Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі 4 чэрвеня расказаў журналістам пра расьсьледаваньне сьмерці інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загадкава загінуў 16 траўня.
«Вэрсію пра самагубства не здымаем зь ліку прыярытэтных, — перадае БелТА словы старшыні СК Івана Наскевіча. — Больш за тое, апошнімі днямі атрымалі яшчэ цэлы шэраг заключэньняў экспэртызаў, які ўмацоўвае нас у нашай пазыцыі, што менавіта так і адбылося».
Пры гэтым адпрацоўваюцца і іншыя вэрсіі, адзначыў ён, але «на другі дзень стала зразумела, асабліва пасьля вывучэньня відэа, выяўленьня людзей, якія яго падвозілі, што мае месца самагубства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з афіцыйнай вэрсіяй пра самагубства міліцыянта? Пяць нестыковакБацькі загінулага тым часам ня вераць у самагубства: кажуць, іх сын ня мог сябе забіць, бо для гэтага не было падстаў. Яны настойваюць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе, спасылаюцца на здымак, на якім відаць плямы крыві ў пахвіннай вобласьці. Акрамя таго, вядома, што на руках загінулага былі кайданкі (і, паводле неафіцыйнай інфармацыі, зашпіленыя далонямі вонкі).
Пры гэтым Наскевіч, як перадае Tut.by, сьцьвярджае, што бацькі загінулага «да нас з просьбай аб эксгумацыі не зьвярталіся» (бацька загінулага казаў Свабодзе, што «высьвятляе, як тое робіцца», але хацеў бы асабіста прысутнічаць на аглядзе цела).
«На жаль, у нас ужо былі выпадкі нагнятаньня абстаноўкі, калі „падбівалі“ блізкіх, — заявіў старшыня СК. — Зразумела, што бацькам цяжка зьмірыцца з тым, што іхнае дзіця скончыла жыцьцё самагубствам».
Сам Наскевіч адзначыў, што ў першы дзень расьсьледаваньня «пра самагубства гаворкі наогул не ішло», бо першапачакова складалася «такая карціна, што мы разгубіліся», і «даўно не было такіх здарэньняў», каб «супрацоўніка міліцыі забівалі пры такіх абставінах».
Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?
- 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
- 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
- 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
- 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
- 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.
- Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
- 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
- 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».