Неабходнасьці ў стварэньні вышэйшай навучальнай установы для падрыхтоўкі кадраў IT-галіны няма. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Касьпяровіч, паведамляе БелТА.
Паводле Касьпяровіча, у краіне ёсьць амаль 20 унівэрсытэтаў, якія пасьпяхова рыхтуюць IT-спэцыялістаў. Дадаткова разьвівацца спэцыялістам дапамагае Парк высокіх тэхналёгій.
Сяргей Касьпяровіч запярэчыў аргумэнту, што праграмы клясычных унівэрсытэтаў не пасьпяваюць за хуткім разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгій.
«На самой справе ўсё можна зьмяняць хутка, у тым ліку зьмест адукацыі», — сказаў ён.
Затое ў міністэрства ёсьць ідэя стварыць асобны каледж IT-профілю. Цяпер сярэднія спэцыяльныя ўстановы адукацыі штогод рыхтуюць каля 2 тысяч айцішнікаў. І гэтыя выпускнікі, паводле прадстаўніка Мінадукацыі, таксама запатрабаваныя на рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра ІТ-краіну: «Ня трэба перад сабой вывешваць гэтую цыфравізацыю ды іншыя паняцьці, мацерныя і нямацерныя»