Прызначаны на пасаду намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Міхаіл Бабіч на новай пасадзе будзе займацца «інтэграцыйнай тэматыкай». Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.
Ён удакладніў, што ў ведамстве ў чыноўніка Бабіча будзе «мноства паўнамоцтваў і абавязкаў», але галоўным напрамкам дзейнасьці стане «каардынацыя і арганізацыя інтэграцыйнай работы».
«У Міхаіла Бабіча надзвычай важны ўзровень экспэртызы ў гэтай галіне, якую ён зможа выкарыстаць дзеля паскарэньня інтэграцыйных працэсаў», — цытуе прадстаўніка Крамля расейская прэса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольненага пасла Бабіча ў Расеі прызначылі намесьнікам міністра. Займацца інтэграцыяй зь Беларусьсю?Па яго словах, пытаньнямі інтэграцыі займаюцца некалькі ведамстваў, але Мінэканамразьвіцьця зьяўляецца найбольш актыўным удзельнікам гэтага працэсу і выконвае «абагульняльныя функцыі».
Да прызначэньня Міхаіла Бабіча на пасаду намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця ён быў амбасадарам Расеі ў Беларусі, дзе да ягонай дзейнасьці мела прэтэнзіі Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ад абавязкаў кіраўніка дыпмісіі ў канцы красавіка яго вызваліў Уладзімір Пуцін.