Ідэю новай кіраўніцы дзяржаўнага канцэрну «Беллегпрам» аб урэгуляваньні крамаў ужыванага адзеньня пракамэнтаваў Tut.by былы кіраўнік арганізацыі Мікалай Яфімчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая кіраўніца «Беллегпраму» паабяцала змагацца з сэканд-хэндамМікалай Яфімчык, які кіраваў канцэрнам чатыры гады, зьвязвае папулярнасьць сэканд-хэндаў з памерамі заробкаў беларусаў. Ён заяўляе, што «сэканд-хэнд — гэта ня вельмі добра» (асабліва турбуецца за продаж апрацаванага немаведама чым дзіцячага адзеньня), але заступаецца за крамы, бо «выбар у пакупніка мае быць». Ён перакананы, што закрываць крамы ня варта, бо «Чаго можна дамагчыся аднымі забаронамі?»
«Сэканд-хэнд нараджаецца не спантанна. Як толькі падае ўзровень даходаў, усе бягуць у сэканд-хэнд. Гэта індыкатар заработнай платы насельніцтва, — разважае ён. — Сур'ёзныя задачы стаяць у павелічэньні заробкаў. Калі людзі будуць атрымліваць, як патрабуе прэзыдэнт, больш за 1000 рублёў, то, я думаю, у сэканд-хэнд ніхто ня пойдзе».
Яфімчык тлумачыць, што цяпер толькі сярэдні заробак роўны тысячы рублёў, а, напрыклад, у калгасах заробкі далёкія ад таго, «таму там папулярныя танныя пункты» і «людзі пайшлі па таннае, каб купіць невядома што».
Але ён перакананы, што нават большыя праблемы для лёгкай прамысловасьці зыходзяць ад крамаў таннага адзеньня сумнеўнай якасьці, якія ў Беларусі цяпер адкрываюць выхадцы з Цэнтральнай Азіі.
«І гэта ж ня значыць, што заўтра ж кіраўнік „Беллегпраму“ будзе ініцыяваць прававы акт, які будзе забараняць ці тое, ці тое нешта рабіць, — запэўнівае былы старшыня канцэрну. — Вядома ж, зьбяруцца і будуць абмяркоўваць, ня будзе гэта цішком. Ва ўрадзе разумныя людзі сядзяць, яны ж ня будуць адным росчыркам пяра забараняць гэтыя крамы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці перашкаджаюць сэканд-хэнды прадпрымальнікам? Шумчанка: «Беллегпрам» проста шукае ворагаў