Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ілюзіяў не было». Беларуска пра шлях ад петрыкаўскай школы да намесьніцы дырэктара Globsec


Алена Кудзько
Алена Кудзько

Алена Кудзько — намесьніца дырэктара славацкага Інстытуту палітыкі Globsec, адказная за дасьледаваньні. Яна займаецца пытаньнямі эўрапейскай бясьпекі, міграцыі і рэгіёнам Усходняй Эўропы. Сярод іншага, арганізацыя Globsec штогод ладзіць адну з найбуйнейшых у сьвеце канфэрэнцыяў у пытаньнях бясьпекі. Яе ўдзельнікамі былі Джон Маккейн, Мадлен Олбрайт, Зьбігнеў Бжэзінскі, прэзыдэнты і прэм’ер-міністры большасьці краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

На сёлетнім Форуме глябальнай бясьпекі ў Браціславе Алена Кудзько расказала Радыё Свабода пра тое, як цяпер глядзяць на Беларусь эўрапейскія палітыкі і дасьледнікі, а таксама пра свой шлях ад алімпіяды ў беларускай мове праз вучобу ў Менску, Таліне, Будапэшце і Каліфорніі.

«Дагэтуль памятаю сцэны з "Чарнобыльскай малітвы"»

— Петрыкаў, дзе я вырасла, афіцыйна не Чарнобыльская зона, але ўсё навокал трапляе ў зону. У школе нас рэгулярна правяралі на рак шчытавіцы. Бацькі расказвалі, што ў мясцовай радзільні дзяцей адразу правяралі — ці ўсё ў іх на месцы, пералічвалі рукі-ногі. І ўвогуле людзі мелі шмат праблемаў са здароўем.

Школа №2 у Петрыкаве, дзе вучылася Алена
Школа №2 у Петрыкаве, дзе вучылася Алена

Нам сказалі ў школе: «Чытайце "Чарнобыльскую малітву"», а я была сур’ёзная дзяўчынка і чытала ўсё, што задавалі. Дагэтуль памятаю сцэны з «Чарнобыльскай малітвы» — як там людзі паміралі, як скура аблазіла. Кніга мяне вельмі ўразіла, таму я была вельмі радая, калі Сьвятлане Алексіевіч далі Нобэлеўскую прэмію.

Сэрыял HBO «Чарнобыль» я яшчэ не глядзела, але яго цяпер шмат абмяркоўвалі, таму трэба паглядзець. Людзі ў Эўропе нават асабліва ня ведаюць, што Беларусь была закранутая Чарнобылем. Калі я кажу, што ў нас паўкраіны пацярпела, усе вельмі зьдзіўляюцца.

Я размаўляла з тымі, хто тут паглядзеў сэрыял, і Беларусь як тэма ім не запомнілася. Яны больш былі ўражаныя тым, як працавала савецкая сыстэма, што рабілася пасьля катастрофы.

«Нават ня марыла, што змагу трапіць у ліцэй БДУ»

— Я з расейскамоўнай сям’і. Цікавілася беларускаю моваю, але значна больш матэматыкай. У мяне быў канфлікт з настаўніцай беларускае мовы. Я падгаварыла сваіх аднаклясьнікаў не зьявіцца на нейкую афіцыйную падзею, бо мне там нешта падалося несправядлівым. Але мой тата быў дырэктарам школы, у якой я вучылася, а мама — настаўніцай. І дома мне за гэта вельмі дасталася. Мне сказалі: «Што за сабатаж такі ў школе? Пойдзеш на алімпіяду па беларускай мове».

Давялося ісьці на беларускую алімпіяду замест матэматычнай. Ты пачынаеш са школы, а калі займаеш першае месца, дык ідзеш на раённую і гэтак далей. Закончылася гэта ў Менску, і закончылася вельмі добра, бо ў 2004-м я перамагла на агульнанацыянальнай алімпіядзе і мяне ўзялі без экзамэнаў у ліцэй БДУ. Я да таго нават ня марыла, што змагу трапіць туды — зь Петрыкава, здаецца, увогуле толькі тры чалавекі за ўвесь час туды ўзялі.

Выпускны ў ліцэі БДУ, 2006 год:

Потым быў сам Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт міжнародных адносін са спэцыялізацыяй «сучасныя замежныя мовы». Я вывучала ангельскую, нямецкую і габрэйскую, але з іўрыту нічога ўжо ня памятаю. Шкада, што ня маю магчымасьці ўжываць гэтую мову на працы ці ў жыцьці.

«У Штатах можаш паступіць ва ўнівэрсытэт, а потым вырашыць, што будзеш вывучаць»

— Калі вучылася ў БДУ, я была на гадавой праграме студэнцкага абмену, якая фінансуецца Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША. Трапіць туды было вельмі цяжка — на той час бралі пяць чалавек зь Беларусі. У 2009 годзе, пасьля трэцяга курсу ў БДУ, я атрымала гэтую стыпэндыю, але праблема была ў тым, што я вучылася «на бюджэце». Ва ўнівэрсытэце мне казалі: «Ты можаш ехаць, але мы цябе выкідаем зь бюджэтнага. Калі хочаш, потым паступай наноў ці ідзі на платнае».

Але мае бацькі ня мелі змогі на платную адукацыю для мяне, а Мінстэрства адукацыі не падпісала мой запыт на акадэмічны адпачынак.

Мне падказалі крэатыўнае выйсьце. Мая бабуля цяпер ужо памерла, а тады ёй было 87 гадоў. Яна была яшчэ вельмі бадзёрая для свайго ўзросту, але выявілася, што я мела права ўзяць акадэмічны адпачынак на год, каб даглядаць за бабуляй. Я ўзяла даведку са шпіталю, што бабуля ўжо старая і што яе трэба глядзець. Так я атрымала дазвол і «даглядала» за бабуляй у ЗША.

Падчас вучобы ў ЗША
Падчас вучобы ў ЗША

— Ва ўнівэрсытэце штату Каліфорнія ў Бэйкерсфілдзе я вывучала паліталёгію. Але ў нас, калі ты паступаеш, ужо ў 15 гадоў мусіш ведаць, што хочаш рабіць, і рыхтавацца да тэстаў. У 15 гадоў большасьць гэтага яшчэ ня ведае. За што я вельмі паважаю амэрыканскую сыстэму — у Штатах ты можаш паступіць ва ўнівэрсытэт, а потым вырашыць, што будзеш вывучаць. Плюс яшчэ ты можаш вучыць нешта, акрамя асноўнай спэцыяльнасьці.

«Адразу прапанавалі граць з аркестрам»

У Беларусі я вельмі сур’ёзна займалася музыкай, вучылася ў музычнай школе ў клясе фартэпіяна, выйгравала конкурсы. Але ў 15 гадоў паўстаў выбар — альбо ліцэй БДУ, альбо музычны ліцэй у Менску. Пэрспэктывы быць музыкантам у Беларусі, шчыра кажучы, ня вельмі добрыя, таму я абрала ліцэй БДУ. У Штатах ты ня мусіш адразу рабіць такі выбар, і гэта, па-мойму, самае файнае, што ёсьць у амэрыканскай сыстэме адукацыі. Калі ў цябе атрымліваецца і тое, і тое, — дык рабі.

На канцэрце падчас вучобы з ЗША
На канцэрце падчас вучобы з ЗША

Мне там адразу прапанавалі граць з аркестрам. У Беларусі для гэтага трэба быць зоркай невядома якога маштабу. А там, калі ёсьць дастаткова людзей, гатовых гэта слухаць, вось табе аркестар, ідзі грай.

Летась я купіла электрычнае фартэпіяна. Ужо зарабляю дастаткова, каб яго набыць [сьмяецца]. Але граю ўжо толькі дома, калі маю час, несур’ёзна.

«Пачытала пра Сіліцкага, толькі калі падавалася на праграму»

— Год я вучылася ў Эстонскай школе дыпляматыі, а потым была праграма імя Віталя Сіліцкага ў Будапэшце і ў Браціславе, у Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце.

Перад тым як падавацца на праграму Сіліцкага, я ўвогуле ня ведала, хто гэта такі, калі шчыра. Пачытала пра яго, толькі калі падавалася на праграму.

Алена Кудзько пасьля атрыманьня ступені магістра ў Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце ў Будапэшце
Алена Кудзько пасьля атрыманьня ступені магістра ў Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце ў Будапэшце

Мне балюча гэта казаць, але ў Славаччыне сыстэма адукацыі дагэтуль вельмі савецкая. Ёсьць памкненьні гэта зьмяніць, ёсьць лепшыя выкладчыкі і факультэты, але стыль прыблізна аднолькавы зь Беларусьсю. На лекцыі ўсе баяцца задаць пытаньне, ніхто нічога ня кажа. Таксама, як і ў Беларусі, адбываецца інфляцыя дыплёмаў — усе мусяць мець вышэйшую адукацыю, каб былі «корачкі».

У Штатах усё па-іншаму, бо практычна ўсе плацяць за адукацыю.

«Для эўрапейцаў Брэксыт забівае ўсе тэмы»

— У Славаччыне многія маюць нерэалістычныя чаканьні — маўляў, скончу ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці міжнародныя адносіны і буду адразу ледзь не амбасадарам. Я такіх ілюзіяў ня мела. У Globsec была вакансія адміністратара праекту, гэта адна з найніжэйшых пасадаў, дзе ты дапамагаеш іншым, — я з гэтага пачала. Плюс Globsec у тым, што калі ты добра робіш праекты, дык вельмі проста атрымаць павышэньне. І неўзабаве ў мяне зьявілася значна больш магчымасьцяў.

Алена Кудзько выступае на канферэнцыі «Змаганьне зь незаконным гандлем», Лёндан, верасень 2017
Алена Кудзько выступае на канферэнцыі «Змаганьне зь незаконным гандлем», Лёндан, верасень 2017

— Тэмы Беларусі ў нашай працы амаль зусім няма. Часткова гэта таму, што Беларусь цяпер ня вельмі актуальная для эўрапейцаў і амэрыканцаў. У іх шмат іншых праблемаў, якія вымагаюць хуткай рэакцыі. Для эўрапейцаў Брэксыт цяпер тэма, якая забівае ўсе астатнія, нават Украіну.

Калі здараецца нешта вялікае і жудаснае, дык адразу да гэтага шмат увагі. Але калі яно працягваецца некалькі гадоў, дык наступае стомленасьць ад тэмы. У сувязі з сытуацыяў ва Ўкраіне дагэтуль робіцца вельмі шмат працы па дыпляматычных каналах на розных узроўнях. Але на нейкія радыкальныя захады цяпер палітычнай волі няма.

Разам з прэзыдэнтам Globsec Робэртам Васам (зьлева) і міністрам замежных спраў Гішпаніі Жузэпам Барэлем (у цэнтры)
Разам з прэзыдэнтам Globsec Робэртам Васам (зьлева) і міністрам замежных спраў Гішпаніі Жузэпам Барэлем (у цэнтры)

Цяпер вялікая тэма для ўсіх краін Эўразьвязу — наступствы выбараў у Эўрапарлямэнт. Зьменяцца прадстаўнікі Эўракамісіі, ідуць спрэчкі пра бюджэт на наступныя сем гадоў. Пасьля Брэксыту бюджэт будзе меншы, і ўсе чакаюць, што менш грошай будзе выдаткоўвацца на Цэнтральную Эўропу.

«Беларусь прысутнічае як частка тэмы гібрыдных войнаў»

— Расея застаецца для Эўропы праблемай у пляне бясьпекі, але мала хто чакае, што будзе нейкі канвэнцыйны канфлікт. Больш праблемныя так званыя гібрыдныя войны — інфармацыйныя і гэтак далей. Гэтаму надаюць шмат увагі і ў Эўразьвязе, і ў ЗША.

Падчас міграцыйнага крызісу шмат хто хваляваўся, што ўвага Эўропы пераключыцца на Паўночную Афрыку. Але цяпер мігранты ўжо не такая праблема для Эўропы, як некалькі гадоў таму.

​— Беларусь у нашай працы прысутнічае як частка тэмы гібрыдных войнаў — больш як кантэкст інфармацыйных войнаў, якія вядзе Расея. Калі цяпер ідуць дэбаты пра магчымую вайсковую базу ЗША ў Польшчы, амаль ніхто ня думае пра наступствы для Беларусі як дзяржавы. Думаюць пра рэакцыю з боку Расеі, але Беларусь асобна ня вельмі ўспрымаецца.

Пасьля ўкраінскага крызісу, калі афіцыйны Менск не прызнаў анэксію Крыму і агулам крыху супраціўляўся Расеі ў іншых пытаньнях, Беларусь сталі ўспрымаць як суб’ект палітыкі. Пра гэта ня будуць размаўляць адкрыта, але ёсьць і ўдзячнасьць Беларусі за тое, што там няма праблемаў, якія патрабавалі б актуальнай увагі. Аднак пры гэтым усе ведаюць, што калі ідзецца, напрыклад, пра «менскі працэс», дык Беларусь тут проста пляцоўка для перамоваў, а не палітычны гулец.

Мы раней дасылалі запрашэньні на канфэрэнцыю ў Браціславу дэпутатам беларускай Палаты прадстаўнікоў, але тыя іх ігнаравалі. Былі спробы запрасіць Лукашэнку ў Мюнхэн на канфэрэнцыю ў пытаньнях бясьпекі, але ён не прыехаў — прыехаў Макей.

«Ніхто ў Эўразьвязе ўсур’ёз ня кажа пра далучэньне Беларусі ці Ўкраіны»

— Пуцін мае рэпутацыю здольнага на нечаканыя і рызыкоўныя рашэньні — такія, як вайна ў Сырыі, анэксія Крыму. Дыскусіі пра тое, што Пуцін для пераабраньня на наступны тэрмін можа скарыстаць нейкі сцэнар «аб’яднаньня» зь Беларусьсю, ужо даўно абмяркоўваюцца ў расейскіх і беларускіх мэдыя. У заходняй прэсе гэта пачало зьяўляцца зусім нядаўна, зь вялікай затрымкай. Але сам факт такіх публікацыяў сьведчыць, што і заходнія аналітыкі разглядаюць такі сцэнар разьвіцьця падзеяў.

— Сёньня ніхто ў Эўразьвязе ўсур’ёз не размаўляе пра далучэньне Беларусі ці Ўкраіны. Вядома ж, сытуацыя можа зьмяніцца. Напрыклад, перад тым як краіны Цэнтральнай Эўропы далучыліся да NATO, многія думалі, што ніколі ў жыцьці гэтага не адбудзецца. Але зьмянілася сытуацыя, зьмяніліся людзі, зьмяніліся ўмовы ў сьвеце. Таму ніколі ня варта казаць ніколі.

Але на сёньня ўсярэдзіне Эўразьвязу гэтулькі праблемаў, што нікому ня хочацца дадатковых. Цяпер узьнікаюць праблемы з краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Дзеля палітычнай карэктнасьці такое асабліва не агучваюць, але шмат хто ў Заходняй Эўропе лічыць памылкаю далучэньне гэтых краінаў да Эўразьвязу.

Большасьць сур’ёзных палітыкаў лічаць, што гэта было правільнае рашэньне — працаваць на інтэграцыю гэтых краін і не дазволіць ім ператварыцца невядома ў што па-за межамі ЭЗ. Але насельніцтва Эўразьвязу ўжо ня вельмі добра ставіцца да ідэі яго пашырэньня.

Калі ты праводзіш рэформы ў Беларусі ці Ўкраіне, ты робіш гэта не для Эўразьвязу. Калі ты беларускі, украінскі ці сэрбскі палітык, ты ня можаш сказаць: «Мы ня ўступім у ЭЗ, таму нічога ня будзем рабіць». Але, вядома ж, гэта ў інтарэсах Эўразьвязу — дапамагаць суседзям, каб тыя праводзілі рэформы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG