Закон таксама ўводзіць забарону на экстрадыцыю з тэрыторыі Ўкраіны замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на Данбасе ў складзе ўрадавых войскаў.
Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў шэраг законаў аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
Гэтыя зьмены падтрымалі 230 з 343 народных дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі, апроч прадстаўнікоў фракцыі «Апазыцыйны блёк» і парлямэнцкіх груп «Адраджэньне» і «Воля народу», утвораных на рэштках Партыі рэгіёнаў.
Закон прадугледжвае, што іншаземцы, якія ваявалі на Данбасе на баку ўрадавых сілаў, могуць зьвярнуцца па ўкраінскае грамадзянства нават у выпадку заканчэньня дзеяньня іхных нацыянальных пашпартоў, але пры гэтым яны абавязкова мусяць мець хаця б часовы від на жыхарства. Да заявы іншаземцы мусяць дадаць адпаведны зварот Міністэрства абароны Ўкраіны ці хадайніцтва камандзіра вайсковага падразьдзяленьня, у складзе якога ваявалі на Данбасе.
Адначасова закон уводзіць забарону на выдачу іншаземцаў, якія ваявалі на ўсходзе Ўкраіны, у краіну паходжаньня альбо краіну, якая не прызнае тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны ці адмаўляецца прызнаваць агрэсію Расеі ва Ўкраіне.
У той жа час закон не вырашае пытаньняў тых добраахвотнікаў, якія цяпер не працягваюць кантрактную службу ва Ўзброеных сілах Украіны і ня маюць часовага віду на жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка абурыўся прапановай Кучмы па Данбасе і папрасіў тлумачэньняў ЗяленскагаЦяпер гэты закон мае падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, а юрыдычную моц ён набудзе праз два месяцы пасьля афіцыйнай публікацыі.
Адным з аўтараў законапраекту выступіў кіраўнік партыі «Нацыянальны корпус» Андрэй Білецкі. 4 чэрвеня актывісты гэтай партыі з замежнымі добраахвотнікамі пікетавалі Адміністрацыю прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Паводле інфармацыі «Нацыянальнага корпусу», украінскага грамадзянства патрабуюць каля 400 добраахвотнікаў-іншаземцаў, якія ўжо пяты год знаходзяцца ва Ўкраіне ў статусе нелегалаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве беларускія вэтэраны вайны на Данбасе патрабавалі ад прэзыдэнта грамадзянства ЎкраіныЗа ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, якія ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасьля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Ўкраіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.
Раней народная дэпутатка Ўкраіны Натальля Весялова зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства беларусу Дзьмітрыю Палойку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая газета» апублікавала дакумэнты, якія зьвязваюць Расею са зьбітым на Данбасе «Боінгам»