Лебядзіная чарада з трох дзясяткаў асобін зьявілася на Грабянёўскім возеры больш за месяц таму. Раней улетку гэтых птушак на вадаёме ня бачылі. Былі выпадкі, калі лебедзі спыняліся тут узімку.
Падзівіцца на лебедзяў прыходзяць шмат людзей. Шмат хто іх корміць.
Эколяг: «Птушкам не хапае будаўнічага матэрыялу, бо людзі выпальваюць траву»
Супрацоўнік таварыства «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сямён Левы мяркуе, што на Грабянёўскае возера зьляцеліся лебедзі, якія не знайшлі сабе пары ці месца для гнездаваньня. Яны аб’ядналіся ў чараду, каб бараніцца ад драпежнікаў.
Эколяг тлумачыць, што для гнёздаў лебедзям патрэбна шмат прыбярэжнага чароту і іншых расьлін, якіх становіцца меней, бо штовясны трава выпальваецца.
«Птушкам не хапае для гнёздаў будаўнічага матэрыялу, і тыя, што не пасьпелі яго назапасіць, вымушаныя праводзіць сэзон без птушанят, адзінцамі», — кажа ён. І дадае, што дынаміка разьвіцьця гэтай зьявы не адсочваецца, таму не выпадае казаць, які адсотак лебедзяў яна закранула.
«Не карміце лебедзяў хлебам!»
Паводле эколяга, тое, што лебедзі працяглы час застаюцца на возеры, сьведчыць, што ім дастаткова корму і няма пагрозаў. Ён зьвяртае ўвагу, што падкормліваць птушак улетку ня варта.
Калі ў некага ўсё ж зьявілася такое жаданьне, то хлебабулачныя вырабы не прыдатныя для гэтага, засьцерагае адмысловец. Такі корм парушае абмен рэчываў у арганізьме птушкі. Найлепшая падкормка — гэта прарослае зерне ці аўсяныя шматкі, высыпаныя каля вады.
Для чалавека вада ў возеры шкодная
Грабянёўскае ці, як яго яшчэ называюць магілёўцы, Сьвятое возера — самае глыбокае на Магілёўшчыне. Углыб сягае 19 мэтраў. Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе.
Ад 2015 году ў возеры забараняюць купацца ў летнюю сьпёку. Забарона трывае і сёлета. Вадаём трэба чысьціць. Паводле прыродаахоўнікаў, на дне за шмат гадоў набраўся двухмэтровы пласт арганічных адкладаў, якія штолета гніюць. Для такіх прац патрабуецца фінансаваньне, якога няма. Некаторыя спэцыялісты вінавацяць у забруджваньні возера птушак, якія гняздуюцца на ім тысячамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У трох абласьцях Беларусі здарыўся мор рыбы