Каму скардзіцца на чыноўнікаў у Telegram

Свабода працягвае знаёміць вас з самымі цікавымі каналамі ў беларускім Telegram. Гэтым разам у нашай падборцы ніякай палітыкі — толькі грамадзкі актывізм і неабыякавыя беларусы.

«#МотолькоПомоги: Минск»

Канал менскага блогера, фатографа і актывіста Антона Матолькі — пра «болевыя пункты» сталічнай інфраструктуры: пандусы, сьпілаваныя дрэвы, новыя будоўлі ды іншае.

Антону Матольку можна напісаць у канал пра праблему — і, калі пашанцуе, ён дапаможа яе разьвязаць. Цяпер канал мае 3,6 тысячы падпісчыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рэдактар «СБ: Беларусь сегодня» паскардзіўся на telegram-каналы

«Твои возможности | в Беларуси и за границей»

Канал мае больш за 2 тысячы падпісчыкаў і распавядае пра магчымасьці для беларусаў. Валянтэрства, адукацыйныя вандроўкі, праца і магчымасьці павучыцца — усё гэта можна адшукаць тут.

Прапаноў навучыцца нечаму ці павалянтэрыць за мяжой на канале зьяўляецца па некалькі за дзень.

«Велосипедная Беларусь»

Канал распавядае пра роварны рух у Беларусі, асабліва пра спартовыя падзеі. У чаце каналу яго ўдзельнікі арганізуюцца, каб разам пакатацца. Цяпер яго чытаюць больш за 2 тысячы чалавек.

«Горад для гараджан»

Горад расьце, а гэта заўжды новыя будоўлі, а дзе будоўлі — там праблемы і нават канфлікты. Канал распавядае пра праблемы сталіцы: незаконныя навабуды, пратэсты гараджанаў супраць ушчыльненьня, ахову зялёнага дыямэтру і ўсё такое.

Цяпер канал чытае больш за 2 тысячы чалавек.

«Профсоюз РЭП»

Канал незалежнага прафсаюзу РЭП інфармуе пра выпадкі несправядлівасьці на працы ў абсалютна розных галінах і расказвае, як з гэтым змагацца. Таксама аўтары каналу прапануюць прававую падтрымку ці кансультацыю, калі на працы вы сутыкнуліся зь несправядлівасьцю.

Цяпер канал чытае 1161 падпісчык.

«Арт Сядзіба»

Тэлеграм некамэрцыйнай арганізацыі, якая папулярызуе беларускую мову, культуру, запускае грамадзкія ініцыятывы, ладзіць мерапрыемствы.

У канале можна пачытаць пра падзеі, якія арганізоўвае «Арт-сядзіба», паўдзельнічаць у конкурсах, даслаць свае прапановы і ідэі. Цяпер канал чытаюць больш за 800 падпісчыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арт-сядзіба» папрасіла даць ёй грошай праз «Талаку». На што?

«Нет заводу АКБ в Бресте»

Група актывістаў, што выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. У гэтым горадзе ўжо больш за год штовыходныя людзі выходзяць на вулічныя пратэсты супраць будаўніцтва шкоднага, на іх думку, заводу.

У гэтым чаце актывісты арганізуюцца, тут жа паведамляюць апошнія навіны, зьвязаныя з заводам. Канал чытае каля 600 чалавек.

Актывісты вядуць таксама тэлеграм-канал «Свінцовая варта».

«Абарона Курапатаў»

Канал прысьвечаны абароне мэмарыялу Курапаты ад будаўніцтва на мяжы гэтага месца, дзе ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя без суду расстрэльвалі і хавалі людзей. У асноўным тут посьцяць апошнія навіны з варты каля рэстарану «Поедем поедим» побач з мэмарыялам.

На канал падпісана амаль 500 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Смутку не патрэбна добраўпарадкаваньне», — Уладзімер Цэсьлер пра Курапаты

«Вясна / Правы чалавека ў Беларусі»

Канал праваабарончага цэнтру «Вясна» распавядае пра правы чалавека ў Беларусі, пра іх парушэньні і пра тое, як сябе абараніць у выпадку несправядлівасьці з боку ўладаў. Тут жа ўсе апошнія навіны праваабарончай тэматыкі ў Беларусі.

«Ecoidea.by»: чат і канал

Цэнтар экалягічных рашэньняў — грамадзкая арганізацыя, якая займаецца пытаньнямі экалёгіі: ад разьдзельнага збору сьмецьця і высяканьня дрэваў да экалягічных фэстываляў. Яна мае ў Telegram і канал, і чат.

У канале інфармуюць пра тое, як жыць і не нашкодзіць прыродзе, анансуюць мерапрыемствы, публікуюць навіны на экалягічную тэматыку. У чаце — спэцыялісты цэнтру кансультуюць людзей па ўсіх пытаньнях, зьвязаных з экалёгіяй. У чаце амаль 500 карыстальнікаў.

Пра Telegram

Telegram з кожным годам становіцца ўсё мацнейшым палітычным інструмэнтам. Напрыклад, самы вялікі апазыцыйны канал у Расеі «СталинГулаг» мае амаль 400 000 падпісчыкаў. Нядаўна стала вядома імя яго аўтара — гэта 27-гадовы Аляксандар Гарбуноў родам з Махачкалы, хворы на сьпінальную атрафію цягліцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сталінгулаг» раскрыў імя. Хто вядзе самы папулярны расейскі антыпуцінскі блог

У Расеі мэсэнджэр спрабавалі блякаваць, але гэта ня вельмі ўдалося. Тады ўлады пайшлі іншым шляхам, стварыўшы шэраг ананімных палітычных каналаў, якія зьліваюць кампрамат на канкурэнтаў і вядуць інфармацыйныя войны з цэлымі краінамі.

Яскравы прыклад — гісторыя з «інсультам Лукашэнкі», якую запусьціў канал «Незыгарь». Але і беларускім, і расейскім каналам яшчэ вельмі далёка да таго ж Ірану, дзе на каналы апазыцыі падпісаныя мільёны чалавек.