Аляксандар Лукашэнка наведаў 12 красавіка менскі офіс Парку высокіх тэхналёгій і адзін з офісаў IT-кампаніі EPAM.
Яго суправаджалі кіраўніца ягонай адміністрацыі Натальля Качанава, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч і іншыя чыноўнікі. Прымалі яго, сярод іншых, дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі і бізнэсовец Віктар Пракапеня.
У ПВТ Лукашэнку паказалі распрацоўкі ў аграрнай сфэры, оптыцы, мэдыцыне, робататэхніцы і віртуальнай рэальнасьці (наконт апошніх асобна адзначаецца: «выклікалі цікаўнасьць»).
«Надыходзіць эра робатаў, хацелася б гэта некаму ці не», — перадае прэс-служба Лукашэнкі ягоныя ўражаньні.
У рэпартажы на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» паказалі, як Пракапеня запэўніваў Лукашэнку, што «многае забудзецца, многія добрыя рэчы», але ён ужо ўвайшоў у гісторыю як першы кіраўнік дзяржавы, які «прыняў правільнае рэгуляваньне блокчэйну».
«Я шчыра сказаў, што калі паглядзеў на гэтыя дакумэнты, я асабліва не напружваўся, — адказаў Лукашэнка наконт рэгуляваньня блокчэйну і крыптавалютаў у «IT-дэкрэце». — Думаў, я іх падтрымаю, падпішу і гэтак далей. Але калі ў вас нешта не атрымаецца і вы праваліцеся, то гэта будзе вашая праблема. А для дзяржавы — мы ж нічога не гублялі б».
Лукашэнка дадаў, што чакае ад IT-супольнасьці прапановаў па далейшым разьвіцьці сфэры, і ў выпадку чаго каб зьвярталіся наўпрост да віцэ-прэм’ера. Маўляў, яму важна «сысьці адсюль зь нейкім вашым даручэньнем, якое прасуне нас наперад».
Прапанову аб стварэньні Міністэрства лічбавай эканомікі (сьцьвярджаецца, што ідэя належыць Пракапеню) Лукашэнка даручыў разгледзець зноў — як піша БелТА, «прыняць у другім квартале гэтага году рашэньне, ці патрэбная ў краіне дадзеная структура» (год таму казаў Пракапеню, што падтрымае такую ідэю).
28 сакавіка 2018 году ўступіў у сілу дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падпісаў 22 сьнежня 2017-га.
Дакумэнт падоўжыў і пашырыў прэфэрэнцыі для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ), спрасьціў патрабаваньні да іхнай замежнаэканамічнай дзейнасьці. Ён мае стымуляваць разьвіцьцё тэхналягічнай адукацыі ды стварыць больш прывабныя ўмовы для прыходу ў Беларусь сусьветных ІТ-карпарацый і інвэстыцый.
Аднак самая рэзанансная частка ІТ-дэкрэту — легалізацыя крыптавалютаў, іх здабычы і абарачэньня. Дзякуючы гэтаму Беларусь трапіла ў загалоўкі ўсясьветных мэдыя, бо міжнародная практыка заканадаўчага рэгуляваньня праваадносін з крыптавалютамі яшчэ толькі фармуецца, там шмат шэрых зонаў.