Кіраўніцтва Facebook выклікалі ў Сэнат ЗША за анонс уласнай крыптавалюты

Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі кампаніі Facebook 16 ліпеня возьмуць удзел у пасяджэньні сэнацкага камітэту банкаўскіх справаў і адкажуць на пытаньні заканадаўцаў, занепакоеных плянамі кампаніі ў хуткім часе стварыць уласную крыптавалюту Libra, расказвае «Голас Амэрыкі».

Кампанія пакуль толькі неафіцыйна пагадзілася адказаць на пытаньні амэрыканскіх заканадаўцаў. Размова на слуханьнях пойдзе як пра сам запуск валюты, так і аб рызыках бясьпецы асабістых зьвестак карыстальнікаў, заявілі ў сераду ў камітэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэйсбук запускае сваю крыптавалюту. Што мне з таго? Тлумачым па пунктах 

Імёны тых, каго хочуць выклікаць, невядомыя. Крыніцы Reuters сьцьвярджаюць, што выступаць мусіць дырэктар праектаў Facebook з блёкчэйн-тэхналёгіямі Дэвід Маркус.

Анонс крыптавалюты Facebook у аўторак выклікаў як цікавасьць, так і заклапочанасьць у фінансавых рэгулятараў у многіх краінах сьвету. Дэмакратка Максын Ўотэрс, якая ўзначальвае Камітэт фінансавых справаў у Палаце прадстаўнікоў, у аўторак заявіла, што прадстаўнікоў Facebook запросяць на слуханьні таксама і ў ніжнюю палату Кангрэсу. Уотэрс папрасіла кампанію прыпыніць рэалізацыю праекту на час, цягам якога заканадаўцы будуць знаёміцца з падрабязнасьцямі ініцыятывы.

Чуткі пра тое, што інтэрнэт-гігант зьбіраецца стварыць уласную лічбавую валюту, пачалі цыркуляваць у Вашынгтоне яшчэ ў мінулым месяцы. У траўні кіраўнікі сэнацкага Банкаўскага камітэту накіравалі ў Facebook ліст з пытаньнямі з нагоды магчымага запуску крыптавалюты, а таксама пра тое, як менавіта кампанія зьбіраецца абараняць асабістыя дадзеныя карыстальнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна за біткойны набыць піцу альбо «Белаз» у Беларусі

Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг мінулай вясной ўжо адказваў на пытаньні абедзьвюх палатаў Кангрэсу ЗША — тады пытаньні тычыліся расейскага ўмяшаньня ў выбары ў ЗША. Тое ўмяшаньне рабілася ў тым ліку з ужываньнем асабістых зьвестак прынамсі 87 млн карыстальнікаў, якое палічылі неналежным.