Зоаабаронцы заклікалі менчукоў не адпускаць сваіх сабак і катоў адных на выгул, бо «яны могуць трапіць у адлоў ці атрымаць кулю», — гаворыцца ў публікацыі на сайце таварыства «Зялёная сетка» greenbelarus.info. Зь яе вынікае, што перад Эўрапейскімі гульнямі бяздомных жывёлін «тэрмінова прыбіраюць з вуліцаў Менску, каб не засмуціць дарагіх гасьцей».
Адловам, часовым утрыманьнем і эўтаназіяй беспрытульных жывёлін у Менску займаецца прадпрыемства «Фаўна гораду».
«Гэта няпраўда, і такіх загадаў — на зачыстку гораду ад сабак і катоў — ніхто не даваў. Як напярэдадні гульняў, гэтак і ўвогуле, — сказала Свабодзе супрацоўніца прадпрыемства. — Адлоў беспрытульных жывёлін адбываецца па пэўнай замове з пэўнага адрасу, працэс кантралюецца і адбываецца ў адпаведнасьці з законам».
Колькі жывёлін цяпер утрымліваюць на прадпрыемстве, у «Фаўне гораду» не паведамілі. Але, як вынікае з абвесткі на афіцыйным сайце, вальеры перапоўненыя.
У грамадзкім абʼяднаньні абароны жывёлін «Эгіда» пра аўральную зачыстку гораду ад беспрытульных жывёлін інфармацыі ня маюць.
«Нам такія факты невядомыя, каб у сувязі з Эўрапейскімі гульнямі пачаліся нейкія зачысткі ад сабак і катоў», — сказала актывістка «Эгіды» Марына.
У сакавіку больш за 5 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю «Не — забойствам беспрытульных жывёлін да II Эўрапейскіх гульняў». У свім адказе «Фаўна гораду» паведаміла, што «не дапускае масавага зьнішчэньня беспрытульных жывёлін».
Раней кіраўніцтва «Фаўны гораду» заяўляла, што:
- жывёлін у Менску не адстрэльваюць,
- штогод адлоўліваюць каля 4 тысяч сабак і катоў,
- гаспадароў знаходзяць каля 60% зь іх.