Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану агучыла 10 чэрвеня папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Касым-Жамарт Такаеў, прызначаны Нурсултанам Назарбаевым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, набраў 70,76% галасоў.
Апазыцыянэру Аміржану Касанаву налічылі 16,02%. Іншыя кандыдаты атрымалі 5% і менш. Яўка склала 77,4% выбарнікаў.
Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падаў у адстаўку, адбыўшы амаль 30 гадоў на чале дзяржавы. Зрэшты, ён не адышоў ад улады цалкам, застаўшыся на чале Рады бясьпекі і кіроўнай партыі «Нур Атан». Пераемнікам да пазачарговых выбараў стаў ягоны даўні паплечнік, экс-сьпікер Сэнату Касым-Жамарт Такаеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такаеў перамог. Абвешчаныя папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане
Хто такі Такаеў
Касыму-Жамарту Такаеву 66 гадоў. Ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў. Валодае ангельскай, кітайскай, францускай мовамі. Пачынаў у структуры МЗС СССР, працаваў у савецкай амбасадзе ў Кітаі, а пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Казахстану — у замежнапалітычным ведамстве гэтай краіны: ад рэфэрэнта да міністра. Быў намесьнікам генэральнага сакратара ААН у эўрапейскім аддзяленьні ў Жэнэве і генэральным сакратаром Канфэрэнцыі ў раззбраеньні.
Таксама быў прэм’ер-міністрам Казахстану, дэпутатам парлямэнту і сьпікерам яго верхняй палаты. З апошняй пасады, згодна з Канстытуцыяй, і стаў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта пасьля адстаўкі Назарбаева ў красавіку 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнікальнае чарніла, «каруселі», укіды бюлетэняў. Як у Казахстане выбіралі прэзыдэнта. ВІДЭА
Такаеў ідзе ў фарватэры Назарбаева
Хоць Такаеў і зьяўляецца плодам савецкай сыстэмы, але сваім багажом ён досыць выгадна адрозьніваецца і ад свайго папярэдніка Назарбаева, і ад бальшыні кіраўнікоў былых рэспублік СССР, мяркуе міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў:
«Пакуль цяжка казаць, наколькі ў яго разьвязаныя рукі. Безумоўна, добра, што ён мае вялікую дыпляматычную практыку — працаваў і на Захадзе, і на Ўсходзе. Аднак трэба дачакацца хоць нейкіх крокаў: як ні круці, ценявым кіраўніком усё ж застаўся елбасы (такі тытул „лідэра нацыі“ мае Назарбаеў. — РС). Таму па першым часе наўрад ці што істотна зьменіцца. Зьмены будуць, калі Назарбаеў тым ці іншым чынам не фармальна, а рэальна адыдзе ад улады. Зрэшты, калі гэта здарыцца, спрагназаваць немагчыма».
Касым-Жамарт Такаеў яшчэ да навіны пра адстаўку Нурсултана Назарбаева заяўляў, што елбасы ня пойдзе на наступныя прэзыдэнцкія выбары, якія ад пачатку плянаваліся ў 2020 годзе, але нават у непрэзыдэнцкім статусе той будзе рабіць вялізны ўплыў як на вонкавую, так і ўнутраную палітыку краіны.
Паводле Фёдарава, зрабіць стаўку на праверанага пераемніка Назарбаева прымусіў досьвед суседняга Ўзбэкістану. Там пасьля сьмерці Іслама Карымава ягоны наступнік Шаўкат Мірзіёеў пачаў перасьледаваць атачэньне і сваякоў былога кіраўніка краіны.
«Засьцярогі Назарбаева цалкам зразумелыя, але, успомніце, і Мірзіёеў актывізаваўся не адразу, мінуў пэўны час, — кажа Андрэй Фёдараў. — Таму, паўтаруся, шмат будзе залежаць ад таго, якія настроі будуць панаваць у грамадзтве пасьля фактычнага адыходу елбасы з палітычнага небасхілу: літаральна кажучы, ніхто ня вечны на гэтым сьвеце. Вось тады і стане зразумела, які насамрэч ягоны пераемнік, што ён мог прыхаваць. Пакуль жа Такаеў ідзе цалкам у фарватэры свайго папярэдніка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары прэзыдэнта ў Казахстане афіцыйна: 77% яўка, 19 парушэньняў, 500 затрыманыхЧым сытуацыя ў Казахстане адрозьніваецца ад Беларусі
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Казулін кажа, што, нягледзячы на парушэньні, якія фіксаваліся падчас галасаваньня, апошнія пераўтварэньні для сярэднеазіяцкай краіны дастаткова значныя.
«Па-першае, для азіяцкага рэгіёну гэта само па сабе не зусім звыкла: як ведаеце, тамтэйшыя лідэры трымаюць уладу да апошняга ўздыху, — гаворыць Казулін. — А тут — выбары, новыя твары. Так, пакуль што Назарбаеў дастаткова моцна трымае ў руках палітычныя лейцы, але далейшае жыцьцё пакажа, яшчэ ня ўсё зразумела. Ну і зноў жа, тое, чаго дагэтуль няма ў нас: і экзыт-пулы, і сацыялёгія, і празрыстыя скрыні. Так, побач і ўкіды, і „каруселі“, але агулам зрух вельмі сур’ёзны. Ня ўсё адразу. Нам бы трохі ад таго, што адбылося ў Казахстане, дык ужо былі б зьмены».
Казулін не сумняваецца, што прыход новага чалавека ва ўладу станоўча адаб’ецца на ўсіх сфэрах жыцьця. Нават калі па першым часе ён і будзе не зусім самастойны ў прыняцьці палітычных рашэньняў.
«Калі чалавек адукаваны — ня толькі таму, што валодае некалькімі мовамі, а на ўсіх узроўнях адпавядае такому статусу — гэта ў любым выпадку крок наперад, — лічыць Аляксандар Казулін. — Таму застаецца толькі парадавацца за партнэраў у інтэграцыйных структурах, якія прынамсі атрымалі шанец на перазагрузку. У беларусаў такой пэрспэктывы нават не прадбачыцца».
Сёлета спаўняецца 25 гадоў, як прэзыдэнтам Беларусі стаў Аляксандар Лукашэнка. Ён дамогся рэвізіі Канстытуцыі, якая цяпер дазваляе яму выбірацца на найвышэйшую пасаду неабмежаваную колькасьць разоў. І даў зразумець, што будзе ўдзельнічаць у чарговай выбарчай гонцы, якая, мяркуючы па ўсім, пройдзе налета. У такім выпадку гэта для яго будзе шостая па ліку прэзыдэнцкая кампанія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане пасьля прэзыдэнцкіх выбараў новыя затрыманьніУ дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане праходзілі акцыі пратэсту, затрымана сама меней паўтысячы чалавек, у тым ліку два карэспандэнты Радыё Азатык — казаскай службы Свабоды. Сёньня затрыманьні працягнуліся.
Датэрміновыя выбары былі прызначаныя 9 красавіка дзейным прэзыдэнтам, кандыдатам ад партыі ўлады Касым-Жамартам Такаевым, які імкнецца забясьпечыць сабе пяцігадовы прэзыдэнцкі тэрмін пасьля ўступленьня на пасаду ў выніку складаньня паўнамоцтваў Нурсултанам Назарбаевым, які захаваў у руках уплыў на рычагі ўлады ў краіне пасьля нязьменнага праўленьня на працягу амаль трох дзесяцігодзьдзяў.