Былы пасол Расеі ў Беларусі Сурыкаў: Бабіч не зразумеў, што галоўны тут — Лукашэнка

Аляксандар Сурыкаў

У інтэрвію «Народнай Волі» былы пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў распавёў, чаму Міхаіл Бабіч не прабыў паслом у Беларусі нават году.

Аляксандар Сурыкаў працаваў на пасадзе пасла Расеі ў Беларусі 13 гадоў, яму на зьмену прыйшоў былы кіраўнік Прыволскай фэдэральнай акругі Расеі Міхаіл Бабіч, які прапрацаваў на сваёй пасадзе толькі 8 месяцаў. Ягоныя дзеяньні ня раз крытыкаваў беларускі МЗС.

«Так склаўся яго лёс. Напэўна, ён так і не зразумеў, хто ў Беларусі галоўны... Справа ў тым, што Бабіч у Расеі быў вялікі начальнік, кіраўнік цэлага акругі, Прыволскай. А Беларусь — гэта сувэрэнная, самастойная дзяржава, а не Прыволская фэдэральная акруга. Вось гэта галоўнае, што Бабіч так і не зразумеў», — сказаў Сурыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прышэсьце і адкліканьне амбасадара Бабіча, які абвастрыў расейска-беларускія дачыненьні

І дадаў, што галоўны ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка, а іншыя краіны і паслы мусяць гэта разумець.

«Пасол — гэта не кароль. У вас ёсьць свой кароль, які называецца прэзыдэнт. І ён у Беларусі галоўны, а не пасол Расейскай Фэдэрацыі. Ня Сурыкаў галоўны, ня Бабіч, ня наступны пасол, які прыедзе. Галоўны ў Беларусі — прэзыдэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І гэта павінен разумець не толькі расійскі, але і ўсе іншыя паслы», — дадаў Аляксандар Сурыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «бітве за Бабіча» Лукашэнка перамог. Але што ён за гэта паабяцаў Пуціну?

​Падчас апошняга пасланьня да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў Міхаіла Бабіча. Гэта здарылася падчас пытаньня дэпутаткі Ганны Канапацкай і размовах пра будаўніцтва Астравецкай АЭС. Тады Лукашэнка сказаў, што Бабіч працуе не на карысьць расейска-беларускіх стасункаў. Праз некаторы час Міхаіла Бабіча адклікалі з пасады пасла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі патлумачылі, з чым зьвязанае адкліканьне Бабіча