Штодзённы мінімум у 10 тысяч крокаў пастаўлены пад сумненьне

Пажылыя жанчыны, якія робяць 4500 крокаў у дзень, маюць значна меншыя паказьнікі сьмяротнасьці, чым тыя, хто робіць усяго 2700 крокаў у дзень. Пра гэта ў газэце The New York Times піша Грэтхэн Рэйналдз.

Хвіліны ці крокі

Новае вялікае дасьледаваньне з удзелам тысяч пажылых жанчын паказала, што патрэбная колькасьць крокаў можа быць меншай за агульнавядомую сёньня лічбу 10 000, і што нават невялікае павелічэньне колькасьці крокаў у дзень можа мець вялікае значэньне.

Сёньня лекары шырока рэкамэндуюць 150 хвілін фізычнай актыўнасьці ў тыдзень. Але некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што вымяраць эфэктыўнасьць фізычных нагрузак іх працягласьцю ня вельмі правільна.

Больш правільна, мяркуюць яны, падлічваць крокі. Цяпер гэта лёгка дазваляюць рабіць мабільныя тэлефоны і іншыя невялікія электронныя прылады.

Нядаўна ў мэдычным часопісе JAMA Internal Medicine былі апублікаваныя вынікі новага вялікага дасьледаваньня, у якім прынялі ўдзел тысячы пажылых жанчын.

Аўтары дасьледаваньня крытыкуюць норму ў 10 000 крокаў, называючы яе неабгрунтаванай. Паходжаньне гэтай нормы цьмянае. Мяркуецца, што некалі ў Японіі стваральнікі крокамеру далі прыбору японскае імя, якое перакладаецца, як «10 000 крокаў».

Сёньня некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што людзям, магчыма, трэба рабіць і больш чым 10 000 крокаў у дзень, каб абараніць сябе ад сардэчна-сасудзістых захворваньняў.

Новыя вынікі

Але аўтараў новага дасьледаваньня цікавілі менавіта пажылыя жанчыны і іх фізычная актыўнасьць. Удзел у дасьледаваньні узялі 17 тысяч жанчын, ва ўзросьце 70 і болей гадоў. Навукоўцы адсочвалі фізычную актыўнасьць гэтых жанчын на працягу тыдня, а пасьля на працягу наступных некалькіх гадоў назіралі за іх станам.

Аказалася, што самая вялікая сьмяротнасьць у наступныя гады была ў тых жанчын, які хадзілі менш чым 2700 крокаў у дзень. Залатой сярэдзінай для пажылых жанчын аўтары дасьледаваньня назвалі лічбу 4500 крокаў у дзень. Жанчыны, якія дасягалі гэтай лічбы кожны дзень, мелі на 40 працэнтаў меншую рызыку сьмерці ў параўнаньні з тымі, хто рабіў 2700 крокаў у дзень.

Яшчэ адна рэч, на якую зьвяртаюць увагу аўтары новага дасьледаваньня, — інтэнсіўнасьць хадзьбы. Аказалася, што ў выпадку пажылых жанчын значэньне мае толькі колькасьць крокаў, а ня іх інтэнсіўнасьць.