23 чэрвеня ў Кіеве шосты раз пройдзе Марш роўнасьці «КіеўПрайд-2019», якім завершыцца «тыдзень талерантнасьці».
Сёлета мерапрыемствы праходзяць пад лёзунгам «Наша традыцыя — гэта свабода», асноўная тэма — «Свабода. Еднасьць. Барацьба».
Традыцыйна на прайд у сталіцу Ўкраіны едуць і беларусы. Андрэй Завалей, каардынатар кампаніі «Справа Пі» — у ліку запрошаных. Ён выступіць зь лекцыяй пра сытуацыю з ЛГБТ-супольнасьцю ў Беларусі.
«Я буду распавядаць пра тое, якую мы выбіраем стратэгію, што мы робім, як дзейнічаем у беларускіх рэаліях, у вельмі далікатнай сытуацыі, калі праблема замоўчваецца на ўсіх узроўнях і няма ніякага публічнага дыскурсу, дзяржава тэму ЛГБТ ігнаруе.
Тры гады таму з-за аднаго слова „п...р“ быў забіты Міша Пішчэўскі. Ёсьць такая стратэгія, якая называецца „рэапрапрыяцыя мовы варожасьці“. І ангельскае слова „queer“ першапачаткова было моцнай абразай, але супольнасьць прыняла гэтае слова і пачала выкарыстоўваць як сваю ідэнтычнасьць, і цяпер „квір“ — гэта ўжо акадэмічны тэрмін, гэта цэлы дыскурс. Тое самае я хачу рабіць з „п...рам“ у нашым кантэксьце. І пра гэта буду прамову чытаць», — сказаў Свабодзе Андрэй Завалей перад выправай у Кіеў.
Стаўленьне беларускіх уладаў да ЛГБТ
Беларускія чыноўнікі ня раз дапускалі абразьлівыя выказваньні на адрас сэксуальных меншасьцяў. У праграме на тэлеканале АНТ «Нічога асабістага» тагачасны міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў:
«Існуе пэўная катэгорыя грамадзян, якіх я, — прабачце за слэнг, гэта мой тэрмін, мая дэфініцыя — называю „дзіравыя“. Некаторыя зь іх зрабілі сабе адтуліны ў тых месцах, якія прыродай не прадугледжаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС зноў адрэагавала на вясёлкавы сьцяг на брытанскай амбасадзе, зьвязала з ростам пэдафілііНекаторыя гэтыя адтуліны выкарыстоўваюць не па прызначэньні. А некаторыя — сапраўды дзірка. У адукацыі, выхаваньні, культуры, інтэлекце».
Аляксандар Лукашэнка ў дачыненьні да эўрапейскіх палітыкаў у 2012 годзе ўжываў словы «блакітныя», «ружовыя», «галубятня».
Чаму ў Менску няма ЛГБТ-акцый
Пры канцы 1990-х, на пачатку 2000-х беларуская ЛГБТ-супольнасьць спрабавала афіцыйна зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю, ладзіла пікеты. Цяпер такая дзейнасьць фактычна сышла ў падпольле. Некаторыя былыя актывісты — Эдуард Тарлецкі, Сяргей Андросенка — зьехалі за мяжу, іншыя абралі стратэгію «не высоўвацца». Некаторыя ў няпростых беларускіх рэаліях спрабуюць штосьці рабіць, кажа Андрэй Завалей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь трапіла ў сьпіс небясьпечных краінаў для гей-падарожжаў«Калі ў краіне наагул няпростая сытуацыя са свабодай сходаў, то з ЛГБТ-супольнасьцю справа яшчэ горш. Раней спрабавалі праводзіць нейкія публічныя акцыі. Цяпер усё закансэрвавана.
І прыкладна з 2013 году была абраная іншая стратэгія — сыход у культуру, асьветніцкую дзейнасьць. То бок у нас няма публічных праваабарончых мерапрыемстваў, мы ня ладзім шэсьці, пікеты, але мы праводзім лекцыі, асьветніцкія імпрэзы, каб даносіць да людзей інфармацыю, каб самі прадстаўнікі ЛГБТ мелі прастору для абмеркаваньня сваіх праблем. У нас проста фокус ссоўваецца — з традыцыйнага заходнеэўрапейскага грамадзянскага дыскурсу на асьветніцкую працу і культуру», — тлумачыць Андрэй Завалей.
Паводле арганізатараў Маршу роўнасьці «КіеўПрайд-2019», сёлета ў імпрэзе возьмуць удзел да 10 тысяч чалавек, якія адкрыта выказваюць сваю падтрымку ЛГБТ-супольнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлапец адседзеў 3 сутак пасьля аблавы ў клюбе, які наведваюць ЛГБТ-людзі. І не разумее, за што