Аляксандар Лукашэнка 17 траўня выступіў на нарадзе аб арганізацыі будучых выбараў у Палату прадстаўнікоў (ладзяцца агульныя выбары) і Савету Рэспублікі (сэнатараў прызначаюць мясцовыя саветы і прэзыдэнт).
Як перадае БелТА, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «парлямэнт мае стаць дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Пры гэтым дэпутаты, сказаў ён, мусяць падзяляць прынцыпы:
- незалежнасьці краіны;
- стабільнага разьвіцьця;
- росту дабрабыту беларускага народу.
На яго думку, дэпутаты мусяць быць экспэртамі з розных галінаў, «прафэсіяналамі зь дзяржаўным мысьленьнем», адданымі краіне.
З папярэдняга складу, мяркуе Лукашэнка, у новым скліканьні «будзе месца» толькі тым, хто «выканаў перадвыбарчыя абяцаньні, змог наладзіць дзейную сувязь з выбарнікамі, карыстаецца ў іх рэальнай падтрымкай і даверам».
Як Лукашэнка ўплывае на склад Нацыянальнага сходу
Нацыянальны сход Беларусі, які выконвае функцыі парлямэнту, складаецца зь ніжняй палаты (Палаты прадстаўнікоў) і верхняй (Савету Рэспублікі). Нацыянальны сход існуе з 1997 году — пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет Беларусі і прызначыў у Нацыянальны сход ляяльных яму дэпутатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 забытых фактаў пра беларускую Канстытуцыю. Куды зьніклі яе аўтары і чаму Лукашэнка мае царскія паўнамоцтвыФармальна Лукашэнка ня мае ўплыву на выбары ў Палату прадстаўнікоў. Выбары ў ніжнюю палату ўсеагульныя (110 дэпутатаў выбіраюць у мажарытарных акругах), чальцоў Савету Рэспублікі прызначаюць бяз выбараў (мясцовыя саветы прызначаюць па 8 сэнатараў ад кожнай вобласьці і Менску, яшчэ 8 прызначае Аляксандар Лукашэнка).
Але ў першыя пяць скліканьняў Нацыянальнага сходу амаль не траплялі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў. У другім скліканьні ў палату прадстаўнікоў прайшлі два дэпутаты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у 2002–2004 гадах была апазыцыйна настроеная дэпутацкая група «Рэспубліка» з 6–12 дэпутатаў. У шостае скліканьне Палаты прадстаўнікоў трапілі дзьве апазыцыйныя дэпутаткі (беспартыйная Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая). У мясцовых саветах адсотак апазыцыянэраў яшчэ меншы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына прапанавала мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаўЦяпер Лукашэнка казаў, што выбары павінны быць справядлівымі, прайсьці «на высокім узроўні» і «без надуманых абмежаваньняў». Але ўсе ранейшыя выбары ў Палату прадстаўнікоў (як і ўсе прэзыдэнцкія пасьля 1994 году) не прызнаваліся заходнімі краінамі справядлівымі і дэмакратычнымі, праходзілі са шматлікімі парушэньнямі
.
Калі будуць выбары
Лукашэнка раней заяўляў, што бачыць найлепшай датай парлямэнцкіх выбараў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — 7 лістапада. Зь ім не пагаджалася старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, бо гэты дзень не нядзеля, калі традыцыйна праводзяцца выбары, а чацьвер.
17 траўня Лукашэнка сказаў пра дату выбараў менш упэўнена: «Іх прапануецца правесьці ў лістападзе сёлета, з аптымальнымі датамі мы вызначымся неўзабаве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мусяць прайсьці як сьвята». Лукашэнка заявіў пра два гады выбарчых кампаніяў