Падчас свайго візыту ў Брусэль прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Грыгорыю Жыгалаву. Плянавалася, што яно пройдзе падчас ранішняй прабежкі ў сталіцы Эўрапейскага Зьвязу, але з прычыны надвор’я гутарка адбылася ў спартовай залі.
Зяленскі расказаў пра ўступленьне ў NATO і Эўразьвяз, пракамэнтаваў чуткі пра дэфолт Украіны, праблемы з парлямэнтам, магчымасьць міру на Данбасе і тое, як ставіцца да дзейных міністраў.
— Спадар прэзыдэнт, я хацеў бы пачаць размову з вашага першага замежнага візіту ў Брусэль, але падзеі ва Ўкраіне дыктуюць свой сцэнар. Што вы будзеце рабіць у сувязі са сьмерцю пяцігадовага хлопчыка, які загінуў ад рук паліцыянтаў? Праходзяць акцыі пратэсту, такое ўражаньне, што запыт грамадзтва большы, чым адстаўка начальніка паліцыі Кіеўскай вобласьці.
— Па-першае, яшчэ раз хачу сказаць, што спачуваю ўсім блізкім хлопчыка, усім сваякам. Калі ў нас кожнага дня гінуць на фронце нашы вайскоўцы, я разумею, я не хачу гэтага, але разумею чаму — яны абараняюць нашу краіну ад ворага. Але тут проста нейкая базглузьдзіца — трапілі ў хлопца, забралі жыцьцё дзіцяці. Я ўжо казаў пра гэта, будуць вельмі сур’ёзна ўсе пакараныя.
— Ці будзе палітычная адказнасьць у каго-небудзь?
— Я ўпэўнены, што будзе і палітычная адказнасьць і крымінальная адказнасьць. Мы гаварылі пра гэта неаднаразова зь міністрам гэтымі днямі. Мы можам рабіць усё, але ня можам вярнуць жыцьцё.
Я хачу зьвярнуцца да ўсіх: калі ласка, будзьце асьцярожныя. І да ўсіх тых, хто прымае рашэньні на заканадаўчым узроўні: усе павінны быць вельмі сур’ёзна крымінальна пакараныя.
— Спадар прэзыдэнт, зараз пра ваш дэбют у Брусэлі. Вы ўчора досыць адназначна ў штаб-кватэры NATO заявілі, што Украіна кіруецца ў ЭЗ і NATO, што NATO — гэта стратэгічны прыярытэт. Не баіцеся, што з Расеяй цяпер будзе ўдвая складаней гаварыць?
— Па-першае, у нас незалежная краіна, і гэта наш выбар, наш курс. Я заўсёды казаў, што наш курс у Эўропу — гэта тое, што замацавана ў Канстытуцыі Ўкраіны. І наш курс у NATO — гэта бясьпека, узровень нашай арміі. Я ўжо казаў, што мы павінны расказаць кожнаму ўкраінцу пра тое, што такое NATO, што гэта ня так страшна. І, калі ўкраінцы будуць усе гатовыя, мы абавязкова вынесем гэтае пытаньне на рэфэрэндум, і Украіна абавязкова будзе ў NATO. Таму мой выступ добра ўсе ўспрымалі. Тут добра прымаюць Украіну, гэта самае галоўнае.
— Відэа, дзе вы з Жанам-Клёдам Юнкерам, прэзыдэнтам Эўракамісіі, жартавалі ў калідоры, ужо зрабілася вірусным. Пра што вы жартавалі?
— Ды пра ўсё. Вельмі файная ў нас была сустрэча. Я ня ведаю, ці можна так казаць, гэта недыпляматычна. Але ён такі добры, цёплы, нармальны дзядзька. Вельмі разумны чалавек, файны такі мужык. І ён мне сказаў, што Ўкраіна заўсёды можа разьлічваць менавіта на яго асабістую падтрымку.
— У вас была таксама сустрэча зь віцэ-прэзыдэнтам Эўракамісіі Валдысам Дамброўскісам. Гэта менавіта той чалавек, які адказвае за выдзяленьне фінансавай дапамогі Ўкраіне?
— Мы гаварылі пра грошы. Упэўненыя, што яны будуць. Гэта была мая галоўная місія. Грошы не галоўнае, але цяпер у краіне складаная эканамічная сытуацыя. Але мы абавязкова выйдзем з гэтай сытуацыі.
— Вам абяцалі 500 млн эўраў макрафінансавай дапамогі, гэта першы транш?
— Я не хачу быць такім чалавекам, якім успрымаюць многіх палітыкаў у эўрапейскіх краінах: якія нешта абяцаюць, рэформы, рашэньні, законы, а потым не выконваюць гэтыя абяцаньні. Я нічога не хачу абяцаць. Давайце так: мы спачатку атрымаем грошы, а потым скажам: атрымалі.
— Але вам ставілі пэўныя ўмовы атрыманьня грошай?
— Я ведаю гэтыя ўмовы. Мы гатовыя да іх. Мы гатовыя прымаць законы, папраўкі ў законы, перш за ўсё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алігарх Каламойскі лічыць, што Ўкраіне варта абвясьціць дэфолт— Чуткі пра дэфолт Украіны: гэта сапраўды толькі чуткі?
— У Эўропе разумеюць, што гэта ўсё чуткі, якія разагналі некаторыя мэдыя-парталы. Ніхто не зьбіраецца абвяшчаць дэфолт, усе за стабільную эканоміку ў нашай краіне. У нас вельмі шмат праблем, давайце не турбавацца пра чуткі.
— А ў вас як прэзыдэнта ёсьць нейкія рычагі, каб уплываць на курс грыўні?
— Ведаеце, патрэбная спакойная эканоміка, каб прыцягваць ва Ўкраіну інвэстыцыі. Трэба сказаць усім украінскім, каб не было ніякай істэрыкі. Праблем вялікіх няма: супрацоўніцтва з МВФ у нас працягваецца. Я хачу ўсіх супакоіць: усё будзе нармальна.
— Што ў вас з алігархамі? Праект «Схемы» Радыё Свабода паведаміў, што Віктар Пінчук да вас прыяжджаў, і ваша прэс-служба гэта пацьвердзіла? У вас была ідэя сустрэцца з усімі алігархамі?
— Я па чарзе сустракаюся з усімі прадстаўнікамі буйнога бізнэсу, можам казаць, што і з усімі алігархамі.
— З кім вы ўжо сустрэліся?
— Сустракаўся зь Пінчуком, сустракаўся ... Іх ня так шмат, хто яшчэ прыяжджаў да нас. Некаторыя палітыкі таксама прыяжджалі: яны алігархі, але ня будзем пра іх.
— Пра што гаворка была?
— Цяпер рана казаць пра гэта. Пінчук прыяжджаў, але гэта было зьвязана зь Леанідам Кучмам. Таму што мы Леаніда Данілавіча вельмі прасілі, каб ён быў старшынём трохбаковай групы, ТГК ў Менску. 5 чэрвеня будзе сустрэча гэтай групы ў пытаньнях урэгуляваньня на Данбасе, першая пасьля вялікага перапынку. Я трымаю кулакі, каб у нас усё сапраўды адбылося.
Але, ведаеце, з буйным бізнэсам мы зьбіраемся сустрэцца. Гэта будзе ў чэрвені. Будзем гаварыць пра разьвіцьцё Данбасу. У нас ёсьць плян: мы прапануем бізнэсу інвэставаць менавіта ў Данбас, у інфраструктуру Данбасу. Мы разумеем, што Данбас абавязкова вернецца, і гэтым трэба займацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі вярнуў Кучму ў Менскі працэс— Пра ўладу і ўрад. Калі б у вас была магчымасьць фармаваць урад, каго вы гатовыя пакінуць зь цяперашніх міністраў? А хто вам не падабаецца?
— Правакацыя, а не пытаньне (сьмяецца). Я, шчыра кажучы, ня ведаю іх вельмі блізка. Гэта не мая каманда. У нас не было нейкай працяглай працы разам. Я ўпэўнены, што там ёсьць прафэсіяналы. Таму ўрад і застаецца цяпер працаваць. Я думаю, што за гэтыя два з паловай месяцы, якія засталіся да новых выбараў, да стварэньня новага ўраду, мы пазнаёмімся бліжэй. І я разумею, хто з гэтых людзей здольны зрабіць нешта новае для Украіны.
— Па пэрсаналіях: напрыклад Ульляна Супрун?
— Да яе па-рознаму ставяцца. Вы ж ведаеце, як яе называюць?
— А вы да яе як ставіцеся?
— Дзякуй Богу, у мяне ёсьць іншы доктар для маёй сям’і.
— Лілія Грыневіч?
— Не знаёмы. Хоць я чуў, што яна вельмі нядрэнная.
— Павел Клімкін?
— Клімкін — прафэсійны дыплямат. Я прапаноўваў застацца яму ў камандзе, таму што ў нас вельмі складаная міжнародная сытуацыя. І ён пра гэта ведае. Але ён вырашыў пайсьці ў палітыку. Я нікога зь іх блізка ня ведаю, але я гляджу па справах гэтых людзей.
— Парлямэнт не пагадзіўся разглядаць ваш законапраект аб імпічмэнце ...
— Ня хочуць мяне адпускаць. Я разумею чаму.
— Чаму?
— Мы на працягу двух тыдняў, калі не памыляюся, падалі ў Вярхоўную Раду дзесяць законапраектаў. Або паправак, або законапраектаў было дзесяць. Але нічога не было прынята. Ну што мы можам казаць пра парлямэнт?
Я ўпэўнены, там ёсьць людзі, там ёсьць спэцыялісты. Але гэта — бунт большасьці ў парлямэнце, людзей, якія ня хочуць працаваць, якія ўжо займаюцца палітычнай рэклямай. І ім усё роўна будуць гэта чарговыя выбары ці пазачарговыя, 31 кастрычніка або 21 ліпеня. Яны ўсе займаюцца палітычнай рэклаямай.
Я так разумею, што яны не прымаюць законы, якія чакала Ўкраіна ўжо 28 гадоў. Напрыклад, закон аб зьняцьці недатыкальнасьці, закон аб імпічмэнце. Гэта ўсё ў вашых руках. Гэта тычыцца прэзыдэнта, прыміце закон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што абяцаў Зяленскі і чаго ад яго чакаюць выбарцы і алігархі. Апэратыўны аналіз— Закон аб незаконным узбагачэньні ва Ўкраіне ўжо адзін быў, яго адмяніў Канстытуцыйны суд. Чым адрозьніваецца ваш законапраект?
— Гэта было парушэньне — адмяняць закон аб незаконным узбагачэньні. Пра гэта ў нас былі пэўныя дамоўленасьці з МВФ, Эўразьвязам, Сусьветным банкам. Але яны адмянілі гэты закон. Мы прапанавалі іншы закон, але яны не галасуюць за наш закон. Мы дадалі ў яго ня толькі крымінальную адказнасьць, але і пункт аб канфіскацыі неабгрунтавана набытых актываў. Вось у гэтым галоўная розьніца. Я думаю, што без такога закону мы ня маем з вамі права казаць аб якой-небудзь антыкарупцыйнай дзейнасьці ва Ўкраіне.
— Вы вярнулі ўкраінскі пашпарт Міхэілу Саакашвілі. Чаму? Гэта вяртаньне справядлівасьці з вашага боку ці ў вас ёсьць палітычныя пляны?
— Палітычных плянаў няма. Пляны былі вельмі простыя, вельмі чалавечыя: я сказаў прэсе, што думаю, што ў яго забралі пашпарт незаконна. Таму я яго яму вярнуў. Вось і ўсё.
— Ніякіх палітычных плянаў або праектаў?
— Не, не.
— Вы сустракаліся, стэлефаноўваліся?
— Ён мне пісаў, запісваў відэа ў сацыяльных сетках. Дзякаваў. Пісаў мне ў WhatsApp. Але за што мне дзякаваць? Я проста выконваю сваю працу, выконваю свае абяцаньні. У мяне вельмі мала абяцаньняў, але я хачу іх выконваць.
— Сёньня ў вас сустрэчы ў Бруселі. З кім і пра што будзеце гаварыць?
— У мяне сёньня вельмі шмат сустрэч, у тым ліку афіцыйныя са спадарыняй Магерыні, са спадаром Тускам. Усіх цікавіць пытаньне, як мы можам скончыць вайну, цікавіць маё стаўленьне да гэтага. Гэта ўсіх цікавіць. Уся Эўропа рэальна думае пра Ўкраіну, пра бясьпеку Ўкраіны. І гэта праўда, усіх цікавіць вяртаньне да Нармандзкага фармату, да Менскіх перамоваў.
Таксама цікавіць рэальная барацьба з карупцыяй. Шчыра кажучы, за апошнія пяць гадоў у гэтым зьявіліся трохі сумневы: пачалі добра, вельмі шмат хацелі зрабіць рэформаў, але гэтага не адбылося. Не адбылося тое, што абяцалася. Таму мы зноў будзем пераконваць, што Ўкраіна — надзейны партнэр.