Усё часьцей беларускія мытнікі затрымліваюць сынтэтычныя наркотыкі.
Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько паведаміў пра рост кантрабанды наркатычных сродкаў празь беларускую мяжу:
«Колькасьць наркотыкаў, якія затрымліваюць на нашай дзяржаўнай мяжы, з кожным годам не скарачаецца, а нарастае. Фактычна такія затрыманьні робяцца штодня».
Паводле Юрыя Сянько, амаль усе транзытныя наркотыкі скіраваныя ў бок Расеі.
Паводле ягоных слоў, павялічваюцца ня толькі колькасьць спробаў перавезьці наркатычныя сродкі, але і іх аб’ёмы і асартымэнт. Усё часьцей мытнікі затрымліваюць сынтэтычныя наркотыкі.
Што тычыцца ўвозу ў Беларусь, то тут фіксуецца рост спробаў завезьці лекі, у склад якіх уваходзяць псыхатропныя рэчывы.
«Гэта ня тыя адзінкавыя выпадкі, калі людзі купляюць лекі за мяжой для сябе, часта нават ня ведаючы пра іх псыхатропныя складнікі. Усё часьцей у Беларусь вязуць камэрцыйныя партыі падобных лекаў», — заявіў старшыня Мытнага камітэту ў інтэрвію журналістам у кулюарах Палаты прадстаўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскія мытнікі затрымалі расейку з больш як 100 кг экстазі. Відэа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь зноў спрабавалі правезьці тры цэнтнэры гашышу