На пачатак чэрвеня прыпадае гадавіна пікетаваньня рэстарацыі «Поедем Поедим», пабудаванай, як мяркуюць пікетоўцы, у ахоўнай зоне Курапатаў з парушэньнем закону. А 16-й гадзіне 1 чэрвеня каля рэстарацыі пачаўся чарговы пікет. Абаронцы Курапатаў правялі сход на гадавіну акцыі пратэсту. Асноўная тэма — ці працягваць акцыю далей.
Старшыня Маладога фронту Дзяніс Урбановіч выступае за працяг варты.
«Так, мы трымаем варту ўжо год і нібыта свайго пакуль не дасягнулі — рэстарацыя не зачынілася, хоць за год працы плынь наведнікаў асабліва не пабольшала. Але саступаць нельга. Вада камень точыць, наша варта ўжо дае плён — грамадзкая думка на нашым баку, пагаварыць з людзьмі — усе супраць гэтай рэстарацыі на костках. Да таго ж варта дапамагае бараніць Курапацкі мэмарыял. Менавіта пікетоўцы першымі даведваліся пра разбурэньне лавы Клінтана, пра паваленыя крыжы, а некалькі разоў нам удавалася прадухіліць акцыі вандалаў. Таму пікетаваньне нельга згортваць ні ў якім разе», —лічыць актывіст.
«Як вырашыць моладзь, а я падтрымаю», — гаворыць актывістка Ніна Багінская. Яна расчараваныя тым, што не ўдалося зачыніць рэстарацыю, але мяркуе, што гэтага пры цяперашняй уладзе чакаць не выпадае. «Трэба празь зьмены ў Канстытуцыі рухацца да парлямэнцкай рэспублікі», — мяркуе Багінская.
Актывістка з Віцебску Алена Янушкоўская абуралася тым, чаму ў абарону Курапатаў ад рэстарацыі не выступіла пракуратура. «Яны мусілі тут стаяць, а стаім мы замест іх. І будзем стаяць», — актывістка патлумачыла сваю ўпартасьць тым, што хоча «жыць у вольнай краіне, дзе пануе закон».
Паводле актывісткі Ганны Шапуцькі гадавая варта каля рэстарацыі пасьпяховая ўжо тым, што ўсё больш людзей у краіне і сьвеце даведваюцца пра трагічныя падзеі ў Курапатах. Ганна Шапуцька казала пра тысячы людзей і спасылалася на публікацыі ня толькі незалежных, але і дзяржаўных мэдый. «Для мяне гэта не акцыя, а грамадзкі чын, таму нельга казаць, нас мала ці шмат. Ёсьць частка грамадзтва, якая сказала "не". Ня важна колькі, важна, што гэтая пазыцыя працягвае гучаць», — сказала Ганна Шапуцька, якая выказалася за працяг пікетаваньня.
Сустаршыня БХД Павал Севярынец мяркуе, што варта ў Курапатах прадэманстравала ворагам незалежнасьці гатоўнасьць беларусаў бараніць краіну да апошняга. «Яны пабачылі, што калі супраць рэстарацыі столькі людзей столькі часу гатовыя пратэставаць, дык што будзе пры пагрозе незалежнасьці. Лёгкай прагулкі ім ня будзе». Павал Севярынец таксама выказаўся за працяг варты. Пытаньне, ці працягваць пікеты, Павал Севярынец на галасаваньне сходу вырашыў ня ставіць. «Тут нікога супраць няма», — сказаў палітык.
Пікетоўцы мяркуюць, што праца рэстарацыі ў непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў парушае маральныя нормы, прынятыя ў грамадзтве. За год пікетаваньня рэстарацыі сваю пазыцыю пікетоўцы адстойвалі па-рознаму. У тым ліку не прапускалі прыватныя і грузавыя аўтамабілі, праз што адбываліся здарэньні, спрэчкі і бойкі з наведнікамі. З нагоды падзеяў, зьвязаных з пікетаваньнем, прайшло ўжо некалькі судовых працэсаў, дзесяткі пікетоўцаў былі аштрафаваныя, агульная колькасьць адбытых за пікетаваньне сутак дасягнула сотні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год курапацкай варце. Ці варта яе мадэрнізаваць?Апошнія месяцы пікетаваньне рэстарацыі «Поедем Поедим» адбываецца ў больш мяккім фармаце: пікетоўцы не блякуюць праезд аўтамабіляў на тэрыторыю рэстарацыі, але настойліва распавядаюць наведнікам пра расстрэлы ў Курапатах, прапануюць ім друкаваныя матэрыялы аб падзеях 30-х гадоў і называюць адрасы бліжэйшых рэстарацый.
1 чэрвеня ў пікетаваньні рэстарацыі і сходзе бралі ўдзел больш за 30 актывістаў. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным, як звычайна, вёў відэаздымку, але сходу і варце не замінаў. Паводле Паўла Севярынца ў панядзелак, 3 чэрвеня, арганізатары пікетаў у Курапатах правядуць прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную гадавіне пачатку пікетаваньня і 31 гадавіне адкрыцьця праўды пра Курапаты.
Пасьля сходу ў Курапатах адбылася супольная малітва.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.