Расейскі апазыцыянэр Удальцоў: «Мы, левыя, ставімся да Лукашэнкі з пэўнай сымпатыяй»

Сяргей Удальцоў

Госьць «Інтэрвію тыдня» — расейскі апазыцыйны палітык, лідэр «Левага фронту» Сяргей Удальцоў. Ён распавядае, якую Расею замест пуцінскай хочуць пабудаваць расейскія левыя, тлумачыць, чаму ў сёньняшняй Расеі настолькі папулярны Сталін, і адказвае на пытаньне, як ён ставіцца да Лукашэнкі і беларускай незалежнасьці.

Сьцісла

  • У Расеі моцныя левыя, сацыялістычныя настроі. Я думаю, ня менш за 50–60 працэнтаў грамадзян падзяляюць гэтыя ідэі.
  • Папулярнасьць Сталіна ў Расеі — гэта расчараваньне ў цяперашняй уладзе, выклік і адказ часткі грамадзтва на цяперашняе «бязьмежжа» і беззаконьне.
  • Левыя сілы Расеі настроеныя на максымальнае мацаваньне інтэграцыі — але на добраахвотных асновах.
  • Беларусі ўдалося захаваць прамысловы патэнцыял, захаваць рабочы кляс, сялянства.

Дэманізаваць сучасныя левыя сілы я лічу цалкам няправільным

— Калі ў Расеі адбываюцца масавыя пратэставыя акцыі, то сярод затрыманых і пацярпелых — людзі самых розных палітычных перакананьняў, ад ультралевых да лібэралаў. Ці існуе нейкая еднасьць у расейскай апазыцыі? На якіх прынцыпах яна можа грунтавацца?

— Самыя галоўныя пытаньні, якія могуць аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных апазыцыйных атрадаў, — гэта, як і ў 2012 годзе, сумленныя выбары, незалежны суд, выкананьне канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў. Менавіта па гэтай лініі, як я думаю, і будзе адбывацца новае аб’яднаньне, стварэньне новай апазыцыйнай кааліцыі.

Затрыманьне удзельніка акцыі пратэсту ў Маскве, 12 чэрвеня 2019 году

У апошнія гады такой салідарнасьці, такой еднасьці не хапала. Для гэтага шмат прычынаў, але відавочна, што калі апазыцыя дзейнічае рознымі атрадамі — уладам прасьцей рэпрэсаваць, саджаць, запалохваць і гэтак далей. Я спадзяюся, што падзеі апошніх дзён, сытуацыя вакол журналіста Івана Галунова падштурхнуць розныя апазыцыйныя сілы да стварэньня новай аб’яднанай кааліцыі.

Так, мы вельмі розныя, у нас рознае бачаньне будучыні Расеі. Але ёсьць агульнае разуменьне, што патрэбныя канкурэнтныя свабодныя выбары. выкананьне базавых правоў чалавека, рэформа праваахоўнай сыстэмы. Бо бяз гэтага ніякія іншыя перамены не дадуць належнага эфэкту.

— А якую Расею вы, «Левы фронт», хацелі б пабудаваць? Бо ў людзей ёсьць перасьцярогі, што пасьля Пуціна замест цяперашняга дзяржаўнага капіталізму вы пабудуеце ня менш аўтарытарнае грамадзтва, без свабоды слова, свабоды прадпрымальніцтва, падобнае да СССР альбо цяперашняй Вэнэсуэлы.

— Расея пасьля Пуціна, я спадзяюся, будзе краінай, у якой будзе рэальная палітычная канкурэнцыя, і на свабодных адкрытых выбарах мы пазмагаемся за падтрымку народу. На маё перакананьне, у Расеі моцныя левыя, сацыялістычныя настроі. Я думаю, ня менш за 50–60 працэнтаў грамадзян падзяляюць менавіта такія ідэі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімір Рыжкоў: Пакуль Расея аўтарытарная, спроба Беларусі інтэгравацца на Захад ня пройдзе

Я веру, што без усялякага гвалту і неправавых мэтадаў левым сілам удасца калі ня цалкам атрымаць уладу ў свае рукі, дык граць заўважную ролю ў палітычным працэсе. Калі будзе фармат кааліцыйнага ўраду, то левыя сілы будуць там граць важную ролю.

Што тычыцца сучаснай левай ідэі ў Расеі — то гэта ніяк не зьвязана з рэпрэсіямі і татальнай нацыяналізацыяй. Гэта сучасны сацыялізм 21 стагодзьдзя, найлепшы досьвед скандынаўскага сацыялізму, кітайскага, лацінаамэрыканскага сацыялізму. І самае галоўнае — найлепшы досьвед савецкага пэрыяду. Мы павінны адкінуць памылкі, цёмныя старонкі нашай савецкай гісторыі. Але базавыя рэчы — максымальная сацыяльная справядлівасьць, сацыяльныя гарантыі, разьвіцьцё стратэгічных галінаў эканомікі пры актыўным удзеле дзяржавы, падкантрольнасьць дзяржавы насельніцтву праз дэмакратычныя інстытуты — гэта той вобраз будучыні, які мы прапануем. На мой погляд, гэты вобраз блізкі многім грамадзянам Расеі.

Дэманізаваць сучасныя левыя сілы я лічу цалкам няправільным. Пераважная большасьць — гэта людзі з сучасным мысьленьнем, якія не жывуць мінулым, а накіраваныя ў будучыню.

— Але мы ведаем масавыя прыхільнасьці грамадзян Расеі. Нядаўна многіх узрушылі вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, паводле якіх Сталін стаў самай папулярнай гістарычнай фігурай у Расеі.

— Я лічу, што рост папулярнасьці вобраза Сталіна даволі заканамерны. У дадзенай сытуацыі гэта трэба ўспрымаць не як настальгію па Сталіну — бо пытаюцца ў людзей, якія не жылі ў той час і ведаюць усё толькі зь нейкіх апавяданьняў, кніжак. Гэта настальгія ў старэйшага пакаленьня па тым часе, калі (у іхнім разуменьні) было больш справядлівасьці, яны былі маладыя, жыцьцё ім здавалася больш пэрспэктыўным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так, я сталініст!» Інтэрвію з арганізатарам беларускага «Несьмяротнага палку»

Гэта сыгнал пра тое, што сёньняшняя сытуацыя ў Расеі якраз пазбаўляе іх пэрспэктыў. І імя Сталіна ў іх асацыюецца з больш справядлівым грамадзтвам, дзе перамагае дабро, а зло караецца.

1 траўня 2019, Масква

Я ня думаю, што гэта цяга расейцаў да масавых рэпрэсіяў. Гэта расчараваньне ў цяперашняй уладзе. Людзі бачаць, што няма парадку, пануе крадзеж, карупцыя, несправядлівасьць. І папулярнасьць Сталіна — гэта выклік і адказ часткі грамадзтва на цяперашняе «бязьмежжа» і беззаконьне. Ня трэба гэтага баяцца, а трэба разумець, што ў Расеі ёсьць запыт на справядлівасьць і парадак.

Па некаторых кірунках Расея магла б браць зь Беларусі прыклад, і саромецца тут няма чаго

— Расейская апазыцыя нярэдка, процістоячы ўладзе ва ўнутранай палітыцы, у зьнешняй палітыцы супадае з уладай, што, напрыклад, паказаў «крымнаш». Як вы ставіцеся да незалежнасьці Беларусі і да беларуска-расейскай інтэграцыі?

— На мой погляд, любы апазыцыянэр павінен быць патрыётам сваёй краіны. Мы патрыёты Расеі. Захаваньне і абарона нацыянальных інтарэсаў Расеі — гэта вельмі важна.

Што тычыцца постсавецкіх рэспублік. На сёньня мы цудоўна разумеем, што гэта незалежныя дзяржавы, якія ўжо склаліся. Хоць я лічу, што развал СССР быў вялікай памылкай і не было такога запыту ў пераважнай большасьці насельніцтва. Пра гэта казалі вынікі рэфэрэндуму 1991 году, калі 76 працэнтаў выказаліся за захаваньне Савецкага Саюзу.

Аднак сёньня мы маем новую рэальнасьць. І ў ёй нам у першую чаргу трэба выбудоўваць справядлівае дэмакратычнае грамадзтва ў сваіх краінах. І, дарэчы, мы можам шмат чаму павучыцца ў Беларусі ў пляне падтрымкі вытворчасьці, сельскай гаспадаркі.

Многія ў Расеі з сымпатыяй і з пэўнай зайздрасьцю глядзяць на Беларусь, бо шмат па якіх парамэтрах Беларусі ўдалося зрабіць значна больш, чым Расеі. Бо ў Расеі шмат якія галіны прамысловасьці пад відам прыватызацыі былі ўгробленыя, раскрадзеныя, аддадзеныя ў рукі сумнеўных уладароў, якія проста забілі гэтыя галіны.

Я думаю, нам трэба жыць у дружбе і добрасуседзтве, паціху разьвіваць інтэграцыйны працэс. У будучым па постсавецкай прасторы самым разумным быў бы фармат існаваньня нейкай канфэдэрацыі, калі б мы былі незалежныя, але па многіх пытаньнях узаемадзейнічалі.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, Сочы, Расея, 15 лютага 2019

Гэта шлях разьвіцьця таго ж Эўразійскага Саюзу — я думаю, ён слушны. У гэтым пляне ў нас няма супярэчнасьці з расейскім кіраўніцтвам. Вельмі шмат у нас агульнага, усё гэта забываць было б калясальнай памылкай. Прынамсі, левыя сілы Расеі настроеныя на максымальнае мацаваньне інтэграцыі — але на добраахвотных асновах. Дзеля гэтага Расеі трэба мяняцца самой — тады яна будзе больш прывабная як партнэр.

— Лукашэнка для вас блізкі ідэйна, ён для вас левы? Вы казалі пра посьпехі Беларусі, але заробкі тут меншыя, чым у Расеі, працоўная кляса і сялянства жывуць вельмі бедна. Мы ведаем, што расейскія камуністы ставяцца да Лукашэнкі з захапленьнем. Але вы ж левы новага толку, вы казалі пра эўрапейскія прыклады. А ў Беларусі дыктатура нічым ня лепшая за расейскую, а левыя выказваюць сымпатыі да Лукашэнкі. Вы ня бачыце ў гэтым супярэчнасьці?

— Па-першае, слова «дыктатура» няправільна прымяняць і да расейскай, і да беларускай сытуацыі. Скажу пра Расею. Дыктатура — гэта тэрарыстычны рэжым, які вынішчае сваіх апанэнтаў. Такога ў Расеі няма. Аўтарытарная, недэмакратычная ўлада — так, але не дыктатура.

Мы, я асабіста і «Левы фронт», не ідэалізуем Аляксандра Лукашэнку ні ў якай ступені. Мы разумеем, што гэта дзяржаўны капіталізм, што таксама парушаюцца правы і свабоды грамадзянаў.

Але, як і з ацэнкай савецкага пэрыяду — мы павінны бачыць і пазытыўныя моманты. Што, нягледзячы на ўсе складаныя працэсы ў 90-я і нулявыя гады, на ціск, які аказваўся на Беларусь, у тым ліку і з Расеі, — нягледзячы на ўсё гэта, Беларусі ўдалося захаваць даволі моцны прамысловы патэнцыял. Беларусь мае меншыя прыродныя запасы. Напэўна, даходы ў Расеі ў сярэднім вышэйшыя, але, улічваючы тыя прыродныя багацьці, якія мае Расея, — гэта не такая вялікая розьніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея вучыцца быць Беларусьсю», — расейскі філёзаф

Беларусі ўдалося захаваць прамысловы патэнцыял, захаваць рабочы кляс, сялянства. І гэта добрая аснова на будучыню, для новай улады, бо Лукашэнка ж ня будзе вечна. Гэта значна лепш, чым калі б усё было развалена, разбурана і ўсе беларусы паехалі на заробкі ў іншыя краіны. Такога ў Беларусі няма, у адрозьненьне ад іншых постсавецкіх рэспублік.

Таму мы ацэньваем сытуацыю ў Беларусі адэкватна. Яе не ідэалізуем, але па некаторых кірунках лічым, што Расея магла б браць зь Беларусі прыклад, і саромецца тут няма чаго. У цэлым — мы ставімся да Аляксандра Лукашэнкі з пэўнай сымпатыяй.