Падрыхтоўку праграмы дзеяньняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве абмеркавалі 4 чэрвеня ў Менску прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас і дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» Рыгор Рапота, паведамляе прэс-служба беларускага ўраду.
Зводны дакумэнт плянуецца падрыхтаваць да 21 чэрвеня — дамоўленасьць дасягнутая па выніках праведзеных у траўні перамоваў Сяргея Румаса са старшынём ураду РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым. У тым ліку такую задачу ў Нур-султане ў кулюарах саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу перад кіраўнікамі ўрадаў паставілі прэзыдэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Пасьля таго як бакі знойдуць агульныя падыходы па ўсіх пытаньнях, кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся правесьці сустрэчу на найвышэйшым узроўні для «грунтоўнага і падрабязнага абмеркаваньня ўсіх расейска-беларускіх пытаньняў і далейшага сыстэмнага ўзаемадзеяньня».
«Да 21 чэрвеня мы павінны мець узгодненую абноўленую праграму дзеяньняў, — адзначыў Румас. — На 70% мы сыходзімся. Групы працуюць, я практычна штодня заслухоўваю справаздачы, як усё рухаецца. І для сябе паставіў такую задачу, каб ужо да размовы зь Дзьмітрыем Анатольевічам (Мядзьведзевым. — РС.) мы на 90% ўзгаднілі пазыцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразійская інтэграцыя буксуе. Высновы з саміту ЭАЭС у Нур-СултанеТэму больш цеснай інтэграцыі ініцыявау у канцы 2018 году, расейскі бок. Гэта адбывалася на фоне ня вырашанай дагэтуль спрэчкі аб кампэнсацыі Беларусі наступстваў ад правядзеньня ў Расеі падатковага манэўру. У Мінску налічылі каля 15 млрд даляраў стратаў і разьлічваюць на іх пакрыцьцё. Масква ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаваў.
У сьнежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэньні рабочых групаў «для вырашэньня пытаньняў у рамках далейшай інтэграцыі дзьвюх краін».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго хоча Расея ад Беларусі?У красавіку бакі абмяняліся прапановамі аб інтэграцыі.
24 мая ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы Мядзьведзева і Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўленая задача выразна пазначыць адрозьненьні ў пазыцыях Беларусі і Расеі па інтэграцыі.
Прэм’ер-міністры таксама дамовіліся правесьці наступную сустрэчу ў Менску падчас II Эўрапейскіх гульняў (21-30 чэрвеня). Падчас гэтых перамоваў будзе абмяркоўвацца абноўленая праграма дзеяньняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.