Учорашнія школьнікі раяць не займацца лухтой на нудных уроках і зладзілі натхняльную імпрэзу пра самаадукацыю.
На «EduMinsk: Беларускі тыдзень самаадукацыі» яны сабралі 200 чалавек, запрасілі ў сьпікеры сузаснавальніка EPAM, кіраўніка банку і сваіх сяброў.
З кім мы размаўляем
- Аляксандар Гайшун, 17 гадоў, скончыў школу № 64 у Менску, паступіў у IB School у Оксфардзе, заснавальнік ProgressUP.
- Максім Багдановіч, 17 гадоў, скончыў гімназію № 4 у Менску, першы курс ва ўнівэрсытэце Гарварду.
- Максім Скараходаў, 17 гадоў, скончыў школу № 37 у Менску, рыхтуецца паступаць у Savannah College of Art and Design, будзе вывучаць Branded Entertainment, заснавальнік ProgressUP.
- Мікіта Вушаў, 19 гадоў, скончыў Ліцэй БДУ і другі курс факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Заснавальнік праектаў «Вандровар» і «Атлянтыда».
«Няважна, дзе вы вучыцеся — у Гарвардзе ці БДУ: веды вам ніхто ў галаву не пакладзе»
Канфэрэнцыю, кажуць хлопцы, арганізавалі хутка. Ужо некалькі гадоў яны ладзяць такія зборкі для сяброў і аднагодкаў. А галоўнае — самі добра ведаюць, чаго хочуць.
«На першым курсе ў Гарвардзе я ніяк ня розьніўся ад іншых студэнтаў і асабліва не задумваўся пра гэта. Хоць усе мае сябры там сканчвалі школы, дзе бацькі плацілі сотні тысяч даляраў за 4 гады, і мелі настаўнікаў з унівэрсытэтаў. Гэта зусім іншы ўзровень, чым звычайная беларуская гімназія, — кажа Максім Багдановіч. Ён дадае, што калі ўрэшце задумаўся, як так атрымалася, захацелася аддзячыць усім сваім сябрам і супольнасьці за тое, што мае.
Максім вырас у звычайнай менскай сям’і. Для вучобы ў Гарвардзе ўнівэрсытэт даў яму фінансавую дапамогу. Гэта адзін з падставовых прынцыпаў дзеяньня ўнівэрсытэту — даць магчымасьць людзям з рознымі прыбыткамі атрымліваць годную адукацыю.
«Адна рэч, якую я дакладна даведаўся за гэты год: ня важна, дзе вы навучаецеся — у Гарвардзе, БДУ ці ў звычайнай гімназіі — усе веды, якія вы сапраўды будзеце пасьля выкарыстоўваць, вы атрымаеце самастойна і ніхто вам іх у галаву не пакладзе. Мы вырашылі прысьвяціць зборку вось гэтай думцы, гэтай ідэі».
Пра тое, што ідэя самаадукацыі актуальная, падрабязна патлумачылі «дарослыя» экспэрты на дыскусіі «Будучыня беларускай адукацыі». Праўда, гаварылі больш пра цяпершчыну і мінуўшчыну.
«Адукацыі ў нас у краіне няма. Ёсьць трошкі падрыхтоўкі кадраў... Ёсьць трошкі выхаваньня, у асноўным ідэалягічнага. І ёсьць татальнае навучаньне, якое апісваецца пушкінскімі словамі „мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь“», — казаў філёзаф Уладзімер Мацкевіч.
«Я тут як бацька-практык», — амаль жартуе сузаснавальнік EPAM Леанід Лозьнер, які цяпер падтрымлівае мноства адукацыйных праектаў. Сам ён лічыць, што недафінансаванасьць сыстэмы адукацыі вызначае яе спэцыфіку. Апісвае, як у апошнія гады беларуская моладзь перацякае ў сфэру IT, бо тая абяцае нармальны заробак.
«Ці ня здарыцца тое, што адбылося з Дэтройтам, які быў горадам квітучай аўтамабільнай індустрыі, а цяпер горад-банкрут?» — задаецца ён пытаньнем.
«Дзяржаве трэба настаўнікі і дактары за 400 рублёў і хакеісты за 20 000»
Дзяржава, бізнэс, сацыяльная сфэра ствараюць попыт на веды, — тлумачыў старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» і мэцэнат Віктар Бабарыка. Для моладзі, якая прыйшла паслухаць разумных дарослых, у яго дзьве навіны: добрая і кепская. Свой аналіз беларускай адукацыі банкір пачынае з кепскай: на 80% эканамічна і сацыяльна запыт на веды складае дзяржава.
«І гэты запыт фармулюецца і дасягаецца цалкам, — мацнее ў голасе Бабарыка. — Беларусі разумныя людзі не патрэбныя. Гэта сто працэнтаў так! Ім трэба дактары, якія каштуюць 400 рублёў, настаўнікі, якія каштуюць 400 рублёў, і хакеісты за 20 тысяч рублёў!»
Добрая навіна, на думку банкіра, наступная: «Нам гэта падабаецца». «Нам прасьцей стаць доктарам за 400 рублёў, настаўнікам за 400. Хакеістам за 20 тысяч стаць складаней, таму хакеістаў нашмат менш», — заключае ён.
Арганізатары канфэрэнцыі быць «настаўнікамі за 400», відавочна, не захацелі. І пакуль у іх атрымліваецца.
«Мяне да 9-й клясы моцна раздражняла, што я мушу хадзіць у школу, адседжваць там урокі. Але я стаў прыносіць на заняткі свае кнігі, чытаў пра бізнэс у свабодны час. Пасьля гэтага перастаў ставіцца да школы як да чагосьці прымусовага», — кажа Аляксандар Гайшун.
Беларуская школа занадта «зацыкленая» на настаўніку, мяркуе Максім Скараходаў.
«Былі выкладчыкі, якія не цягнулі, шмат пераходзілі на пэрсаналіі, эмоцыі. З гэтай прычыны мне было абсалютна нецікава, і шмат якія прадметы я не хацеў вучыць, бо судзіў пра іх па выкладчыку, — кажа Максім. — Таму, калі ў інтэрнэце ёсьць курсы ад найлепшых выкладчыкаў, то так прасьцей і цікавей даведацца штосьці».
«Праблема ў тым, што прадукт, у якім зацікаўленыя людзі, якія кіруюць сыстэмай адукацыі, — ня тое, што мы хочам бачыць, — кажа Максім Багдановіч. — Мы хочам бачыць актыўных, дынамічных, апантаных у тым ліку навучаньнем людзей. Якія потым пойдуць і будуць ствараць кампаніі, проста рабіць нашую краіну лепшай».
Наяўнай сыстэме проста патрэбныя людзі, якія будуць падтрымліваць далей яе існаваньне.
«Тыя людзі, якіх мы хочам бачыць, ня будуць гэтага рабіць. Таму ёсьць канфлікт паміж тым, на што накіраваная нашая адукацыя, і тым, на што накіраваныя мы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тут і там. Чаму беларуска паехала вучыцца ў Кітай, а кітаец прыехаў у Беларусь«Ня ныйце!»
«Калі ты будзеш скардзіцца, што ў цябе настаўнікі ня надта, гэта нічога ня дасьць, — перакананы Аляксандар Гайшун. Хлопец лічыць, што ў Беларусі зашмат людзей, якія проста скардзяцца і самі нічога ня робяць.
«Ня ныйце! — раіць будучы бізнэсмэн Аляксандар. — Выкарыстоўвайце тых настаўнікаў, якія ёсьць, і самаадукоўвайцеся. У кожнай школе, на мой досьвед, ёсьць хоць бы 1-2 добрыя настаўнікі, якія могуць даць прадмет. Але трэба да іх падысьці і растлумачыць, якія веды ты жадаеш атрымаць».
Максім Багдановіч нават прысьвяціў гэтай ідэі свой выступ. Ён кажа, што яму і ягоным сябрам было б вельмі проста атрымліваць добрыя адзнакі за базавы набор ведаў, але іх саміх гэта не задавальняла.
«Калі ў вас ёсьць нейкія праблемы з адукацыяй, ня справа міністра адукацыі гэта вырашыць. Гэта ня справа дырэктара вашай школы, ягонага намесьніка ці настаўніка, — перакананы ён. — Гэта вашая справа!»
Вам 15 год і ў вас сумны ўрок ангельскай мовы? — пытаецца Максім. — Падыдзіце да настаўніка і скажыце, што вучыцеся на Khan Academy, каб разумець матэматыку. Прапануйце яму паглядзець на ўроку відэа па гісторыі Англіі і папрасіце патлумачыць, як яго найлепш зразумець.
«Калі вы падышлі сто разоў і вам сказалі „не“, тады вы можаце здавацца», — упэўнены хлопец.
«Трэба пазбавіцца стэрэатыпу, што важна толькі тое, што ты скончыш школу, паступіш ва ўнівэр, атрымаеш дыплём, — кажа Мікіта Вушаў. — Дыплём і адзнакі важныя ў пэўнай ступені, але калі яны атрыманыя проста таму, што ўзровень групы слабы, то стасоўна патрабаваньняў сучаснага сьвету гэта ня будзе нічога варта».
«Беларускамоўны хлопец у Гарвардзе — гэта лякальны вынас мозгу»
Хлопцы кажуць, што сапраўды шмат чаму патрэбнаму мусілі вучыцца самі.
«Я вывучыў ангельскую мову з нуля да сярэдняга ўзроўню за тры месяцы, — згадвае Аляксандар Гайшун. — Зразумеў, што мне гэта трэба, знайшоў на YouTube пару каналаў, купіў падручнік. Мне дзіўна, што людзі апраўдваюцца тым, што ў іх кепскі настаўнік. Я такім апраўдвацца ня буду. Ты чалавек, якому гэта трэба, — дык вазьмі гэта і вывучы».
Задарма цяпер можна вывучыць што заўгодна, перакананы Максім. Калі табе цікава.
«У 8-м клясе мне было цікава на Buzzfeed глядзець відосы кшталту „які самы вялікі яблык у сьвеце“. І там словы былі велізарнымі літарамі на саміх відосах, ня трэба было субтытраў. Так я пачаў вывучаць ангельскую мову», — кажа ён.
«Вось вы пытаецеся, якія навыкі патрэбныя, а не яны патрэбныя. Вам трэба жаданьне! — кажа Максім Багдановіч. — Апроч жаданьня зусім нічога ня трэба! Вось Мікіта Вушаў апантаны праблемай беларускай мовы. Ён стварыў зь сябрамі праект „Атлянтыда“, і цяпер ёсьць людзі, для якіх ён прапагандуе беларускую мову і культуру».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі пернікамі завабіць выпускнікоў замежных ВНУ на радзіму?«У нашай краіне няшмат рэчаў, якія могуць натхніць, — кажа сам Мікіта Вушаў. — Ня так шмат бізнэсаў, каб школьнік мог зразумець, што калі я буду працаваць, то ў мяне будзе клясны бізнэс, мільёны даляраў».
Самога Мікіту найбольш натхнялі людзі. Напрыклад, такія, як Максім Багдановіч.
«Калі я пабачыў, што беларускамоўны хлопец паступіў у Гарвард, для мяне гэта быў лякальны вынас мозгу, — сьмяецца Мікіта. — Ён апавядаў на варштаце, што ёсьць рэсурс, дзе ўся амэрыканская матэматыка. Я паказаў яго дома малодшаму брату, і той пабачыў рэальны прыклад, што можна падрыхтавацца да амэрыканскага іспыту крок за крокам».
«Як пракачаць сябе з пункту гледжаньня адукацыі? Шукаць актыўных людзей і зь імі тусавацца», — раіць Мікіта Вушаў.
«Знайдзі тое, што цябе цікавіць — фатаграфія, дызайн, арганізацыя падзеяў, ды што заўгодна — і факусуйся на гэтым, — кажа Максім Скараходаў. — Пакуль ты сядзіш і гаворыш: „Як жа сумна“, ты мог бы на Khan Academy нешта адкрыць і займацца самастойна тым, што табе цікава. Калі цябе ад гэтага расьпірае, гэта прынясе табе досьвед, асалоду і разьвіцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ілюзіяў не было». Беларуска пра шлях ад петрыкаўскай школы да намесьніцы дырэктара Globsec