Міністэрства абароны Беларусі спадзяецца пасьля прыняцьця законапраекту, які скарачае колькасьць адтэрміновак ад войска, «вырашыць цяжкасьці з прызывам».
Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў заявіў Свабодзе, што менавіта абароннае ведамства прапанавала абмежаваць да адной колькасьць дазволеных законам адтэрміновак ад вайсковай службы ў сувязі з вучобай.
«Так, гэта адна з прапаноў Міністэрства абароны, якая прапрацоўвалася сумесна зь іншымі зацікаўленымі ведамствамі. Але падкрэсьлю, што прапанова яшчэ не прынятая, яшчэ абмяркоўваецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адтэрміноўку ад войска для вучобы ў Беларусі сабраліся даваць толькі адзін разШто ў законапраекце?
Паводле дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, Саветам Міністраў у тэрміновым парадку быў унесены праект, разьлічаны на прыняцьце ў двух чытаньнях цягам бягучай сэсіі зьменаў у парадак прызыву на тэрміновую службу.
Законапраект прадугледжвае, што адтэрміноўку ад вайсковай службы будуць даваць толькі адзін раз для тых, хто вучыцца на вочнай форме адукацыі:
- сярэдняй спэцыяльнай,
- прафэсійна-тэхнічнай,
- першай ступені вышэйшай (бакаляўрыят).
Адтэрміноўкі ня будзе для навучаньня ў магістратуры або асьпірантуры (выключэньне — калі на навучаньне накіроўваюць дзяржаўныя органы).
Тым, хто ня пройдзе вайсковую службу без законнай падставы, зьбіраюцца адмаўляць у прыёме на дзяржаўную службу, у органы ўнутраных справаў, фінансавых расьсьледаваньняў і надзвычайных сытуацыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэтыцыю за адтэрміноўкі студэнтам ад войска за гадзіну падпісалі больш за 3000 чалавекЧым выкліканыя такія прапановы?
Паводле палкоўніка Ўладзімера Макарава, цяпер каля 80% прызыўнікоў маюць права на вызваленьне ці адтэрміноўку ад службы, што спараджае цяжкасьці з прызывам. Гэтая праблема абмяркоўвалася шмат разоў і апошні раз на нарадзе ў Савеце бясьпекі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася ў лютым, нагадаў палкоўнік Уладзімер Макараў. На той нарадзе абмяркоўваліся як прапанова зьнізіць да адной колькасьць адтэрміновак ад службы ў сувязі з вучобай, так і захады дзеля «павышэньня матываванасьці для праходжаньня тэрміновай вайсковай службы і стымуляваньня ўзорнай вайсковай працы».
Кіраўнік прэсавай службы Мінабароны сказаў, што частка гэтых прапаноў ужо рэалізаваная. «Прыкладам, з 1 студзеня падвышанае больш як удвая грашовае ўтрыманьне вайскоўцаў тэрміновай службы, ужо прынята рашэньне аб падвышэньні з будучага году ў 15 разоў грашовага ўтрыманьня для вайсковаабавязаных, якіх прызываюць на вайсковыя зборы», — пералічыў зробленыя захады Ўладзімер Макараў.
Палкоўнік Уладзімер Макараў пры гэтым спасылаецца на 57-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі, што абарона Беларусі ёсьць «сьвяшчэнным абавязкам грамадзяніна Беларусі».
«Назваў бы гэта пытаньнем сацыяльнай справядлівасьці. Маецца супярэчнасьць паміж дэкляраваным абавязкам і рэальным станам рэчаў, калі значная частка грамадзян ня ўдзельнічае. Зразумела, што ўсе адтэрміноўкі па стане здароўя і па сямейных абставінах будуць захаваныя», — сказаў Уладзімер Макараў.