Генпракурор заявіў, што магілёўскія цыганы ня скардзіліся на затрыманьні

Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк, архіўнае фота

Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк 4 чэрвеня расказаў журналістам аб працы камісіі Генпракуратуры пасьля скаргаў на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў Магілёве. Як перадае Tut.by, Канюк паабяцаў, што «мы ўсё разгледзім».

«Што самае цікавае, няма ніводнай скаргі з цыганскага асяродзьдзя, — сьцьвярджаў Аляксандар Канюк. — Я быў тыдзень таму ў Магілёве. Удакладняў, як працуе група».

Ён прызнаўся, што не сустракаўся з цыганамі, а толькі з працоўнай групай пракурораў — маўляў, «мы ня сталі бударажыць людзей». Пракурорская праверка мае працягнуцца прыблізна месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні міліцыянт распавёў, як у Магілёве гадамі «адпрацоўваюць» цыганскія раёны

16 траўня ў Магілёве ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча міліцыянты масава затрымлівалі грамадзянаў цыганскай нацыянальнасьці. Людзі скардзіліся журналістам на зьбіцьцё і жорсткае абыходжаньне.

Толькі ў Магілёве ў месцах кампактнага пражываньня цыганоў затрымалі каля 100 чалавек: жанчын, непаўналетніх дзяцей і мужчын. Частку зь іх пазьней вызвалілі, а каля 50 мужчын затрымалі на трое сутак. Адносна іх пазаводзілі адміністрацыйныя справы за нібыта дробнае хуліганства. Затрыманьні адбываліся таксама ў Гомлі і па ўсёй краіне.

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што ў яго «няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня ў цыганоў», але пазьней перад імі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дай волю Шуневічу — і тое, што адбылося з цыганамі, лёгка можа адбыцца з усім грамадзтвам», — Бяляцкі