Таварыства беларускай культуры ў Літве 1 чэрвеня ладзіць у Вільні пратэст супраць Астравецкай атамнай электрастанцыі. Як адзначаюць арганізатары, пратэст дазволены гарадзкімі ўладамі.
На старонцы Таварыства беларускай культуры ў Літве гаворыцца:
«Мы супраць Астравецкай атамнай станцыі. Мы ня хочам іншы Чарнобыль за 40 км ад Вільні. Вось чаму мы выйдзем яшчэ раз на вуліцы Вільні ў акцыі, якая прымусіць вас ўспомніць, чым быў Чарнобыль. Вільня — гэта не мёртвы горад Прыпяць. Так?»
Праект Беларускай АЭС, якая будуецца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі, ад самага пачатку яго рэалізацыі выклікаў жорсткую крытыку Літвы. У 2017 годзе літоўскі сойм прыняў закон, згодна зь якім БелАЭС прызнана пагрозай нацыянальнай бясьпецы краіны. Літоўскі ўрад ня мае намеру купляць электраэнэргію з атамнай станцыі і плянуе перашкаджаць спробам экспарту электраэнэргіі зь БелАЭС ў Эўразьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі актор сэрыялу «Чарнобыль»: «Паклікалі на ролю правай рукі прафэсара, а стаў галоўным лекарам»7 траўня прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў той час, калі рыхтуецца да запуску Астравецкая АЭС, немагчымае. Паколькі такім чынам Літва прызнала б законнасьць гэтай электрастанцыі і страціла б магчымасьць патрабаваць яе закрыцьця.
«Любая згода на ўдзел і стварэньне сумесных інстытутаў будзе азначаць легітымацыю Астравецкай АЭС, — цытавала словы прэзыдэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце агенцтва DELFI. — Гэта азначала б, што мы зьвязваем свае рукі, і мы не зможам патрабаваць, каб Беларусь закрыла гэтую электрастанцыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сэйме Літвы прайшлі слуханьні па Беларусі: гаварылі пра АЭС, Лукашэнку і Каліноўскага