Новы міністар аховы здароўя паабяцаў рэформу сыстэмы закупак і цэнаў на мэдыкамэнты

Уладзімер Каранік

Новапрызначаны міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік асноўнымі сваімі задачамі на пасадзе назваў барацьбу з карупцыяй, памяншэньне лістоў чаканьня і зьніжэньне цэнаў на лекі.

Гэтак ён адказаў на гучную «справу мэдыкаў», зьвязаную са злоўжываньнямі ў галіне закупак і паставак мэдыцынскага абсталяваньня і лекаў. Што сказаў міністар Каранік на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля ўступленьня на пасаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новага міністра аховы здароўя. Што пра яго вядома?

Пра даступнасьць мэдыцынскай дапамогі

«Ёсьць клінічная эфэктыўнасьць — гэта даступнасьць мэдыцынскай дапамогі, працаздольнасьць высокатэхналягічнага абсталяваньня, гэта доступ да дыягностыкі. Адзін аспэкт, калі мэдыцынскія работнікі, зыходзячы з інтарэсаў хворага, вызначаюць чарговасьць да доступу. Калі правядзеньне МРТ праз 1,5-2 месяцы ні на што не ўплываюць, гэта адзін аспэкт; калі прамаруджваньне на 6-8 гадзін нэгатыўна паўплывае — другі аспэкт.

Трэба стварыць дакладную сыстэму, дыфэрэнцыяваны падыход і патлумачыць насельніцтву, што ў тых выпадках, калі гэта патрабуецца тэрмінова, у нас ёсьць усе магчымасьці хутка зрабіць дыягностыку. Калі не ўплывае на вынік і можна пачакаць, трэба чакаць. Адзін кірунак — каб гэтыя лісты чаканьня сталі меншымі», — заявіў Уладзімер Каранік.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі

Пра рэарганізацыю сыстэмы закупак

Другі накірунак у працы новага міністра — эканамічная эфэктыўнасьць сыстэмы: хуткасьці і цэны закупак, цэны на лекавыя сродкі і бесьперабойнае забесьпячэньне лячэбных устаноў. «На сёньня заканадаўчая база распрацаваная. Пытаньне ў правапрымяняльнай практыцы», — лічыць новы міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лекар ад Бога, першаклясны хірург», — што кажуць пра новага міністра аховы здароўя

«Будзе праведзена рэвізія арганізацый, якія займаюцца закупкамі мэдтэхнікі і фармацыі. Будуць дакладна рэглямэнтаваныя і тэрміны, і працэдура закупак для таго, каб ліквідаваць магчымасьці ўплыву асобных работнікаў на прыняцьце рашэньняў ці на хуткасьць праходжаньня дакумэнтаў. Бо ўвесь сьвет даказаў, што асноўнае ў барацьбе з карупцыяй — выпрацоўка дакладных правілаў. Калі фактычна ад канкрэтнага выканаўцы, калі ўсё зроблена правільна, не залежыць прыняцьце рашэньняў. І любое адхіленьне ад правілаў будзе выклікаць пытаньні, павышаную ўвагу, і ахвотнікаў атрымаць выгаду ня стане — гэта будзе адразу ж заўважна.

Такім чынам, мяняем мэханізм закупак, яны павінны быць адкрытыя, празрыстыя, зразумелыя», — лічыць міністар Каранік.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў (зьлева) і міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік

Пра цану лекаў

Таксама пад кантролем новага міністра будзе цана лекаў.

«Людзі задаюць пытаньні, часу за мяжой некаторыя лекі каштуюць у паўтара-два і нават у 5 разоў меней, таму Міністэрства шчыльна будзе працаваць з ІТ-сфэрай», — расказаў Уладзімер Каранік.

«Распрацуем плятформу, дзе любы грамадзянін зможа паведаміць, за якую цану ён купіў лекі. Калі на 30 адсоткаў даражэй — можна патлумачыць лягістыкай, дастаўкай, а вось у калі 1,5-2 разы — тут пытаньне. Мы плянуем стварыць такую плятформу і мэханізмы зваротнай сувязі. Калі няма ніякай магчымасьці цэны зьнізіць праз вытворцу, будзем распрацоўваць свае лекі», — мяркуе Ўладзімер Каранік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі «справа мэдыкаў». Чым яшчэ запомніўся папярэдні міністар аховы здароўя