Улады Смаргоняў вырашылі не вяртаць помнік Леніну на галоўную плошчу пасьля рэстаўрацыі. Свабода прыгадала яшчэ 7 выпадкаў у гісторыі сучаснай Беларусі, якія сьведчаць пра «мяккую дэкамунізацыю». Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывалі «Дажынкі».
1. Помнік Леніну, Смаргоні, 2019
У сярэдзіне красавіка камунальнікі дэмантавалі з цэнтральнай плошчы помнік Леніну, які ад пачатку 1970-х стаяў перад будынкам райвыканкаму. Пазьней дэмантавалі і грувасткі пʼедэстал, паставіўшы на вызваленым месцы вазы-клюмбы.
Спачатку адноўленага правадыра хацелі вярнуць на плошчу да абласных «Дажынак». Але потым улады заявілі, што помнік ня мае каштоўнасьці. Пасьля «касмэтычнага рамонту» яго паставяць у іншым месцы, якое маюць прапанаваць самі смаргонцы.
2. Надпіс «Ленінскі раён». Горадня, 2019
«Зелянгас» плянаваў падчас добраўпарадкаваньня зрабіць у цэнтры гораду надпісы з кветак: «Ленінскі раён» і «Кастрычніцкі раён».
Пад першы надпіс ужо падрыхтавалі месца, зьняўшы дзірван на ўзгорку, дзе стаіць Пабэрнардынскі касьцёл.
Гарадзенцы стварылі пэтыцыю супраць непажаданага добраўпарадкаваньня. За суткі яе падпісала амаль тысяча чалавек. На наступны дзень камунальнікі перадумалі і замянілі надпіс на паласу дэкаратыўных кустоў.
3. Помнік Чапаеву, Горадня, 2019
У лютым гарадзенскія камунальнікі забралі на рамонт помнік Чапаеву, што стаяў побач з абласным судом непадалёк ад цэнтру. Ён пачаў ужо расколвацца і заімшэў.
Першапачаткова яго меліся вярнуць на месца. Аднак гарадзенцы сабралі подпісы, каб Васіля Іванавіча здаць у музэй, а на ягоным месцы ўшанаваць паэта Міхася Васілька, які жыў на гэтай вуліцы.
Улады прыслухаліся прынамсі да першай просьбы гарадзенцаў — адноўлены бюст зойме месца ў музэі.
4. Помнік Леніну, Магілёў, 2018
Летась у красавіку дэмантавалі помнік Ільлічу ў Магілёве перад заводам штучнага валакна. Завод доўгі час быў стратным, потым спыніў працу і быў прызначаны пад знос. Перад гэтым зьліквідавалі і помнік.
5. Помнік Леніну, Бабруйск, 2015
Увесну 2015 году дэмантавалі помнік «правадыру ўсясьветнага пралетарыяту» каля Бабруйскага машынабудаўнічага заводу. Ён стаяў там ад 1963 году, завод насіў імя Леніна.
Улады вырашылі перанесьці скульптуру да бабруйскага санаторыю імя Леніна на ўскрайку гораду, бо каля заводу мянялі ляндшафт.
6. Помнік Леніну, Талачын, 2015
Тут рэвалюцыянэра перанесьлі таксама перад «Дажынкамі», падчас добраўпарадкаваньня. Каб прыняць рашэньне, улады зладзілі абмеркаваньне. У выніку скульптуру перанесьлі з галоўнай плошчы ў сквэр побач з райвыканкамам.
7. Помнік Леніну, Ашмяна, 2012
Калі добраўпарадкавалі цэнтральную плошчу перад «Дажынкамі», вырашылі прыбраць зь яе Ільліча. Улады гэта патлумачылі патрэбай больш рацыянальна выкарыстоўваць прастору для масавых мерапрыемстваў, а таксама — ставіць на месцы былога помніка ёлку на Новы год.
Урэшце Леніна перанесьлі пад будынак суду, за 15 хвілін пешкі ад цэнтру, і зрабілі яму ніжэйшы пастамэнт.
8. Помнік Леніну, Глыбокае, 2012
Помнік Леніну на плошчы 17 Верасьня, які вылучаўся сярод іншых правадыроў крывымі нагамі, дэмантавалі пры добраўпарадкаваньні перад сьвятам беларускага пісьменства ў 2012 годзе.
Замест Ільліча паставілі восем бюстаў славутых жыхароў Глыбокага: Ігната Буйніцкага, Вацлава Ластоўскага, Элізэра бэн-Егуды, Язэпа Драздовіча, Паўла Сухога, Язэпа Корсака, Алеся Дубровіча і Пятра Казлова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ленін быў. 34 гарады і мястэчкі Беларусі, дзе больш няма помніка Леніну