Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біткойны, нелегалы, цягачы-волаты. Што пра Беларусь пішуць чэхі


Прага
Прага

Большасьць паведамленьняў пра Беларусь у чэскіх СМІ надалей традыцыйна датычыць палітычных тэмаў. Ды ўсё ж апошнім часам даецца выразна заўважыць тэндэнцыя да журналісцкіх матэрыялаў, у якіх не выступае ні Аляксандар Лукашэнка, ні кантэкст беларуска-расейскіх дачыненьняў. Які вобраз Беларусі без Лукашэнкі і Пуціна бачаць чэхі, якія знаёмяцца з такімі матэрыяламі?

Прапануем вам кароткі агляд самых сьвежых публікацый на «непалітычныя» беларускія тэмы ў чэскіх мэдыях.

Беларусь пракладвае шлях для «лічбавай эканомікі»

Чэскі інтэрнэтны рэсурс itbiz.cz, прысьвечаны ІТ-тэхналёгіям, апісвае беларускую спробу прарыву ў «лічбавую эканоміку» — прэзыдэнцкі дэкрэт аб прэфэрэнцыях для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгіяў і стварэньні больш прывабныя ўмоваў для прыходу ў Беларусь сусьветных ІТ-карпарацый і інвэстыцый. Дэкрэт уводзіў таксама легалізацыю ў Беларусі крыптавалютаў, іх здабычы і абарачэньня.

Парк высокіх тэхналёгій
Парк высокіх тэхналёгій

«Хоць бум з крыптавалютамі ў сьвеце заціх, краіне ўсё ж удалося нешта дамагчыся. Беларусь канкуруе ня толькі коштам працоўнай сілы, але і тэхнічна таленавітымі людзьмі (гэта адносіцца да ўсёй Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы). Адной з мэтаў адпаведных стымулаў і стварэньня бізнэс-асяродзьдзя было ня толькі прыцягненьне замежнага капіталу, але і абмежаваньне ўцечкі мазгоў», — піша itbiz.cz, адзначаючы, што гэтая новая беларуская рэгуляцыя сфэры ІТ прывабіла замежных інвэстараў.

Студэнты-беларусы вучацца наагул задарма

Інтэрнэтны рэсурс finance.cz зьмяшчае матэрыял пра студэнтаў-замежнікаў, якія вучацца ў ВНУ Чэхіі. Паводле чэскага закону, калі навучаньне ў дзяржаўных ВНУ адбываецца на ангельскай мове, дык студэнту трэба ўносіць адпаведную аплату, якая розьніцца ў залежнасьці ад спэцыяльнасьці і ад вышэйшай школы. Калі ж навучаньне ў дзяржаўным унівэрсытэце адбываецца на чэскай мове, дык замежныя студэнты ўспрымаюцца як чэскія — яны вучацца задарма. Таму большасьць студэнтаў, асабліва з краінаў Усходняй Эўропы, перад тым як паступіць у чэскі ўнівэрсытэт, запісваюцца на гадавыя курсы чэскай мовы (за іх трэба заплаціць), каб магчы навучацца задарма. У чэскіх прыватных ВНУ, зразумела, навучаньне платнае.

У 2018 годзе ў Чэхіі было 759 студэнтаў зь Беларусі, у гэтым ліку 25 плацілі за навучаньне ў дзяржаўных ВНУ (яны былі на «ангельскім патоку») і 124 за навучаньне ў прыватных ВНУ.

Схапілі 23 нелегальных беларусаў

Рэсурс podnikatel.cz, прысьвечаны разьвіцьцю прадпрымальніцтва, падае статыстыку выяўленага нелегальнага працаўладкаваньня замежнікаў у Чэхіі ў 2018 годзе. У выніку 8 тысяч кантрольных захадаў летась было выяўлена больш за 4,5 тысячы замежных грамадзян, якія працавалі ў краіне без дазволу на працу. Сярод выяўленых найбольш было ўкраінцаў (2873) і віетнамцаў (285). Кантралёры схапілі ўсяго 23 беларусаў.

«Беларускі монстар»

«Самы моцны цягач на сьвеце захапляе магутнасьцю, вагою і расходам паліва ды кіруецца на нафтавыя радовішчы» — піша рэсурс autoforum.cz
у матэрыяле пра цягач MZKT-741351, які вырабляе Менскі завод колавых цягачоў. Рэсурс вельмі станоўча ацэньвае гэты, як піша, «новы беларускі монстар»:

«Цягач MZKT-741351 носіць таварны знак „Волат“ і зьяўляецца ажыцьцяўленьнем замовы арміі Саудаўскай Арабіі, якая хацела цягача для цяжкай ваеннай тэхнікі. Беларусы выканалі гэты кантракт на пяцёрку з плюсам. Іх новая машына — на дадзены момант наймацнейшы сэрыйна выраблены цягач на сьвеце, да якога магчыма дачапіць дзьве прычэпы — адну з пад’ёмам 76 тонаў, другую — 60 тонаў. У гэтай канфігурацыі цягач даступны толькі ў вайсковай вэрсіі, але зацікаўленасьць у ім выказалі і іншыя. Таму завод абвясьціў, што новая мадэль МЗКЦ-741351 будзе даступная для ўсіх, хто можа за яе заплаціць».

(Агляд падрыхтаваны з дапамогай Івэты Крамплавай.)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG