могуць увайсьці ад 6 да 9 партый. Згодна з апошнімі дасьледаваньнямі, праведзенымі Фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» супольна з Цэнтрам Разумкова, партыя новага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» ўтрымлівае лідэрскія пазыцыі — яе гатовы падтрымаць 42,7 % украінцаў, якія ўжо вызначыліся са сваім выбарам і будуць галасаваць.

Другое месца з 10,5 % галасоў займае партыя кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё», а наступныя — «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі (10,2 %), «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнка (9,8 %) і новаствораная палітычная сіла сьпевака Сьвятаслава Вакарчука «Голас» (6,4%).

На мяжы пераадоленьня 5-адсоткавага выбарчага бар’еру партыя «Сіла і гонар» Ігара Сьмяшка (5,2 %) і «Грамадзянская пазыцыя» Анатоля Грыцэнка (4,1 %). Пэрспэктывы іншых палітычных сілаў сацыёлягі лічаць мінімальнымі.

Новыя твары ў бюлетэнях

Па выніках выбараў у 2014 годзе пэрсанальны склад Вярхоўнай Рады істотна абнавіўся — у дэпутаты вылучыліся журналісты, актывісты Рэвалюцыі годнасьці, байцы-добраахвотнікі, якія першымі пайшлі абараняць Украіну на ўсходзе. Сёлета новых пэрсонаў чакаецца яшчэ больш, яшчэ больш журналістаў, спартсмэнаў, юрыстаў. Найбольш іх у сьпісах партыі Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу».

Станоўчым фактарам экспэрты называюць і павелічэньне колькасьці жанчын, якія балятуюцца ў Вярхоўную Раду — сёлета іх 22,51 % ад агульнай лічбы зарэгістраваных кандыдатаў.

Сярэдні ўзрост кандыдатаў складае 42 гады, большасьць зь іх маюць вышэйшую тэхнічную адукацыю.

Прарасейскія сілы мабілізаваліся

Паседжаньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота
Паседжаньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота

​Найменш абнавіліся дзьве партыі, створаныя на парэштках Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча — «Апазыцыйны блёк» і «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё». У прахадной частцы іхных сьпісаў усе дзейныя дэпутаты, якія ў свой час уваходзілі ў найбліжэйшае атачэньне Віктара Януковіча.

«Апазыцыйную плятформу «За жыцьцё» ўзначальваюць Юры Бойка, Вадзім Рабіновіч, Натальля Каралеўская, Сяргей Лёвачкін, Нестар Шуфрыч. Кіраўнік партыі Віктар Медзьвядчук ідзе пад трэцім нумарам. Сьпіс абноўлены колішнім намесьнікам генэральнага пракурора Рэнатам Кузьміным (пад ягоным кіраўніцтвам расьсьледаваліся крымінальныя справы супраць экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Луцэнкі, экс-прэм’еркі Юліі Цімашэнкі, экс-міністра навакольнага асяродзьдзя Георгія Філіпчука, а таксама адноўленая справа супраць экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы аб забойстве журналіста Георгія Гангадзэ). У шэрагі гэтай партыі перайшоў Ільля Ківа (колішні дарадца цяперашняга міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава) і далучылася Нэля Штэпа — экс-мэр Славянску Данецкай вобласьці, якая доўгі час знаходзілася пад арыштам і абвінавачвалася ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Сьпіс «Апазыцыйнага блёку» ўзначалілі дзейныя дэпутаты Яўген Мураеў і Аляксандар Вілкул. У прахадную частку трапілі мэры гарадоў усходніх і паўднёвых рэгіёнаў: мэр Харкава Генадзь Кернэс, мэр Адэсы Генадзь Труханаў, мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка, мэр Запарожжа Ўладзімір Бурак і іншыя.

Як сьцьвярджаюць у ЦВК, сёлета, у адрозьненьні ад мінулых кампаній, у сьпісах амаль няма двайнікоў. Але вядомы пэрсанаж Дарт Вэйдэр, які зьявіўся ва ўкраінскай палітыцы ў 2011 годзе, зноў балятуецца ў Адэсе. Мінулыя кампаніі на выбарах мэраў Адэсы, Кіева, а таксама прэзыдэнта і парлямэнту ў 2014 годзе ён прайграў.

Разам у парлямэнт гэтым разам ідуць і сёстры Саўчанкі — герой Украіны Надзея (пасьля выбараў прэзыдэнта яе вызвалілі з-пад арышту, але абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту зь яе не зьнялі) і Вера. Яны балятуюцца на розных акругах у Данецкай вобласьці ад «Грамадзка-палітычнай плятформы Надзеі Саўчанкі» — партыя ня ўдзельнічае ў выбарах, бо не змагла сабраць неабходныя грошы для аплаты закладу.

Ураджэнцы Беларусі ідуць ва ўкраінскі парлямэнт

Сярод амаль шасьці тысяч прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты вялікая колькасьць выхадцаў з былых рэспублік Савецкага Саюзу і эўрапейскіх краін (Расеі, Казахстану, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Таджыкістану, Узбэкістану, Малдовы, Казахстану, Нямеччыны, Вугоршчыны, Чэхіі, Францыі, і Польшчы), а таксама ЗША.

Паводле заканадаўства, кандыдаты ў дэпутаты не абавязаныя ў дакумэнтах удакладняць месца свайго нараджэньня, але большасьць зь іх гэтую інфармацыю не ўтойвалі. У тым ліку і тры выхадцы зь Беларусі.

Аляксандар Кротаў (яму 55 гадоў, нарадзіўся ў Карэлічах Навагрудзкага раёну Горадзенскай вобласьці) балятуецца шляхам самавылучэньня ў 34-й аднамандатнай выбарчай акрузе з цэнтрам у паселішчы Царычанка Днепрапятроўскай вобласьці. Сам ён жыве ў Дняпры, мае вышэйшую адукацыю, але часова не працуе. Больш інфармацыі пра яго знайсьці не ўдалося, нічога пра яго ня ведаюць і ў арганізацыі дыяспары «Беларусы Прыдняпроўя».

У сваёй перадвыбарчай праграме Аляксанар Кротаў заяўляе, што «ня мае права на памылкі і пралікі», а прыярытэтамі ў сваёй дзейнасьці ён вызначыў сапраўдную дэцэнтралізацыю, стварэньне прафэсійнай арміі і незалежнага правасудзьдзя. Ураджэнец Беларусі таксама лічыць неабходным разьвіваць мэдыцынскае страхаваньне і зьніжаць пэнсійны ўзрост. Каб рэалізаваць сваю праграму, яму давядзецца спачатку абысьці ў колькасьці галасоў 15 сваіх канкурэнтаў, якія таксама балятуюцца на гэтай акрузе.

Уладзімер Шутаў нарадзіўся ў вёсцы Склімін Магілёўскай вобласьці. Яму 63 гады, мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю, пэнсіянэр, непартыйны, жыве ў Кіеве, але балятуецца ў 107-й выбарчай акрузе ў Лісічанску Луганскай вобласьці. Самавылучэнец.

«Кожны раз прыходзяць да ўлады тыя, хто даўно вычарпаў мяжу даверы, тыя, хто на працягу многіх гадоў разбураў Украіну, прыніжаў нас і грэбаваў нашымі інтарэсамі, хто ствараў і ўмацоўваў карупцыю і выкарыстоўваў уладны рэсурс у сваіх карысьлівых мэтах», — так Уладзімер Шутаў патлумачыў свой удзел у выбарах у перадвыбарчай праграме.

Ён перакананы, што органы ўлады трэба ачысьціць ад рабаўнікоў, хабарнікаў і злачынцаў. «Народ Украіны заслугоўвае павышэньня якасьці жыцьця і сацыяльных стандартаў, годных пэнсій і сацыяльных выплат. Трэба памятаць, што чужых дзяцей няма, і нашы дзеці вартыя нармальнага дзяцінства».

Па іроніі лёсу на гэтай жа акрузе ён будзе канкураваць зь яшчэ адным ураджэнцам Беларусі — наймаладзейшым з усіх трох і ўжо палітыкам з досьведам. Эдуард Шчаглакоў нарадзіўся ў 1971 годзе ў Гомлі. Пераехаў у Лісічанск з бацькамі яшчэ ў савецкі час. У гэтым горадзе ён скончыў ліцэй, а пасьля атрыманьня вышэйшай адукацыі вярнуўся ўжо настаўнікам і празь некаторы час стаў працаваць дырэктарам ліцэю. Кар’ера імкліва ішла ўгору і ўжо празь некалькі гадоў ён працаваў намесьнікам начальніка аддзела адукацыі Лісічанскай гарадзкой рады.

Эдуард Шчаглакоў на працоўным месцы ў гарадзкой радзе Лісічанску
Эдуард Шчаглакоў на працоўным месцы ў гарадзкой радзе Лісічанску

У 2006 годзе ў яго была першая спроба трапіць у парлямэнт — паводле сьпісаў «Народнага блёку» Уладзіміра Літвіна. Праўда, у Вярхоўную Раду гэтая палітычная сіла тады не прайшла. Пазьней пэўны час супрацоўнічаў з партыяй Арсенія Яцэнюка «Фронт зьменаў», а цяпер балятуецца ў дэпутаты ад «Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё» Віктара Медзьведчука.

На мясцовых выбарах у 2015 годзе Эдуард Шчаглакоў менавіта ад «Фронту зьменаў» быў выбраны да Лісічанскай гарадзкой рады і з таго часу працуе яе сакратаром. Паводле герархіі, гэта адна з найвыйшэйшых пасад у мясцовай уладзе — у адсутнасьць мэра сакратар гарадзкой рады выконвае ягоныя абавязкі, кантралюе ахову дзяржаўных сакрэтаў і арганізацыю мабілізацыйных і абарончых захадаў.

Эдуард Шчаглакоў мяркуе, што ва Ўкраіне трэба ўвесьці мараторый на пытаньні, якія падзяляюць краіну; спыніць палітыку дыскрымінацыі, ксэнафобіі і радыкалізму. Ён выступае за безумоўнае выкананьне менскіх пагадненьняў, якія, на ягоную думку, дазволяць Данбасу атрымаць аўтаномны статус у межах Украіны. Апроч таго, ён настойвае на неабходнасьці ўхваленьня законаў аб амністыі і аб свабоднай эканамічнай зоне Данбасу, а таксама на аднаўленьні гандлёва-эканамічных сувязяў з Расеяй і краінамі СНД.

Усяго на гэтай акрузе балятуецца 20 кандыдатаў, але толькі двое зь іх дэлегаваныя партыямі — згаданай «Апазыцыйнай плятформай «За жыцьцё» і «Эўрапейскай салідарнасьцю» Пятра Парашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG