Ад «гэтую ўладу трэба прыбіраць» да «Аляксандар Рыгоравіч, пачуйце нас» — на мітынг сваякоў зьняволеных па антынаркатычным артыкуле сабраліся жанчыны з усёй краіны. Было гучна, шмат сьлёз, але далучацца да мітынгу ніхто не сьпяшаўся нават з простай цікаўнасьці.
«0,026 грама марыхуаны — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму»
«Што такое ў 16 гадоў сесьці на 12 у калёнію?» — пытаюся ў двух падлеткаў, якія спыніліся паглядзець на мітынг у Кіеўскім парку ўдзень 30 траўня.
«Гэта канец», — адказвае адзін зь іх.
На мітынг «Маці-328» сабраліся ў асноўным жанчыны. Чалавек 50. У іх загадзя падрыхтаваныя плякаты і прамовы. Яны добра знаёмыя між сабой па галадоўцы, паходах у Палату прадстаўнікоў і па тым, як суцяшаюць адна адну, абмяркоўваючы справы дзяцей. Гісторыі ў іх збольшага вельмі падобныя.
«Марыхуана! Нічога цікавага, проста пакурыў, — кажа самая прыкметная ўдзельніца пікету. — Я Лена. Сына майго зваць Кіруха. Я жыву ў вёсцы ў Пухавіцкім раёне. У нас шмат дзікарослых канапель. Яны растуць, нікому не замінаюць. Калі пайшла гэтая тэндэнцыя моладзевая, мой сын апынуўся ў такім месцы ў такі час. І сёньня ў яго 9 гадоў. Першы раз ён адбываў пакараньне па першай частцы, бо ў яго было 0,024 грама пры сабе. У яго быў год „хатняй хіміі“. А праз два гады 0,026 грама марыхуаны ў яго знайшлі — трэцяя частка, 9 гадоў».
Калі сын другі раз сеў у калёнію, яму было 25. Тры гады ўжо адседзеў. «Шмат хто мяне папракае, што я яго недагледзела, а я ж і не заўважала нічога. Звычайныя дзеці, хадзілі ў паходы, гралі на гітары. Бабуля ў нас пасьля інсульту, ён за ёй глядзеў. Я не разумею, як з гэтых звычайных хлопцаў зрабіць асабліва небясьпечных злачынцаў».
«Адна моладзь сядзіць, вы паглядзіце — усе 90-х гадоў нараджэньня. Студэнты, спартсмэны... Гэта ж хапун нейкі», — кажа адна з маці. Яе 24-гадовы сын атрымаў 9 гадоў зьняволеньня.
«Мой сын у 40 гадоў толькі выйдзе. Ён на 14 гадоў асуджаны, — падключаецца іншая жанчына. — Ніякага жыцьця ўжо няма».
Жанчыны прынесьлі на мітынг абутак дзяцей. Кажуць, пабачылі такі пэрформанс, які ўшаноўваў памяць ахвяр Гулагу і Галакосту.
«Вы паглядзіце на гэтыя красоўкі, — з плачам кажа жанчына, выварочваючы зношаны абутак. — Я сына страціла. Яму 17 гадоў. А ён 8 гадоў атрымаў! Як у калёнію паехаў, я за гэтыя красоўкі яшчэ крэдыт плаціла! А ён у мяне „наркабарон“».
Заснавальніца і кіраўніца руху «Маці-328» Ларыса Жыхар пацьвярджае: «Дзясяткі тысяч сядзяць у месцах пазбаўленьня волі. Часам прысуды проста несправядлівыя. Тэрміны неадэкватныя. У нас за забойства ідуць меншыя тэрміны, чым за спажываньне марыхуаны».
«Гэтая ўлада не працуе»
Амаль за тры гады дзеяньня дэкрэту № 6, які ўзмацняў адказнасьць за наркатычныя злачынствы, рух сваякоў зьняволеных па 328-м артыкуле ахапіў усю краіну і разросься ў некалькі ініцыятываў. Прадстаўніца руху «Наша права» на мітынгу абвясьціла, што будзе балятавацца ў Палату прадстаўнікоў.
«Прафіляктыкі насамрэч няма. У нас усё толькі „жэстачайша“. Нашы заканадаўцы ў палаце за ўсе гады не напісалі аніводнага закону, які дапамог бы людзям жыць лягчэй. Няма законаў, што падаткі прыбіраем, ЖКГ зьнізім, бэнзін таньнейшы. Але ў нас законы пішуцца толькі на ўзмацненьне жорсткасьці, — кажа яна падчас мітынгу. — Я хачу зьвярнуцца да Ярмошынай (Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК. — РС). Калі былі мясцовыя саветы (выбары. — РС), вы сказалі, што маці асуджаных спрабуюць „улезьці ва ўладу“. Я скажу: так, спрабавалі і будзем спрабаваць. Бо гэтую ўладу трэба прыбіраць. Гэтая ўлада не працуе», — кажа падчас мітынгу Тацяна Канеўская, якая абвясьціла, што зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Падчас мітынгу абмяркоўваюць будучае паседжаньне ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 4 чэрвеня. Тры маці непаўналетніх зьняволеных, асуджаных па 328-м артыкуле, падалі ў суд на МУС, бо палічылі, што вялізныя тэрміны іх дзяцей — вынік адсутнасьці прафіляктыкі. Так, непаўналетні Эміль Астраўко атрымаў 10 гадоў зьняволеньня. Ягоная маці Юлія — сярод тых, хто патрабуе ў МУС кампэнсацыі і перагляду сынавай справы.
«Рэпрэсіўная палітыка не працуе», — прадстаўнік «Легалайз.Беларусь» у сваёй прамове спрабуе патлумачыць, што ў іншых краінах ёсьць розныя падыходы да рэгуляваньня псыхаактыўных рэчываў.
«Калі чалавек спажывае, нарказалежны, то трэба лячыць, а не адпраўляць у турму, — настойвае праваабаронца Алег Воўчак. — А ў нас няма рэабілітацыйных цэнтраў. Калі яны (асуджаныя. — РС) будуць выходзіць, праз гадоў 10 — вы ўяўляеце, калі выйдзе гэтая маса людзей 30-гадовых? Гэта ж ізноў будзе рэцыдыў! Гэта цэлы сацыяльны слой беларусаў».
Воўчак кажа, што ня бачыць, каб па тэлебачаньні вялася актыўная прафіляктычная праца.
«Ніхто ж не тлумачыць, што ў „закладках“ нельга ўдзельнічаць, што няма аніякіх хуткіх заробкаў, бо моладзь жа вядзецца. Гэта і разьлічана на ўцягваньне зусім маладых у злачынную дзейнасьць», — настойвае ён. — Сёньня трэба думаць пра нацыю, што будзе праз 5–10 гадоў. 328 — стаіць перад кожным грамадзянінам. Калі хтосьці думае, што ён пакуль ня ў гэтай тэме, я скажу: «Ад турмы і ад сумы не заракайся». Можна пайсьці зь сяброўкай на дыскатэку, і мы ўжо ведаем, чым гэтая сытуацыя можа абярнуцца«.
«Касяк травы каштуе больш, чым здрада радзіме»
Ларыса Жыгар яшчэ раз настойвае, каб прэзыдэнт зьвярнуў увагу на праблемы «Маці-328».
«Пад прыцэльны агонь наркагандляроў трапляе самая ўразьлівая група — моладзь, у галовы якой сыстэмна ўкладаецца думка пра бяскрыўднасьць і прэстыжнасьць такіх захапленьняў, — кажа яна. — Мы выйшлі на гэты мітынг з важнымі патрабаваньнямі. Мы ня раз прадстаўлялі адрасы крамаў, якія гандлююць наркотыкамі, нумары электронных гаманцоў у розных абласьцях, аднак, як нам патлумачылі ў наркагандлі, гэта вельмі працаёмісты працэс, і зрабіць гэта немагчыма».
Выступ Натальлі Шарыпы даводзіць да сьлёз шмат каго з удзельніц мітынгу.
«Мой сын у 20 гадоў быў асуджаны на 14 гадоў па артыкуле 328. Частка 1-я, бо ў яго знайшлі адзін грам марыхуаны. А частка 4-я ў прысудзе — фраза „нявысушанае рэчыва расьліннага паходжаньня вагой 1 кг і 915 г“. Але гэта быў муляж з травы і цукру. І ён атрымаў 14 гадоў за муляж з травы і цукру».
Маці кажа, што ў дачыненьні да маладых спажыўцоў і дробных распаўсюднікаў прымаюць настолькі жорсткія меры, што ў заканадаўстве ўжо не засталося пакараньня для буйных наркагандляроў. Бо так шмат асуджаных атрымліваюць максымальна магчымыя тэрміны.
«Ёсьць такі чалавек, як мэксіканскі „Карантыш“, арганізатар наркакартэляў. Калі б ён сёньня быў у Беларусі, то па якой частцы яго б судзілі? Гэтаксама на 14 гадоў, як майго сына за траву і цукар?» — пытаецца Натальля Шарыпа.
Натальля кажа, што ў такіх умовах цяжка гаварыць пра патрыятызм і любоў да радзімы. «Касяк травы каштуе больш, чым здрада радзіме, — сьцьвярджае яна. — Вывучыце Крымінальны кодэкс, за здраду радзіме — максымум 15 гадоў. Я часам думаю, што занадта кепска выхавала свайго сына. Ён занадта сумленны, добры, нікому ня здраджваў. Таму ён сядзіць 14 гадоў. Калі б ён навучыўся здраджваць радзіме, гэта каштавала б менш».
Гучыць у прамовах маці і закід, які яны часта чуюць ад праваахоўных органаў: «А вы паглядзіце ў вочы тым маці, чые дзеці загінулі ад наркотыкаў».
«Мне шчыра шкада гэтых дзяцей і гэтых маці, — кажа Натальля Шарыпа. — Але гэтыя вочы я бачу штодня, калі гляджу ў люстэрка. Бо няма іншых маці. Гэта мы — маці, якія губляюць сваіх дзяцей з-за наркотыкаў».
Рэзалюцыю мітынгу агучыў Станіслаў Шашок. Сярод патрабаваньняў:
- «Узгадніць і прыняць пакет паправак у артыкул 328, які доўгі час знаходзіцца на разглядзе Нацыянальнага Сходу РБ.
- Прыняць закон аб амністыі, пад дзейнасьць якога будуць падпадаць асуджаныя па ч.4 артыкула 328. Поўная амністыя для ўсіх непаўналетніх-328 на момант затрыманьня і вызваленьне ўсіх непаўналетніх зьняволеных.
- Стварэньне незалежнай камісіі па пераглядзе крымінальных спраў па 328 артыкуле, перагляд усіх крымінальных спраў і спыненьне ўсіх крымінальных спраў, уключаючы судовую вытворчасьць, для непаўналетніх на момант затрыманьня, у матэрыялах якіх прысутнічаюць фармулёўкі „нявызначаныя асобы, групы“.
- Разьмежаваньне крымінальнай адказнасьці за збыт у залежнасьці ад абʼёму і віду рэчыва. Гэта дазволіць адасобіць дробных распаўсюднікаў ад буйных пастаўшчыкоў і не караць маладых людзей, якія спатыкнуліся, 12-гадовым тэрмінам пазбаўленьня волі. Выключыць з практыкі пакараньне за „побытавы збыт“.
- Увядзеньне панятку „нязначная колькасьць рэчыва“. І адмена крымінальнай адказнасьці за яго захоўваньне для спажывальнікаў. Спажывальнік ня можа лічыцца злачынцам».
Подпісы пад пэтыцыяй маці ставяць ужо пасьля афіцыйнага заканчэньня мітынгу. Тут жа скідаюцца грашыма — хто па 5, хто па 10 рублёў. За 2 гадзіны магчымасьці выказаць свой боль яны мусяць сплаціць менскім уладам 900 рублёў.
З 11 чэрвеня сваякі зьняволеных па 328 артыкуле плянуюць распачаць новую галадоўку ў падтрымку сваіх патрабаваньняў.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.