Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненага пасла Бабіча ў Расеі прызначылі намесьнікам міністра. Займацца інтэграцыяй зь Беларусьсю?


Міхаіл Бабіч,архіўнае фота
Міхаіл Бабіч,архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў прызначыў былога амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця, гаворыцца на сайце расейскага ўраду.

30 красавіка ўказам Уладзіміра Пуціна Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю «ў сувязі з пераходам на іншую працу». На пасадзе пасла ён прапрацаваў каля васьмі месяцаў.

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі між іншага займаецца плянамі паглыбленьня інтэграцыі зь Беларусьсю. Бабіч стане дванаццатым намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі.

Новым паслом у Менск быў прызначаны чалец Савета Фэдэрацыі Расеі Дзьмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спэцпрадстаўніком Пуціна па разьвіцьці гандлёва-эканамічных стасункаў зь Беларусьсю.

Паводле слоў прэс-сакратара прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Пяскова, кадравыя рашэньні Пуціна прынятыя «ў адпаведнасьці з мэтазгоднасьцю». Аднак, як лічаць экспэрты, прычынай адстаўкі Бабіча сталі яго напружаныя адносіны зь беларускім кіраўніцтвам і, у прыватнасьці, зь Міністэрствам замежных спраў.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG