Што Лукашэнка схаваў у пасланьні вэртыкалі перад выбарамі

Выбарчая кампанія «будзе праведзена ва ўжо традыцыйным для Беларусі ключы».

Сьцісла

  • Перад выбарамі ўлады моцна напружваюцца, хоць ніякіх вонкавых падстаў для трывогі няма.
  • Беларускія чыноўнікі даўно прызвычаіліся лавіць патаемны, зашыфрованы сэнс выказваньняў Лукашэнкі.
  • Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў вызначальную ролю ўладаў у правядзеньні выбараў.
  • Стабільнасьць — гэта маркер, які дакладна аддзяляе «сваіх» ад «чужых».

17 траўня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб арганізацыі будучых выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Нарада вялікая, з удзелам ня менш як 20 чалавек. Звычайна так шмат чыноўнікаў не зьбіраецца нават пры абмеркаваньні больш важных тэмаў. Да выбараў прыкладна паўгода. Звычайна прэзыдэнцкі ўказ аб іх правядзеньні зьяўляецца за 3, магчыма, 4 месяцы да іх пачатку. То бок — да кампаніі ўлады рыхтуюцца вельмі загадзя. За дзень да таго, 16 траўня, падчас прызначэньня новых чыноўнікаў на адказныя пасады, Лукашэнка таксама гаварыў пра выбары.

І ўсё гэта на першы погляд выглядае трохі дзіўна. Рэальных выбараў няма, здаецца, ніякіх пагроз існаму рэжыму не відаць нават на гарызонце. Парлямэнт у беларускай палітычнай сыстэме ня грае ніякай ролі. Тым ня менш улады ўжо стаяць на вушах. Чаго раптам?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў тры ўмовы выбраньня ў Нацыянальны сход

Па-першае, выбары, якія б яны ні былі, ажыцьцяўляюць фармальную легітымацыю ўлады. Таму з савецкіх часоў існуе традыцыя ставіцца да іх правядзеньня максымальна ўважліва.

Па-другое, думаю, улады адчуваюць моцнае падзеньне даверу насельніцтва да дзяржаўных органаў. Магчыма, ёсьць нейкія закрытыя сацыялягічныя апытаньні. Таму і напружваюцца.

Цікава было б даведацца, ці ёсьць розьніца паміж тым, што Лукашэнка казаў пра будучыя выбары перад тэлекамэрамі, і ягонымі ўказаньнямі, зробленымі ў закрытым фармаце. Але я не зьдзіўлюся, калі асаблівай розьніцы і няма. Проста беларускія чыноўнікі даўно прызвычаіліся лавіць патаемны, зашыфраваны сэнс ягоных выказваньняў. Бо доўгая школа двухдумства прывучыла здагадвацца пра схаваны сэнс словаў. Вось кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава заявіла журналістам па выніках нарады, што выбарчая кампанія «будзе праведзена ва ўжо традыцыйным для Беларусі ключы». І ўсім усё зразумела, ня трэба нічога нікому дадаткова тлумачыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як лідэра БНФ Зянона Пазьняка не прапусьцілі ў Вярхоўны Савет

Ці вось напрыклад, чаму Лукашэнка трымае на сваёй пасадзе, не адпускае на пэнсію вэтэрана беларускай палітыкі — старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну (22 гады службы)? Бо яна сымбаль, знак, сыгнал усёй вэртыкалі, што ўсё як звычайна, нічога не мяняецца. Бо калі б яе памянялі, то давялося б дадаткова нешта тлумачыць. А так, калі яна, гарант стабільнасьці і нязьменнасьці вынікаў выбараў, на сваім месцы, то ўсе ведаюць, як іх трэба праводзіць.

Тым ня менш у некаторых фразах Лукашэнкі на нарадзе прагучалі закадаваныя пасланьні выканаўчай вэртыкалі. Вось, напрыклад, Лукашэнка некалькі разоў падкрэсьліваў манапольную ролю дзяржаўных органаў у правядзеньні выбарчай кампаніі: «Тут хаваць няма чаго: без улады на месцах выбары будзе правесьці ня тое што цяжка — немагчыма. Мы ніколі не хавалі гэтага і хаваць ня будзем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым цікавы Беларусі досьвед перамогі Зяленскага

Здавалася б, чаму раптам гэта трэба хаваць? А справа ў тым, што Лукашэнка інтуітыўна, падсьвядома адчувае, у чым палягае галоўнае прынцыповае адрозьненьне беларускіх выбараў ад сапраўдных свабодных выбараў. Аксіёма дэмакратычнай выбарчай кампаніі — нэўтралітэт дзяржаўных інстытутаў, іх неўмяшаньне ў барацьбу розных кандыдатаў і палітычных сіл. У Беларусі ж органы ўлады — галоўны актор на выбарчай сцэне. На забесьпячэньне патрэбнага выніку працуе ўся дзяржаўная машына. Апанэнтам улады перамагчы дзяржаўную машыну немагчыма ў прынцыпе. Калі раней дзяржава супрацьстаяла палітычнай апазыцыі, то цяпер, па меры страты давару насельніцтва да ўлады, яна супрацьстаіць грамадзтву. І звышзадача ўладаў — правесьці выбары саміх сябе пры захаваньні народу ў ролі масоўкі. Як ні дзіўна, ужо шмат гадоў тое ўдаецца. Вось якраз гэта неяк хацелася б схаваць.

Ці вось яшчэ адно закадаванае пасланьне: «Парлямэнт павінен стаць дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі палітычнымі поглядамі, якія пры гэтым падзяляюць галоўныя прынцыпы: незалежнасьць краіны, стабільнае разьвіцьцё і рост дабрабыту беларускага народу».

Здавалася б, хто ж можа быць супраць такіх добрых прынцыпаў? Напэўна, і апазыцыя — «за». Нейкі замежнік наўрад ці ўбачыць тут падвох. Толькі людзі, добра абазнаныя ў беларускай палітыцы, заўважаць той маркер, які ўстаўлены ў гэтую фразу і дакладна аддзяляе «сваіх» ад «чужых». Ключавое слова тут — «стабільнасьць». У беларускім палітычным лексыконе гэта азначае незьмяняльнасьць дзейнага палітычнага рэжыму на чале зь яго кіраўніком.

А ў астатнім усё добра, прыўкрасная маркіза.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.