Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч паведаміла Свабодзе, што дала згоду на выкарыстаньне яе твору «Чарнобыльская малітва» для стварэньня сэрыялу HBO «Чарнобыль». Паводле яе быў заключаны адпаведны кантракт.
Сюжэтная лінія з пажарным Васілём Ігнаценкам цалкам узятая зь кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Ігнаценка, якога грае актор Адам Нагайціс, быў у ліку першых, хто прыбыў на тушэньне пажару на чацьвёртым энергаблёку ЧАЭС. У выніку атрымаў сьмяротную дозу радыяцыі і пакутліва памёр у Маскве праз пару тыдняў.
Гісторыя Ігнаценкі — адна з самых шчымлівых у сэрыяле. Сьвятлана Алексіевіч напісала яе паводле доўгіх размоваў з жонкай Людмілай (акторка Джэсі Баклі). У інтэрвію Адам Нагайціс сказаў, што дадатковай інфармацыі пра свайго героя знайсьці было немагчыма з той прычыны, што ў СССР усе зьвесткі пра іх была засакрэчаныя, і адзінай крыніцай была кніга Алексіевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Савецкі рэактар ня можа выбухнуць!» Праўда і міты з сэрыялу «Чарнобыль»Сама Сьвятлана Алексіевіч, якая цяпер знаходзіцца ў Лісабоне, яшчэ не бачыла сэрыялу, але вельмі хоча яго паглядзець. Яна плянуе гэта зрабіць, калі вернецца бліжэйшым часам у Беларусь. Нобэлеўская ляўрэатка паабяцала падзяліцца ўражаньнямі са Свабодай.
Тым часам чэскае выданьне Lidovky.cz у публікацыі пра сэрыял «Чарнобыль» выказала здагадку наконт выдуманага пэрсанажу Ўльляны Хамюк: «Таксама магчыма, што стваральнікі такім чынам робяць камплімэнт пісьменьніцы Алексіевіч, паколькі Хамюк некалькі падобная на яе і таксама паходзіць зь Беларусі».
Амэрыканска-брытанскі міні-сэрыял «Чарнобыль» распавядае пра самую буйную тэхнагенную катастрофу XX стагодзьдзя — выбух на Чарнобыльскай АЭС.
«Чарнобыльская малітва. Хроніка прышласьці» — кніга нобэлеўскай ляўрэаткі, беларускай журналісткі і пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, прысьвечаная аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Алексіевіч у наступныя пяць гадоў пасьля аварыі гутарыла зь пяцьцюстамі сьведкамі аварыі, у тым ліку пажарнымі, ліквідатарамі, палітыкамі, лекарамі, фізыкамі і звычайнымі грамадзянамі. Кніга апісвае псыхалягічную і асабістую трагедыю, якой стала Чарнобыльская аварыя, і дасьледуе ўражаньні людзей, і тое, як аварыя паўплывала на іх жыцьці.
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.