У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну дзявяты дзень працягваецца галадоўка актывістак руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу.
Галадоўку пачалі 11 чэрвеня 3 жанчыны. Празь дзень да іх далучыўся Стас Цыбінскі, праваабаронца з арганізацыі «Тайм-аўт». У яго сёньня былі праблемы са здароўем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку. ФОТА
Страціў прытомнасьць, лекары прыехалі хутка
Паводле ўдзельніцы галадоўкі Алены Кузьміной, раніцай 20 чэрвеня ім давялося выклікаць у Востраў хуткую дапамогу.
«На нашых вачах страціў прытомнасьць Стас Цыбінскі, праваабаронца з арганізацыі „Тайм-аўт“, які прыехаў нас падтрымаць. Добра, што „хуткая“ пасьпела, яму аказалі дапамогу. Цяпер ляжыць, папраўляецца», — паведаміла Свабодзе Алена Кузьміна.
Паводле Стаса Цыбінскага, ён галадае 8 дзён, у Востраве стала не жыве, прыяжджае да галадоўніц паміж працоўнымі днямі. Ён працуе бармэнам.
У нядаўнім мінулым Стас Цыбінскі сам адбыў 2 гады зьняволеньня паводле 328 артыкулу і мяркуе, што ў гэты артыкул трэба ўнесьці большыя карэктывы, чым прапанавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да галадоўніц ў Пухавіцкам раёне зноў прыяжджалі дактары«Ляжым у цені і п’ём шмат вады»
20 чэрвеня ў Востраве галадалі 4 жанчыны: Алена Кузьміна, Ала Берналь, Людміла Кулініч і Сьвятлана Віткоўская, якая нядаўна прыехала зь Берасьця. У іншых месцах галадаюць таксама Юлія Астраўко і яшчэ адна жанчына, якая просіць не называць яе прозьвішча. Апошнімі днямі ў Востраве стаіць сьпякота, даходзіць да 30 градусаў. Вось што Алена Кузьміна распавяла пра тое, як пачуваюцца галадоўніцы.
«Горш за іншых адвучае сябе Людміла Кулініч, як і падчас леташняй галадоўкі ў яе абвастрылася хранічная хвароба. Ужо страціла 7 кіло вагі. Лекары прапаноўвалі ёй шпіталізацыю, але яна адмаўляецца. Мы ў асноўным ляжым, падымацца і хадзіць ужо цяжка. Кружыцца галава. На двары вялікая сьпякота, таму ляжым у цені і п’ём шмат вады. Мне з Алай таксама прапаноўвалі шпіталізацыю, але мы адмовіліся. Сёньня да нас прыедуць яшчэ нашы актывісткі; казалі, што будуць далучацца да галадоўкі. Вось чакаем», — расказала пра апошнія падзеі Алена Кузьміна.
На 21 чэрвеня галадоўніца Юлія Астраўко прапанавала актывісткам з «Маці 328» прыйсьці сабрацца ў Менску каля будынка Палаты прадстаўнікоў. Юля Астраўко, у якой за распаўсюд наркотыкаў асуджаны непаўналетні сын, лічыць, што трэба праводзіць бестэрміновую акцыю пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці-328» лічаць зьмены ў наркатычны артыкул КК недастатковымі і працягваюць галадоўкуШто важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»
11 чэрвеня актывісткі руху «Маці 328», дзеці якіх адбываюць пакараньне паводле наркатычнага артыкулу, абвясьцілі галадоўку.
Удзельнікі галадоўкі патрабуюць
- Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам;
- Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства;
- Перагляду спраў па 328-м артыкуле;
- Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі»:
- Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы;
- Амністыі для непаўналетніх;
- Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу.
13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады.
У красавіку-траўні 2018 годe актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкулу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.