Міністэрства юстыцыі Злучаных Штатаў, пэўна, ня будзе выстаўляць заснавальніку WikiLeaks Джуліяну Асанжу абвінавачаньне за публікацыю звышсакрэтных матэрыялаў аб хакерскіх інструмэнтах Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША, паведаміла амэрыканскае выданьне Politico са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Адна з прычынаў адмаўленьня ўладаў ЗША выстаўляць новыя абвінавачаньні супраць Асанжа — высокая ступень сакрэтнасьці ўжо апублікаваных матэрыялаў (вядомых як «Vault 7»). Паводле Politico, «абмеркаваньне такой сакрэтнай тэмы ў судзе нясе рызыку агаліць яшчэ больш таямніц ЦРУ».
Другая прычына зьвязаная зь юрыдычнай працэдурай. Закон аб экстрадыцыі дае на выстаўленьне новых абвінавачваньняў толькі 60 дзён з моманту, калі было вынесенае першае. У дачыненьні Асанжа гэта адбылося ў сакавіку 2019 году: пракуроры ў ЗША абвінавацілі яго ў тым, што ён дапамог інфарматарцы Wikileaks Чэлсі Мэнінг узламаць кампутары Пэнтагону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаванага Джуліяна Асанжа перавялі ў турэмны шпітальДжуліян Асанж хаваўся ад правасудзьдзя ЗША і Швэцыі, знаходзячыся на тэрыторыі амбасады Эквадору ў Лёндане з чэрвеня 2012 году да красавіка 2019-га, калі Эквадор пазбавіў яго дыпляматычнага прыстанішча. Брытанская паліцыя затрымала яго. А ў траўні суд у Лёндане прысудзіў заснавальніку WikiLeaks 50 тыдняў зьняволеньня за парушэньне ўмоў вызваленьня пад заклад.
Швэцыя тым часам зноў адкрыла папярэдняе крымінальнае расьсьледаваньне ў дачыненьні Асанжа праз абвінавачаньне ў згвалтаваньні — раней гэтая справа была закрытая.
- Асанж, грамадзянін Аўстраліі, заснаваў WikiLeaks у 2006 годзе. Празь некалькі гадоў на партале былі апублікаваны тысячы сакрэтных дакумэнтаў ЗША пра ход вайны ў Аўганістане і Іраку, у тым ліку пра інцыдэнты, зьвязаныя з расстрэлам мірных жыхароў. У ЗША за гэта на Асанжа завялі справу ў сувязі з уцечкай сакрэтных дадзеных, хоць асноўным чалавекам, які арганізаваў уцечку, быў вайсковец Брэдлі (Чэлсі) Мэнінг, а Wikileaks толькі апублікаваў дакумэнты.
- Пасьля выбараў 2016 году да абвінавачаньняў у адрас Асанжа дадалося абвінавачаньне ў датычнасьці WikiLeaks да ўцечкі дадзеных аб хакерскіх прыёмах ЦРУ і да публікацыі дакумэнтаў са ўзламаных сэрвэраў Дэмакратычнай партыі ЗША.
- ЗША дамагаюцца выдачы аўстралійца ўжо некалькі гадоў, і першапачаткова, акрамя ўзлому кампутара, яму былі таксама выстаўленыя абвінавачаньні ў шпіянажы. Але Асанж і ягоныя адвакаты лічаць выстаўленыя яму ў ЗША абвінавачаньні палітычнымі.