Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чальцы Палаты прадстаўнікоў працаўладкоўваюцца на новых пасадах. Іхняе дэпутацтва могуць істотна скараціць


Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, архіўнае фота
Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, архіўнае фота

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных дачыненьнях і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч папрасіў вызваліць яго ад абавязкаў старшыні камісіі. Гэта адбылося на яе пасяджэньні 13 траўня.

Як дазналася Свабода, матыў ягонага ўчынку — пераход на іншую працу. 55-гадовы дэпутат, які ўжо другую кадэнцыю запар ачольвае камісію, цяпер будзе кіраваць сакратарыятам Палаты прадстаўнікоў. Гэтае месца стала вакантным пасьля таго, як выйшла на пэнсію Галіна Юрэвіч.

19 красавіка ў штогадовым пасланьні да беларускага народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка прапанаваў правесьці парлямэнцкія выбары 7 лістапада 2019 году. Прэзыдэнцкія выбары ён прапанаваў правесьці ў 2020 годзе. Гэта азначае скарачэньне тэрміну паўнамоцтваў дзейнай Палаты прадстаўнікоў прыкладна на 10 месяцаў. Цяперашнія дэпутаты пачынаюць шукаць сабе новыя месцы працы.

У размове са Свабодай Андрэй Навумовіч пацьвердзіў, што ён зьмяняе пасаду.

«Але дэпутатам я застануся. Буду працаваць, як і раней, па поўнай праграме, рэгулярна наведваць сваю Лідзкую акругу № 55. А на пасадзе старшыні камісіі мяне заменіць хтосьці з маіх калегаў-дэпутатаў, бо кіраваць сакратарыятам і камісіяй адначасова ня хопіць часу».

Спадар Навумовіч паведаміў, што ён па-ранейшаму застаецца кіраўніком працоўнай групы дзеля вывучэньня праблематыкі сьмяротнага пакараньня, якая створаная ў Нацыянальным сходзе. Дэпутат дадаў, што на 30 траўня ў Менску заплянаваная вялікая канфэрэнцыя па гэтым пытаньні пад эгідай Рады Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG