Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Forbes назваў топ-30 маладых IT-прадпрымальнікаў Эўропы. Зь іх два — беларусы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Часопіс Forbes склаў чарговыя рэйтынгі «30 да 30», у якіх згадвае самых пасьпяховых маладых людзей у сфэрах культуры, фінансаў, мэдыя, навукі, спорту, тэхналёгіяў і іншага. У тэхналягічны разьдзел трапілі два чалавекі родам зь Беларусі.

Кірыл Трамбавольскі — сузаснавальнік стартапу Behavox, якая, як адзначае Forbes, называе сябе «кампаніяй аналітыкі людзей». Штучны інтэлект, распрацаваны кампаніяй, зьбірае і апрацоўвае розныя зьвесткі, каб выкрыць патэнцыйныя праблемы ў калектыве, ад эфэктыўнасьці працы да ўнутраных пагрозаў. На сайце кампаніі сьцьвярджаецца, што ейны прадукт лёгка інтэгруецца з электроннай поштай і нават галасавымі камунікацыямі.

Кампанія мае больш за 70 працаўнікоў, офісы ў Лёндане, Нью-Ёрку (дзе жыве колішні мянчук Трамбавольскі) і Сынгапуры (у інтэрнэце знаходзяцца таксама вакансіі кампаніі ў Санкт-Пецярбурзе). Інвэстыцыі ў кампанію ўжо перавысілі 21 млн даляраў (пісалі нават пра 70 млн). Кампанію называлі адным з самых хуткіх у росьце бізнэсаў Вялікай Брытаніі.

Міхаіл Румянцаў — заснавальнік і генэральны дырэктар FriendlyData, якая выкарыстоўвае апрацоўку жывой мовы для спрашчэньня пошуку ў базах зьвестак. Сьцьвярджаецца, што дзякуючы машыннаму навучаньню сыстэма разумее запыты нават такога карыстальніка, які ня ведае, як зладжаная база зьвестак, можа папраўляць памылкі карыстальніка.

У кастрычніку беларускі «стартап году» (такім яго ў 2017-м назваў партал dev.by) купіла буйная кампанія ServiceNow. Сэрвісам FriendlyData карыстаюцца ў тым ліку ў Wargaming, у стартап уклаліся больш як на мільён даляраў 12 розных інвэстараў, ён быў удзельнікам праграмы Grow with Google.

Раней Forbes згадваў у падобных сьпісах і іншых беларусаў: напрыклад, называў беларускую «айцішніцу» Любоў Пашкоўскую (кампанія Verv) у топ-50 тэхналягічных прадпрымальніцаў Эўропы, распрацоўшчыка відэагульняў Андрэя Максімава (кампанія Naughty Dog) — у ліку 30 зорных прадстаўнікоў індустрыі распрацоўкі кампутарных гульняў, таксама ў «30 да 30» згадвалі распрацоўшчыкаў праграмы MSQRD Сяргея Ганчара і Яўгена Няўгеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG