Пасьля зьяўленьня ў СМІ фота меркаваных надзвычайных здарэньняў на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце, запуск якога выклікаў пратэсты месьцічаў, кіраўніцтва прадпрыемства распарадзілася забараніць работнікам здымкі мабільнымі тэлефонамі. Копію распараджэньня «Аб узмацненьні інфармацыйнай бясьпекі» перадалі Свабодзе чытачы.
На дакумэнце стаіць подпіс генэральнага дырэктара ААТ «Сьветлагорскі ЦКК» Юрыя Крука.
«У мэтах мінімізацыі рызыкі, зьвязанай з распаўсюджваньнем непраўдзівай інфармацыі, выключэньня несанкцыянаванай фота- і відэаздымкі, а таксама для забесьпячэньня інфармацыйнай бясьпекі абавязваю забараніць работнікам камбінату ажыцьцяўляць фота- і відэаздымку аб’ектаў і тэхналягічных працэсаў на тэрыторыі прадпрыемства з дапамогай фота- і відэаапаратуры, а таксама мабільных тэлефонаў», — пастанавіла кіраўніцтва камбінату.
Кіраўнікам структурных адзінак даручана забараніць праносіць мабільныя тэлефоны ва ўсе памяшканьні тэхналягічных установак, дзе ажыцьцяўляецца кантроль за абсталяваньнем і тэхналягічным працэсам.
Некаторым работнікам у межах іх кампэтэнцыі будзе дазволена здымаць. Іх уключаць у адмысловы сьпіс.
За невыкананьне патрабаваньняў работнікаў пагражаюць прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці і пазбавіць «выплат стымулюючага характару».
Выкананьне распараджэньня будуць правяраць работнікі ўпраўленьня бясьпекі, аддзелаў кадраў, агульных пытаньняў, аховы працы, эканамічнай бясьпекі і аналізу.
Забарона — рэакцыя на фота здарэньняў на камбінаце?
Новая вытворчасьць беленай цэлюлёзы на Сьветлагорскім ЦКК рыхтуецца да запуску ўвосень. Жыхары райцэнтру і навакольных вёсак са сьнежня 2017 году скардзяцца на смурод і шкодныя выкіды з кітайскага заводу.
У СМІ трапляюць здымкі розных надзвычайных здарэньняў на новым заводзе. Узімку на тэрыторыі прадпрыемства здарыўся выкід бруду і пены з ачышчальных збудаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бруд і пена з ачышчальных збудаваньняў выцеклі на тэрыторыю «сьмярдзючага заводу» пад Сьветлагорскам14 траўня зьявіліся здымкі імавернай аварыі на заводзе беленай цэлюлёзы. Па сьведчаньнях работнікаў заводу, на адным з цэхаў абваліўся дах.
Гэтую інфармацыю ў канцэрне «Белляспаперпрам» зьняпраўдзілі. Прэсавая сакратарка канцэрну Ружэна Навіцкая запэўніла карэспандэнта Свабоды, што на заводзе «нічога не абвалілася».
«Вядуцца звычайныя плянавыя працы па замене сэндвіч-панэляў. Ніякіх надзвычайных сытуацый там не адбылося», — сказала прадстаўніца канцэрну.
Праваабаронца Алена Масьлюкова выказалася ў камэнтары Свабодзе, што дырэктыва пра забарону здымаць — рэакцыя на зьяўленьне ў СМІ здымкаў надзвычайных здарэньняў на новым заводзе.
«Да нас даходзіць інфармацыя, што аўтараў здымкаў шукаюць і абяцаюць пакараць, звольніць. У тым ліку і тых, хто днямі зрабіў і выклаў у інтэрнэт здымкі абрушэньня даху. Кіраўніцтва ЦКК, замест таго каб рашаць праблемы з заводам, закрывае людзям рот», — пракамэнтавала праваабаронца.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).