Беларускія журналісты пікетавалі расейскую амбасаду ў падтрымку Галунова

Іван Галуноў

Журналісты «Белсату» зладзілі ля расейскай амбасады ў Варшаве акцыю салідарнасьці з затрыманым карэспандэнтам «Медузы» Іванам Галуновым.

Расейскага журналіста Івана Галунова ў Маскве суд адправіў пад хатні арышт да 7 жніўня. Яму выставілі абвінавачаньне ў замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры. У судзе журналіст заявіў, што наркотыкі яму падкінулі праз ягонае расьследаваньне аб пахавальным бізнэсе ў Расеі. Калегі журналіста таксама ўпэўненыя, што перасьлед Галунова зьвязаны зь яго журналісцкімі расьсьледаваньнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскаму журналісту «Медузы» Івану Галунову пагражае ад 10 да 20 гадоў зьняволеньня

У падтрымку Галунова выступаюць журналісты, палітычныя і культурныя дзеячы, людзі па ўсім сьвеце.

Больш за шэсьць тысяч супрацоўнікаў СМІ паставілі свае подпісы пад адкрытым лістом з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня Галунова. Зварот да МУС, пракуратуры і сьледчага камітэту зьявіўся ў суботу на сайце Прафсаюзу журналістаў.

Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org да сярэдзіны нядзелі падпісалі больш як сто дзесяць тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага журналіста Івана Галунова адправілі пад хатні арышт

Галуноў вядомы расьсьледаваньнямі аб карупцыі маскоўскіх уладаў

  • Ён правёў расьсьледаваньне сваякоў віцэ-мэра Масквы Пятра Бірукова,
  • пісаў пра праграму «рэнавацыі» (зносу дамоў у Маскве і будаўніцтва на іх месцы новых),
  • распавёў, як і колькі браты Ратэнбэргі зараблялі на ўпрыгожваньні навагодняй Масквы,
  • высьветліў, хто зарабіў на ўстаноўцы новых «залатых» грамадзкіх прыбіральняў і колькі мэрыя Масквы выдаткавала на падтрымку гарадзкіх і раённых СМІ,
  • калі выявіў, што маскоўскія ўлады зьбіраюцца выдаткаваць амаль 2,2 мільярда рублёў на распрацоўку канцэпцыі добраўпарадкаваньня і прыцягнуў да гэтага пытаньня увагу грамадзкасьці, тэндэр па гэтым пытаньні быў адменены.

«Медуза» адкрыла доступ да ўсіх тэкстаў расьсьледаваньняў Галунова на ўмовах ліцэнзіі Creative Commons.