Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала на сваім сайце паведамленьне з абурэньнем з нагоды вывешваньня вясёлкавага сьцяга на амбасадзе Вялікай Брытаніі ў Менску.
Паводле міністэрства, гэты сьцяг — сымбаль «людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй». 17 траўня, калі ў сьвеце адзначаецца Дзень барацьбы з гамафорбіяй, «прыхільнікі аднаполых стасункаў вызначылі для сябе нейкай сьвяточнай датай», піша МУС, а для Беларусі гэты дзень «не зьяўляецца значным».
МУС сьцьвярджае, што ахоўвае каштоўнасьці мацярынства, дзяцінства і інстытут сям’і, а «штучнае разьдзьмуваньне тэмы аднаполых стасункаў дэструктыўнае, парушае нормы маралі, вядзе да росту злачынстваў сэксуальнага характару ў дачыненьні да дзяцей».
Ніякіх доказаў сувязі пэдафіліі з ЛГБТ-супольнасьцю МУС не прыводзіць. Дасьледаваньняў, у якіх паказвалася б сувязь колькасьці выпадкаў пэдафіліі і публічнай актыўнасьці ЛГБТ-супольнасьці, у сьвеце не публікавалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка Вялікай Брытаніі далучылася да крытыкі вядоўцы БТ за гамафобныя намёкіАўтар цяперашняй заявы на сайце МУС не напісаны. Але летась МУС таксама публікавала заяву супраць аналягічнай акцыі брытанскай амбасады, і аўтарам той заявы называлі асабіста міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. На сайце МУС сьцьвярджалася, што «аднаполыя стасункі — гэта падробка». Тады Шуневіч казаў, што палічыў вывешваньне сьцяга «прапагандай таго ладу жыцьця, які для нас непрымальны».
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей летась ня стаў крытыкаваць Шуневіча, але заявіў, што перад такімі заявамі «трэба думаць пра наступствы», а Эўразьвязу пажадаў не «навязваць тыя ці іншыя рэчы, якія ўжо даўно ўстаяліся ў нейкіх краінах».
Шуневіч пазьней заявіў, што ў функцыі ягонага ведамства нібыта ўваходзіць таксама «ахова маральнасьці» (гэта не замацавана прынамсі ў публічных праўных актах).
МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам
- 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
- Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
- У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».