Каманда сайта Say.by паведаміла ў прэс-рэлізе пра пляны раздаць 30 тысяч папяровых буклетаў з ангельска-беларускім размоўнікам гасьцям Эўрапейскіх гульняў у Менску. 10 тысяч хочуць раздаць у гатэлях і кавярнях, 20 тысяч — у аэрапорце, на вакзале і ў спартовай вёсцы.
Перш за ўсё размоўнік вучыць вітацца: на вокладцы заклікае «Say Hi in BY». Але ў ім ёсьць ня толькі вітаньні або словы падзякі, а і просьбы дапамагчы і падказаць. Фразы падаюцца на ангельскай мове, пераклад на беларускую — кірыліцай і трансьлітарацыяй (паводле савецкіх правілаў, якімі карыстаюцца, напрыклад, пры перадачы імёнаў у пашпартах).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі кожны восьмы квіток на Эўрапейскія гульні купіў іншаземецРазмоўнікі можна таксама бясплатна ўсталяваць на смартфоны – ёсьць вэрсіі для Android і iOS. У праграме 500 выразаў, агучаных мужчынскім і жаночым галасамі.
Say.by дазваляе праз сайт або мабільную праграму (Android, iOS) знайсьці крамы, кавярні і запраўкі, якія прапануюць абслугоўваньне па-беларуску.
Над размоўнікам працавала студыя Gavarun.by, якая звычайна агучвае фільмы і сэрыялы (спраўджваў пераклад супрацоўнік дзяржаўнага Інстытуту мовазнаўства) — цяпер яны зьбіраюць грошы на агучваньне па-беларуску дзіцячага мультсэрыялу, які хочуць бясплатна апублікаваць на Youtube.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хамф» па-беларуску: каб выкласьці перакладзеныя мульцікі бясплатна, зьбіраюць грошы