Адзнакі за год — гарачая тэма апошняга тыдня. Сёньня бачыла чатырох хлапцоў — ну такія, з зацятых хуліганаў, паўз такіх увечары хочацца ціхенька і незаўважна прашмыгнуць. Стаяць за вуглом з цыгарэтамі, праз слова мацючкі, але паміж мацюкамі чуецца агульнае, роднае — «нармальна, чо, у мяне па рускаму толькі ў гэтай чвэрці пяцёрка, а так сямёркі, ну...».
Запісныя выдатнікі і «батаны» заўважна расслабіліся: фуф, усё атрымалася. Розныя таленавітыя гультаі бегаюць па кабінэтах, даздаючы па пяць прадметаў адначасова — вядома ж, вясна, усё моцна запушчана, але паднацісьнеш — і выплывеш. Разам з гультаямі носяцца небаракі, дзеці суворых бацькоў — за ўсё, што ніжэй «сямёркі», дома атрымаеш па поўнай, дык трэба дзе выплакаць, дзе выпрасіць, дзе абцугамі выцягнуць запаветную «сем» ці нават «восем» (гэта калі настаўніца жаласьлівая пападзецца).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перед родителями своими 9 июня ржать будете!» Замалёўка з натурыБудучыя мэдалісты маюць бледны выгляд і сьмяротную тугу ў вачах — ім ужо трыста разоў наматалі перад носам за ўсё: і за бездакорныя адзнакі ў чвэрці і за год, і за будучыя экзамэны. Няшчасныя бедачыны наогул блага разумеюць, нашто яны ўвязаліся ў гэты маратон, бо тыя, хто будзе мець высокі бал атэстату, але не будзе мець мэдаля, выглядаюць неяк здаравейшым і раз-пораз нават усьміхаюцца. І толькі тыя, каму пляваць на адзнакі, ходзяць па школе ў ціхамірным спакоі і шчасьлівым чаканьні: хутка лета, тра-ла-ла-ла-ла, быцьцё прыўкраснае, надвор’е цудоўнае, жыць — хораша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я баюся ісьці ў школуСакрамэнтальнае пытаньне апошніх майскіх тыдняў: «А што зрабіць, каб атрымаць "васьмёрку" ("дзевятку", "дзясятку")?» — «Хм... Што зрабіць... Вярнуцца ў верасень, вывучыць усе правілы, зрабіць усе практыкаваньні, напісаць усе кантрольныя... » — «Хі-хі-хі... Ну гэта зразумела... Але каб зараз... Можна, я зраблю якую-небудзь прэзэнтацыю? Ну ці пра Пушкіна раскажу? Чаму ўжо ня трэба? У першай чвэрці Пушкін? Ээээ... Ну тады пра гэтага... Лерманціна? Ці як яго?»
Я заўсёды пытаюся ў дзяцей: слухайце, ну а вы б хацелі прыйсьці да такога доктара, які свае высокія адзнакі ў дыплёме атрымаў за прэзэнтацыю, зробленую на апошнім уроку? Ці хацелася б вам езьдзіць на аўтамабілі, які праектаваў інжынэр з намаляванымі адзнакамі? Нічога, калі да вас прыйдзе настаўнік, які ўсё сваё школьнае жыцьцё выпрошваў «дзявятачкі»? У іх вачах амаль заўсёды — вясёлае неразуменьне: пры чым тут гэта? Пры чым тут нейкі доктар ці інжынэр? Проста мне трэба высокая адзнака, вось і ўсё. І нарэшце, казырны аргумэнт: «Ды мне ўсё роўна. Гэта вы маёй маці скажыце — пра інжынэра. Яна сказала, як не будзе ўсіх дзявятак, дык усё лета буду дома пад замком сядзець».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 адрозьненьняў паміж беларускай і фінскай школаміЦяжка зразумець, каму і навошта патрэбныя намаляваныя, выціснутыя абцугамі, выплаканыя адзнакі. Гэта ж тое самае, што загадаць тэрмомэтру паказваць заўсёды 36.6, а калі не пакажа — строга наказаць таго, каму гэтым тэрмомэтрам нешта вымяралі. «Ага! А як потым паступаць? А бал атэстату?» Госпадзе, ну давайце шчэ паступім куды-небудзь з намаляваным атэстатам. Выпусьцімся праз чатыры гады з намаляваным дыплёмам.
Мы, канешне, збольшага так і робім.
Ну таму ў нас усё і так. Збольшага намалявана. А як калупні якога спэцыяліста — дык адна суцэльная прэзэнтацыя, зробленая на апошнім уроку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.